ОфициальноПроисшествияСоциум

Безнаяўныя разлікі – гэта здорава

терминалЗ мэтай пашырэння і папулярызацыі безнаяўных формаў разлікаў і сістэмы АРІП на Лунінеччыне прайшоў навучальны семінар.

Адкрываючы мерапрыемства, начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Уладзімір Кавалевіч вярнуўся ў, здавалася б, у недалёкія часы, калі пластыкавая картка для многіх жыхароў рэгіёна была дзівам. Аднак скептычны настрой і недавер у лунінчан прайшлі вельмі хутка. Людзі ацанілі перавагі безнаяўных разлікаў. Сёння ж магчымасці пластыкавай карткі сталі яшчэ большымі. І ўсё гэта, дзякуючы ўкараненню з 2008 года сучаснай сістэмы “Разлік” (АРІП), да якой  паэтапна падключыліся Лунінецкая і Мікашэвіцкая ЖКГ, Водаканал, сувязісты, энергетыкі, кабельнае тэлебачанне і аддзел адукацыі. Аднак, улічваючы, што на тэрыторыі раёна знаходзіцца шмат арганізацый, якія займаюцца прадастаўленнем платных паслуг, інфармацыйная прастора безнаяўных разлікаў асвойваецца слаба.

Аналіз стану безнаяўных разлікаў у гандлёвых кропках Лунінеччыны, паказвае,  што толькі 45 працэнтаў магазінаў абсталяваны плацёжнымі тэрміналамі. За  5 месяцаў з выкарыстаннем пластыкавай карткі здзейснена толькі 8,9 працэнта ўсіх плацяжоў. Самы высокі працэнт удзельнай вагі безнаяўных плацяжоў даводзіцца на ПП “Дэля” – 14,7, магазін  “Медтэхніка” – 13,6, “Фірменны гандаль” – 13,5, “Брэстабутакгандаль” – 13,4 працэнта. У сістэме спажывецкай кааперацыі гэты паказчык знаходзіцца на ўзроўні 9,9 працэнта. Прычым, вышэй ён на аб’ектах, размешчаных у гарадах. Недахоп тэрміналаў адчуваюць гандлёвыя кропкі ў сельскай мясцовасці, мала выкарыстоўваюць іх  раённы вузел паштовай сувязі, хлебазавод, філіял “Грамадскае харчаванне”.  На неабходнасць павелічэння долі безнаяўных плацяжоў райвыканкам не раз звяртаў увагу кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія займаюцца рэалізацыяй тавараў і паслуг. На жаль, не ўсе з іх разумеюць важнасць гэтага пытання. Патрэбу ў тэрміналах на тым ці іншым аб’екце часам дыктуе сам спажывец. Дастаючы пластыкавую картку, ён нібы вымушае прыняць яе ў выглядзе плацёжнага сродку.

Аб тым, што сістэма безнаяўных разлікаў – з’яўляецца прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі, адным са шляхоў паляпшэння жыцця насельніцтва і ў той жа час важным фактарам забеспячэння фінансавай стабільнасці дзяржавы нагадаў прысутным у сваім выступленні начальнік эканамічнага ўпраўлення ДУ Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці Сяргей Міранчук. Ён адзначыў, што слабым звяном у грашова-крэдытнай палітыцы вобласці з’яўляецца паказчык безнаяўных разлікаў. Тут Брэстчына значна адстае ад іншых рэгіёнаў краіны. Хаця ў вобласці створаны добрыя ўмовы  для выкарыстання пластыкавай карткі: устаноўлены 484 банкаматы, 475 інфакіёскаў, 8 тысяч плацёжных тэрміналаў, выдадзена 1 мільён 300 тысяч картак. І ўсё ж, сістэма безнаяўных разлікаў на Лунінеччыне выглядае горш, чым у іншых раёнах Брэстчыны. На 70 тысяч жыхароў даводзіцца толькі 48,5 тысячы картак. У выніку вельмі нізкая нагрузка на адзін банкамат. Неабходна забяспечыць карткамі ад 85 да 90 працэнтаў насельніцтва, а гэта дадаткова 14 тысяч штук.

Вызначаючы рэзервы для развіцця сеткі тэрміналаў дакладчык назваў сферу грамадскага харчавання, гандлю, бытавых паслуг, транспарту, аўтазаправачныя станцыі, аддзяленні сувязі, павільёны “Белсаюздруку”.

Адзначыў ён і тое, што  не ўсюды створаны неабходныя ўмовы для безнаяўных разлікаў. Павысіць іх узровень дапаможа аптымізацыя размяшчэння плацёжнага абсталявання і павышэнне фінансавай адукаванасці насельніцтва. Апошняе – пярвейшая задача банкаў. Сёння 15 працэнтаў трымальнікаў плацёжных картачак карыстаюцца толькі паслугамі па зарплаце, 6 працэнтаў ведаюць аб інтэрнэт-банкінгу і толькі 3 працэнты карыстаюцца яго паслугамі. Неабходна пераконваць людзей, што ім вельмі выгадна  мець на руках пластыкавую картку, з дапамогай якой, не выходзячы з дому можна ажыццявіць шэраг  плацяжоў.

Што датычыць прадпрыемстваў і арганізацый, якія займаюцца рэалізацыяй тавараў і паслуг, то зараз прыйшоў час, калі яны проста абавязаны ўстанаўліваць тэрміналы. Больш падрабязна аб гэтым расказаў галоўны дзяржаўны падатковы інспектар ІМНС па Лунінецкім раёне  Аляксандр Ванюк.

Аб магчымасцях выкарыстання пластыкавых картак, іх відах і прывілеях для трымальнікаў паведамілі прадстаўнікі ААТ “”АСБ “Беларусбанк” Наталля Шахрай і “Белаграпрамбанк” – На-дзея Максімовіч.

С.В. Міранчук падрабязна спыніўся на перавагах і ўмовах падключэння арганізацый да адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы для аплаты паслуг праз банкі, небанкаўскія фінансава-крэдытныя арганізацыі, арганізацыі паштовай і электрасувязі. Створана сістэма ў мэтах паляпшэння якасці  абслугоўвання насельніцтва па плацяжах, забеспячэння магчымасці  аплаты камунальных і іншых паслуг з любой кропкі свету праз банкаматы, інфакіёскі, інтэрнэт-банкінг. Зараз настаў час, калі працэс падключэння да АРІП ужо не спыніць. Кожны месяц да яе падключаюцца новыя арганізацыі. Менавіта тэрміны падключэння, якія вагаюцца ад двух тыдняў да двух месяцаў і выклікалі пытанне з залы. Прадстаўніка ЖБК непакоілі і жорсткія рамкі, у якія будзе пастаўлена арганізацыя пасля скасавання прамога дагавора з банкам, і тое,  на каго лягуць выдаткі за абслугоўванне безнаяўных плацяжоў. Начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Уладзімір Кавалевіч запэўніў, што ўсе пытанні будуць урэгулёўвацца так, каб пераход на новую сістэму стаў не такім балючым. У той жа час кіраўнікі арганізацый, якія аказваюць гандлёвыя і платныя паслугі, у тым ліку і ЖБК,  павінны зарэгістравацца ў АРІП як мага хутчэй.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть