Официально

Як прайшоў Дзень адкрытага пісьма ў Дзятлавічах?

Анатоль Насеня аказаўся адзіным з кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, хто пажадаў у рамках “Дня адкрытага пісьма” сустрэцца з насельніцтвам аг. Дзятлавічы.

Для жыхароў прыгараднага населенага пункта было цікавым даведацца, што прэтэндэнт на дэпутацкі мандат аднолькава ведае праблемы як гарадскога, так і вясковага насельніцтва, бо, нарадзіўшыся ў вёсцы і часта прыязджаючы да бацькоў, месцам жыхарства выбраў райцэнтр. Ён вельмі паважліва ставіцца да землякоў, шануючы іх працалюбства, любіць малую радзіму і ўпэўнены, што ў яе – вялікая будучыня. Гэта дазваляе Анатолю Васільевічу пераканана гаварыць пра тое, што ён будзе зацікаўлена і мэтанакіравана прадстаўляць інтарэсы жыхароў раёна ў вышэйшым органе прадстаўнічай улады.

Дзятлавічы – цэнтр сельсавета з аднайменнай назвай, у які ўваходзяць яшчэ тры населеныя пункты. Сёння мясцовую “прапіску” маюць амаль 3000 жыхароў. Адкрываючы сустрэчу, старшыня райсавета Віктар Рафаловіч падкрэсліў, што “Дні адкрытага пісьма” праводзяцца не дзеля “галачкі”. Яны не толькі дазваляюць прадстаўнікам улады быць у курсе спраў ледзь не кожнага асобна ўзятага чалавека, але і дапамагаюць мясцоваму люду аператыўна вырашаць узнікаючыя праблемы.

Менавіта з іх, з праблем, і пачала сваё выступленне старшыня сельвыканкама Кацярына Гасюк. Найбольш турбуе кіраўніка мясцовай “вертыкалі”, і гэта зразумела, дэмаграфічны дысбаланс. За 14 год насельніцтва сельсавета паменшала амаль на 800 чалавек. А гэта – Купаўцы, Бараўцы і Станцыя Дзятлавічы разам узятыя. У пэўным сэнсе ўплывае на сітуацыю блізкасць раённага цэнтра, куды імкнецца перабрацца моладзь. Вось і 7 мнагадзетных сем’яў не так даўно атрымалі добраўпарадкаванае жыллё ў Лунінцы.

А што ж тыя, хто застаўся ў Дзятлавічах? Прыемна было даведацца, што яны не застаюцца абыякавымі да выгляду родных паселішчаў, што іх аднолькава турбуе не толькі выгляд уласнага падворка, але і населеных пунктаў у цэлым. Клапатлівае стаўленне да могілак стала перадумовай таго, што на суботніках тут адначасова працавалі ад 40 да 60 чалавек. Менавіта агульнымі стараннямі ўдалося спілаваць на месцах апошняга спачыну землякоў усе старыя дрэвы. Вяскоўцы матэрыяльна падтрымалі высакародную справу.

Гэтак жа ўважліва ставяцца тут да выгляду помнікаў загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне землякам і дзвюх брацкіх магіл. Вельмі крануў той факт, што мясцовая жыхарка Марыя Гарадкавец выгадавала прыгожыя саджанцы вечназялёных туй, высадзіла дрэўцы каля гэтых святых месцаў, а таксама каля мясцовага храма і паклоннага крыжа. Жанчына аддана клапоціцца пра дрэўцы, паказваючы землякам узор трапяткога стаўлення да мінулага, без якога, як вядома, не бывае будучага.

Зрэшты, падобных прыкладаў Кацярына Гасюк прывяла нямала. Васіль Буська паклапаціўся пра ўладкаванне пешаходнага моста праз раку Цна ў Бараўцах, Валерый Канапацкі аднавіў кладку праз меліярацыйны канал на дарозе да чыгуначнага прыпыначнага пукта “Сад”. На вуліцы Сонечнай, дзе ўтварыўся цэлы мікрараён з маладых сем’яў, стараннямі мясцовых жыхароў абсталявана дзіцячая пляцоўка, а на станцыі Дзятлавічы людзі разам высадзілі сквер, дзе прадугледзелі пляцоўку для правядзення вясковых святаў.

Нельга не адзначыць мудрую настойлівасць мясцовага кіраўніка Кацярыны Гасюк у вырашэнні шматлікіх вясковых праблем. Да нядаўняга часу ўсе 3 вясковыя масты лічыліся безгаспадарчымі і клапаціцца пра іх даводзілася сельсавету. Аднак параўнаўча нядаўна іх удалося перадаць на баланс спецыялізаванай арганізацыі ДРБУ-101 і цяпер ёсць надзея, што збудаванні, стан якіх прызнаны аварыйным, у агляднай перспектыве перастануць уяўляць небяспеку для мясцовых жыхароў. Так ці інакш, дарожнікі прыступілі да вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі на выкананне гэтых работ.

“Болевай кропкай” у Дзятлавічах застаецца стан вясковых вуліц і дарог. Нягледзячы на тое, што працягласць іх 33 кіламетры, што ўтрая больш, чым, скажам, у Дварэцкім ці Вулькаўскім сельсаветах, удасканаленае пакрыццё маюць толькі 35 працэнтаў ад агульнага кіламетражу (па нарматыву гэтая лічба павіна быць 60 працэнтаў). Тым не менш, нельга не адзначыць, што ў гэтым сэнсе ўвага з боку раённых улад да Дзятлавіцкага сельсавета была дастаткова пільнай і плённай. За бюджэтныя сродкі заасфальтавана частка вуліцы Усходняй на станцыі Дзятлавічы. Новая асфальтаванка злучыла Дзятлавічы, Купаўцы і Язвінкі. Кардынальна змяніла выгляд вуліца Цэнтральная ў Бараўцах, ды і саму гэтую вёску з Дзятлавічамі сёння звязвае добраўпарадкаваная дарога.

Праўда, дадатковыя турботы дадае тое, што 170 дамоў, з якіх 105 застаюцца жылымі, размешчаны на хутарах. Вядуць туды палявыя дарогі, якія глыбокай восенню і ўзімку становяцца “непралазнымі”. Надаваць ім больш-менш прыдатны выгляд дарожнікам дапамагала мясцовая гаспадарка, якую ў пачатку года далучылі да Палескай станцыі. Кацярына Гасюк выказала спадзяванне, што новае кіраўніцтва таксама не пакіне без увагі турботы мясцовага люду.

Гэта не стаў адмаўляць дырэктар Палескай доследнай станцыі Аляксандр Юзупанаў, які коратка расказаў пра перспектывы развіцця гаспадаркі ў падраздзяленнях, размешчаных на тэрыторыі вёсак сельсавета. У асноўным тут будуць займацца дарошчваннем буйной рагатай жывёлы. Ужо адрамантаваны жывёлагадоўчыя памяшканні на ферме №1, прыступілі да ўзвядзення прафілакторыя для цялятак у Бараўцах. Гаспадарлівы падыход да атрыманага “ў спадчыну” ад былога “Дзятлавіцкага”, па словах Аляксандра Юзупанава, дадае турбот, але і дазваляе спадзявацца на павелічэнне надояў і прываг. Па выніках 9 месяцаў атрымалі ў разліку на карову па 4014 кілаграмаў малака – на 200 кілаграмаў больш, чым на такі час летась. Меншымі, чым трэба, пакуль застаюцца сярэднясутачныя прывагі.

Разам з тым, стараюцца на годны ўзровень узняць культуру земляробства. Дзякуючы гэтаму палеткі ва ўрочышчы “Сваха” сёння набылі статус самых дагледжаных у гаспадарцы. Паляпшаецца кармавая база – у разліку на галаву назапашана 21 цэнтнер кармавых адзінак.

Так ці інакш, галоўным паказчыкам застаецца ўзровень заробкаў. За верасень сярэдняя заработная плата ў гаспадарцы перабольшыла 700 рублёў. Зразумела, што атрымліваюць іх тыя, хто стараецца працаваць, таму, карыстаючыся момантам, кіраўнік запрасіў на работу адказных і працалюбівых людзей, недахоп якіх адчувае Палеская станцыя.

Адна з жанчын, што сядзелі ў зале пацікавілася, ці нельга соткі выдзяляць вяскоўцам з восені? Аляксандр Васільевіч растлумачыў, што пакуль такі падыход практыкаваць не плануецца. І ўсё з-за таго, што некаторыя вяскоўцы, атрымаўшы надзелы, вясной пакідаюць іх пуставаць. Гэтыя “плямы”, заросшыя пустазеллем, потым рэжуць вока, што проста недаравальна. Менавіта таму вырашана дасканала ўдакладніць спісы жадаючых і даваць зямлю тым, хто рэальна будзе яе апрацоўваць.

Звярнуліся да прысутных у ходзе сустрэчы дырэктар КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” Георгій Шпакоўскі і в.а. галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Ігар Кругліч. Пасля гэтага былі дадзены адказы на пытанні, якія загадзя адрасавалі службам мясцовыя жыхары. Першай агучылі праблему рамонту вуліц Калініна і Савецкай у Дзятлавічах, а таксама Першамайскай – у Купаўцах. Рэальна была акрэслена перспектыва добраўпарадкавання толькі вуліцы Калініна – яе рамонт запланаваны на 2020 год.

Старшыня райсавета Віктар Рафаловіч з такім падыходам не пагадзіўся, запатрабаваўшы, каб, па-першае, ужо да канца гэтага года быў выкананы ямкавы рамонт на Калініна, а па-другое, вызначана перспектыва навядзення парадку і на іншых названых вуліцах. Такое даручэнне атрымала дарожная служба.

Па патрабаванню жыхароў вырашана да 1 лістапада 2019 года ўстанавіць знак “Небяспечны паварот” на вуліцы Калініна паблізу дома №9. А вось абмяжоўваць максімальную хуткасць руху транспарту камісія па бяспецы дарожнага руху пры райвыканкаме палічыла нямэтазгодным.

Разабраліся і ў прэтэнзіях да паштавікоў. Начальнік Лунінецкага ўчастка Пінскага РВПС Ніна Дударга спазненне перасоўнага аддзялення паштовай сувязі на Станцыю Дзятлавічы растлумачыла парушэннем раскладу руху міжабласных маршрутаў, што выклікана нясвоечасовым выхадам з друку рэспубліканскіх СМІ. Разам з тым, прагучала запэўніванне, што кіраўніцтва ўчастка выйшла з патрабаваннем мінімізаваць падобныя прыкрыя выпадкі.

Адмова прагучала і на прапанову абсталяваць на чыгуначным прыпыначным пункце Дзятлавічы грамадскі туалет. Кіраўніцтва Баранавіцкай дыстанцыі грамадскіх збудаванняў абгрунтавала такое рашэнне нізкім пасажырапатокам на названым прыпынку.

Вельмі ўсхваляваным быў зварот адной з жыхарак Дзятлавіч, якая расказала пра жудасны выпадак, калі ў пачатку лета на вуліцах населенага пункта яго жыхары ўбачылі раскіданыя на зямлі гнёзды буслоў. У некаторых ужо меліся паявіцца на свет птушаняты…

Па меркаванні заяўляльніцы, пайшлі на такі недаравальны ўчынак работнікі раёна электрасетак. Начальнік раённага прыродаахоўнага ведамства Аляксандр Шкут адзначыў, што скідваць гнёзды з апор ліній электраперадачы дапушчальна, але толькі ў міжсезонне, калі буслянкі пустуюць. Калі ж гэтае патрабаванне парушаецца, варта аператыўна паведамляць у інспекцыю. Разам было заўважана, што такі малюнак мог стаць вынікам урагану, які бушаваў на Лунінеччыне якраз у той час. Так ці інакш, вінаватых сёння ўстанавіць вельмі складана. Застаецца толькі спадзявацца, што людзі ў далейшым не дапусцяць такога варварскага стаўлення да птушкі, якая з’яўляецца сімвалам Беларусі. Абнадзеіла і тое, што буслы ў Дзятлавічах даравалі людзям крыўду і ўсё-такі здолелі да адлёту ў вырай паставіць на крыло птушанят.

Жыццясцвярджальнай ноткай сустрэчы стала ўручэнне найбольш актыўным і неабыякавым жыхарам Падзячных лістоў старшыні сельвыканкама.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть