Особа

Свяшчэннік Васілій ДУБОЙСКІ: “РАСКАЙВАЮСЯ І ПРАШУ ДАРАВАЦЬ…”

Настаяцель Свята-Пакроўскага храма в. Крупцы, што ў межах Мінска, паходзіць са Столінскага раёна, але з 5-ці год разам з бацькамі стаў жыхаром Лунінца, які называе малой радзімай.

– Айцец Васілій, Вы нарадзіліся ў ваенны час, свяшчэннікам сталі 15 год таму. Доўгім быў шлях да храма…

– Знаёмыя са Святым Пісаннем ведаюць жыціе апостала Паўла. Мой лёс адпавядае гэтай евангельскай прытчы. У маладосці сеяў бязбожжа – цяпер імкнуся вырываць зелле… Вучыўся ў СШ №2, выпускнік-1959. Мая мама, якая, дзякуй Богу, яшчэ жыве ў Лунінцы, заўсёды была веруючым чалавекам. Да старэйшых класаў прытрымліваўся царкоўнага ладу. Але антырэлігійны настрой, што панаваў у грамадстве, зрабіў сваю справу. 

– Большасць з нас, хто “родам з СССР”, займаліся атэістычнай прапагандай…

– Стаў камсамольцам. Закончыўшы Пінскае педагагічнае вучылішча, настаўнічаў у Малачучавіцкай СШ. Тры гады служыў у арміі, уступіў у партыю. Вярнуўшыся ў Лунінец, працаваў у райкаме ЛКСМБ, быў намеснікам старшыні гарсавета, загадчыкам аддзела райкама КПБ. Дарэчы, па роду дзейнасці цесна супрацоўнічаў з журналістамі, асабліва з Фёдарам Лапанікам, з іншымі работнікамі раённай газеты, якая тады называлася “Ленінскі шлях”. Завочна закончыў філалагічны факультэт БДУ… Зразумела, у гэты перыяд быў ворагам царквы. Асабіста не ўдзельнічаў у закрыцці храмаў, але ў ліку іншых прымаў такія рашэнні. У Велікодныя дні даводзілася дзяжурыць каля царквы, каб не дапусціць да Богаслужэнняў школьнікаў.

– Што ці хто паўплываў на вашы перакананні, якія карэнным чынам змяніліся?

– Да прасвятлення было яшчэ далёка… У 1972 годзе пераехаў у Мінск. Працаваў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце адной са школ, пяць год – у Галоўліце. Ведаеце, што гэта такое?

– Так была зашыфравана пасада цэнзара, без подпісу якога не выходзіла друкаваная прадукцыя: кнігі, часопісы, рэспубліканскія выданні, ды і многія публікацыі мясцовых газет патрабавалі “літавання”.

– І менавіта ў гэты час пашчасціла на знаёмства з дзіцячым пісьменікам Барысам Аляксандравічам Ганага. Ён даваў духоўную літаратуру. Чытанне, размовы з цяпер вядомым прапаведнікам перавярнулі мой светапогляд. Усвядоміў, што больш не магу ісці супраць сумлення. Звольніўся з работы. Пачаліся “універсітэты жыцця”. Працаваў чорнарабочым, качагарам у кацельні. Але быў шчаслівы, што адкрыта наведваю Свята-Духаў сабор, куды раней ішоў употайкі. Вучыўся спяваць у царкоўным хоры, чытаць псалмы. Са святкаваннем 1000-годдзя хрышчэння Русі вернікі адчулі другую “адлігу”. Стаў выкладчыкам нядзельнай школы. У першым выпуску духоўнага вучылішча, адкрытага ў сталіцы ў 1991 годзе, набыў адукацыю псаломшчыка. Калі царкве вярнулі старэйшы ў Мінску Свята-Петрапаўлаўскі сабор, мой духоўны настаўнік запрасіў мяне ў прычт – быў статутчыкам на клірасе. Дзякуючы міласці Уладыкі Філарэта, выконваў абавязкі рэферэнта і бібліятэкара ў Мінскім епархіяльным упраўленні.

– Ваша сям’я не адчувала ціску з боку тагачасных улад?

– Ганенні на жонку пачаліся ў 1994 годзе, калі ў сакавіку мяне рукапалажылі ў дыяканы, у верасні – у свяшчэннікі. Аб гэтым даведаліся ў Фрунзенскім райвыканкаме, дзе яна працавала намеснікам начальніка фінансавага ўпраўлення. Патрабавалі звальнення па ўласным жаданні. Матушка шмат выцерпела, але потым яе крыўдзіцелі прасілі прабачэння. Сапраўдны прафесіянал, яна адзначана званнем “Заслужаны эканаміст Рэспублікі Беларусь”. Да 10-годдзя служэння я ўзнагароджаны залатым наперсным крыжам.

– Што ўяўляе сабой прыход, дзе нясеце пастырскае служэнне?

– У прызначэнні ў храм бачу Божы промысел – мяне ж хрысцілі ў Пакроўскай царкве в. Плотніца. У Крупцах давялося адраджаць старажытную святыню, разбураную ў 1936 годзе. З Божай дапамогай пабудавалі вялікі храм. Запрашаю лунінчан, якія будуць у Мінску, наведаць нашу царкву. Хацеў бы звярнуцца да іх і з наступнымі словамі. Смірэнна каюся за тыя дзеянні, якія ўчыняў пры затуманеным розуме. Прашу прабачэння ў людзей, для якіх быў несвядомай спакусай. Малю Бога дараваць мне і ўсім, хто “не ведаў, што тварыў”…

Свяшчэннік з Мінска, які лічыць сябе нашым земляком, 26 ліпеня 2008 года прымаў удзел у закладцы храма ў гонар іконы Божай Маці “Взыскание погибших”, што будуецца ў раёне Баханова ў Лунінцы.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть