Прямая линия

АД ПРЫВАТНАГА ДА ГРАМАДСКАГА – ТОЛЬКІ АДЗІН КРОК

Чацвёрты год увасабляецца ў жыццё дзяржаўная Праграма “Развіцця і адраджэння вёскі на 2005-2010 гады”. За гэты час на Лунінеччыне вырасла 13 аграгарадкоў. Сёлета работа па іх стварэнню працягнецца на цэнтральных сядзібах яшчэ трох сельгаспрадпрыемстваў раёна. Здавалася б, жыццё становіцца камфортнейшым і зручнейшым. Тым не менш, многія сялянскія праблемы застаюцца нявырашанымі. На пытанні чытачоў “ЛН” пад час “Прамой лініі” адказалі начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Валерый Іванавіч ЮНЧЫЦ, яго намеснік Сяргей Яўгенавіч БОЙКА і вядучы аграном Іван Сцяпанавіч РУДОВІЧ.  

Вера Мельянец, Лахва. Звяртаюся ад імя жыхароў вуліцы Працоўная. Раней на станцыі “Лахва” працаваў магазін ОРСа НОД-2, дзе можна было купіць тавары першай неабходнасці. Аднак яго даўно закрылі і за той жа мукой, крупой даводзіцца дабірацца ў цэнтр вёскі, а гэта ад “нафтабазы”, дзе жывем з дзедам-пенсіянерам, прыкладна 3 кіламетры. Калі ласка, дапамажыце аднавіць работу магазіна, ён нам вельмі патрэбны.

– Акрамя прамысловага і двух харчовых магазінаў райспажыўтаварыства ў вашай вёсцы працуюць 2 гандлёвыя аб’екты індывідуальных прадпрымальнікаў. Адлегласць ад станцыі да магазінаў не перавышае 1,5 кіламетра. Акрамя таго, на “пасёлку” вядзецца выязны гандаль па продажу хлебабулачных вырабаў – кожны аўторак з 14 да 16 гадзін прадукцыю дастаўляе райспажыўтаварыства, яшчэ тры разы на тыдзень – хлебазавод. Будынак магазіна, пра які вядзеце гаворку, не прыгодны да далейшай эксплуатацыі і сёлета будзе знесены. У раёне станцыі Лахва ёсць зямельны ўчастак для будаўніцтва гандлёвага аб’екта. Набыць яго можа любая зацікаўленая арганізацыя ці індывідуальны прадпрымальнік. 

Пенсіянерка з Перунова. Людзям, набліжаным да даброт цывілізацыі, вельмі складана ўявіць, як цяжка жыць пенсіянерам у аддаленых вёсках, дзе няма пастаяннага медработніка, а хваробы адольваюць. У мяне часта падымаецца высокі ціск, збіць які не заўсёды ўдаецца таблеткамі. Вось і нядаўна ўрач парэкамендавала курс лячэння ўколамі. Але як гэта зрабіць, калі ў бальніцу не кладуць, а ў вёсцы няма ні доктара, ні медсястры?

– Кожныя панядзелак, сераду і пятніцу з 9 да 13 гадзін прыём хворых у Перунова вядзе фельчар з Рэдзігераўскай урачэбнай амбулаторыі. Пастаянны медработнік у вашу вёску будзе накіраваны ў жніўні 2009 года пасля размеркавання маладых спецыялістаў.

Кацярына Максімчык, пенсіянерка з Велуты. Жыву разам з дачкой, інвалідам 1-ай групы. Трымаем карову, але з кожным годам усё цяжэй становіцца назапашваць на зіму сена. Вось і зараз, не ведаю, ці хопіць яго да выгану каровы на пашу.

Па заданню В.І. Юнчыца да Кацярыны Іванаўны завітаў галоўны аграном СВК “Велута” П.А. Каховіч: – Сена, якое ёсць у гаспадыні, да выгану статкаў на пашу хопіць. На будучую зімоўку гэтае пытанне вырашыць сельгаскааператыў.  

Турбуем з Мікашэвіч. Скажыце, калі ласка, колькі ўсяго “прэзідэнцкіх” домікаў пабудавана ў нашым раёне? Ці ўсе яны заселены? 

– У адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай развіцця і адраджэння вёскі, на працягу 2005-2008 гадоў у сельскай мясцовасці пабудавана 277 аднакватэрных дамоў агульнай плошчай 25029 метраў квадратных. З іх незаселенымі застаюцца толькі 3 катэджы ў СВК “Рэдзігераўскі”. Калі раней у кожнай гаспадарцы абавязкова было будаваць па 5 дамоў у год, то сёлета жыллё будзе ўзводзіцца толькі там, дзе па-ранейшаму адчуваецца яго недахоп і ёсць патрэба ў работніках.  

Жыхар Велуты. Падчас асноўных сельскагаспадарчых кампаній аграпрамысловы комплекс краіны заўсёды падтрымліваўся дзяржавай. Так будзе і ў гэтым годзе? 

– Адказаць на гэта пытанне адназначна немагчыма. Нягледзячы на тое, што набліжаецца вясна, пакуль не зразумела, якім чынам будзе весціся дзяржаўная падтрымка сельгасвытворцаў. На сённяшні дзень пад стаўку рэфінансавання раёну выдзелена крэдытных рэсурсаў на суму 1,3 мільярда рублёў, але гэтых сродкаў у банку яшчэ няма.  

– А ці не акажацца пад пагрозай правядзенне веснавой сяўбы?

– Ні ў якім разе. З упэўненасцю можна сказаць, што тукамі, палівам і ГЗМ гаспадаркі будуць зябяспечаны ў дастатковай колькасці. Да таго ж, за апошнія гады ў аграпрамысловым комплексе ўтварыўся нядрэнны запас трываласці, выкарыстоўваючы патэнцыял якога можна працаваць яшчэ 2-3 гады. 

Самая танная і смачная каўбаса вырабляецца ў мясным цэху СВК “Дварэцкі”. І мы, лунінецкія спажыўцы, вельмі ганарымся тым, што можам частаваць ёю сваіх гасцей, якія прыязджаюць з-за межаў раёна. Аднак апошнім часам ходзяць чуткі, што хутка СВК “Дварэцкі” будзе далучаны да Пінскага камбіната хлебапрадуктаў. Ці не значыць гэта, што лунінчанам давядзецца развітацца з прадукцыяй гаспадаркі?

– Сапраўды, СВК “Дварэцкі” зараз знаходзіцца ў складанай эканамічнай сітуацыі. Як выхад са становішча, разглядаецца варыянт далучэння гаспадаркі да Пінскага КХП. Што з гэтага атрымаецца, пакажа час. Пакуль жа мясны цэх будзе працаваць як і раней, і яго прадукцыя будзе прадавацца ў тых жа аб’ёмах.

Жыхарка Мікашэвіч. Чаму нельга арганізаваць продаж дварэцкай каўбасы ў Мікашэвічах?

– Рынкі збыту звычайна шукаюць вытворцы, прадукцыя якіх не знаходзіць свайго спажыўца. Што датычыць дварэцкай каўбасы, то выпуск яе абмежаваны і наяўныя фірменыя магазіны спраўляюцца з рэалізацыяй.

Таццяна Байда з Лахвы. Трымаю на падворку карову, а лішкі малака прадаю дзяржаве. Пры гэтым не перастаю здзіўляцца наколькі адрозніваюцца закупачныя цэны на малако ад тых, што бачым у магазіне. Хочацца спадзявацца, што ў бліжэйшы час сітуацыя выправіцца.

– За мінулы год закупачныя цэны на малако павялічыліся на 21 працэнт: за 1 кілаграм класа “Экстра” выплачвалі 910 рублёў, вышэйшага гатунку – 725, першага – 665, другога – 390 рублёў. Малако ад насельніцтва закуплялася па цане 1 гатунку. У сувязі з сусветным крызісам, попыт на малочную прадукцыю за межамі краіны рэзка знізіўся, цэны пайшлі на спад, а перапрацоўчыя прадпрыемствы сталі несці каласальныя страты. З мэтай падтрымкі перапрацоўшчыка, на дзяржаўным узроўні было прынята рашэнне з 9 лютага на 10 працэнтаў знізіць закупачныя цэны на малако, закупляемае ў сельгасарганізацый. Ад насельніцтва пакуль яно закупляецца па ранейшай цане – 665 рублёў за кілаграм, плюс 75 рублёў дзяржаўных надбавак.

Мікалай Чарнавокі з Дзятлавіч. Хачу яшчэ год-другі патрымаць карову на падворку, хаця гэта становіцца ўсё цяжэй. Паблізу вёскі няма культурнай пашы, сена мясцовая гаспадарка выдзяляе толькі сваім работнікам і пенсіянерам, а тыя, хто прадае лішкі малака дзяржаве і не мае адносін да мясцовага “калгаса”, вымушаны касіць па няўдобіцах, ці купляць нятанныя “цюкі” ў прыватнікаў. Да таго ж, на фермах не трымаюць быкоў для асемянення кароў.

– Кароў жыхары Рабінавай і прылягаючых да яе вуліц, выпасваюць ва ўрочышчы “Смолькава” (10 га) і “Гапко” (14 га). Перазалужалася паша ў 2006 годзе. У 2008-ым абнавілі яшчэ 37 гектараў пашы ва ўрочышчы “Гапко”, каля пераезду і сада. Пасля першага ўкосу яны будуць выдзелены для выпасу прыватных статкаў вяскоўцаў. Акрамя таго, праўленню СВК “Дзятлавіцкі” рэкамендавана аказваць садзейнічанне ў нарыхтоўцы кармоў насельніцтву, якое прадае лішкі малака дзяржаве. Што датычыць быка на ферме, то ў адпаведнасці з артыкулам 102 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, выкарыстанне вытворцаў буйной рагатай жывёлы без племянных пасведчанняў у калектыўных гаспадарках, якія не маюць статусу племянных, або ў прыватных гаспадарках грамадзян, караецца папярэджаннем, ці штрафам у памеры да 3 базавых велічынь на грамадзян і ад 1 да 5 базавых велічынь – на асоб на пасадзе. У СВК “Дзятлавіцкі” працуюць чатыры пункты па штучнаму асемяненню кароў для грамадскага пагалоўя і прыватнага сектара. Размешчаны яны на малочнатаварных фермах №№ 1, 2, 3 і 7. 

Жыхар Сінкевіч. Не раз даводзілася чытаць, што справы ў аграпрамысловым комплексе раёна ідуць на лад. Чаму ж тады Лунінеччына ўвесь час знаходзіцца на перадапошнім месцы ў абласной зводцы? 

– Справа ў тым, што тэхналогіі, па якіх мы толькі пачынаем працаваць, у іншых раёнах вобласці даўно адладжаны. Напрыклад, першая даільная зала ў філіяле “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод” пачала функцыянаваць толькі два гады таму. Пазней у строй уступілі яшчэ тры – у “Лобчанскім”, СВК “Дварэцкі” і на Палескай станцыі. Летась была падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя па рэканструкцыі МТФ у СВК “Дзятлавіцкі” і “Гарадоцкі”. Высокімі тэмпамі закупляюцца і ўстанаўліваюцца на фермах гаспадарак малакапровады. За летне-пашавы перыяд мяркуецца зманціраваць яшчэ 20 штук, што дазволіць зменшыць колькасць кароў, даенне якіх вядзецца ў вёдры. На сённяшні дзень такіх 58 працэнтаў. Радуе тое, штт па надоях малака разрыў паміж Лунінеччынай і Брэстчынай скарачаецца. Калі ў цэлым па вобласці прыбаўка малака на карову ў 2008 годзе склала 370 кілаграмаў, то ў нас 490. Мяркуем, што ў далейшым гэты рост будзе яшчэ большым. Асноўны наш рэзерв – паша з разнатраўя, якой у нас ёсць 3 тысячы гектараў. Прыбаўка малака ад кожнай каровы, якія будуць выпасвацца тут, павінна скласці не менш як 2 кілаграмы. Да канца года шматкампанентнай пашы на Лунінеччыне будзе створана па 4 соткі на карову, што значна больш рэкамендуемага. Калі ў цэлым па вобласці нашы крокі наперад застаюцца нябачнымі, то ў рэспубліцы са 114 месца за апошні год падняліся на 93-яе.

У ходзе “Прамой лініі” гучала пытанне наконт продажу хлебабулачных вырабаў Лунінецкага хлебазавода ў магазінах горада і раёна. Улічваючы, што газета ўжо двойчы вярталася да яго: у № 1 за 03.01.2009 г. і № 11 за 11.02.2009 г. дубліраваць адказ лічым нямэтазгодным.



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть