Прямая линия

БЯСПЛАТНА ПУЦЁЎКІ – ЛЬГОТНІКАМ І ДЗЕЦЯМ

На пытанні чытачоў “ЛН” адказвае галоўны спецыяліст прадстаўніцтва абласнога ўпраўлення рэспубліканскага цэнтра па аздараўленню і санаторна-курортнаму лячэнню насельніцтва Алена Анатольеўна АНДРУШ.

 

Фёдар Каратыш, Кажан-Гарадок. Добры дзень, Алена Анатольеўна! Падкажыце, як мне, непрацуючаму пенсіянеру, адпачыць і падлячыцца ў санаторыі?

– Перш за ўсё, Фёдар Іванавіч, неабходна ўзяць даведку ва ўрача, што вы маеце патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні. З гэтым дакументам і працоўнай кніжкай, дзе ёсць пацвярджэнне, што вы не працуеце, а таксама пенсійнным пасведчаннем прыедзьце да нас у Лунінец на вуліцу Савецкая,20. Напішаце заяву, мы паставім вас на чаргу на атрыманне пуцёўкі. Вы не інвалід?

– Не. Але здароўем пахваліцца не магу і нават у Лунінец дабрацца – праблема. А працоўная кніжка, між тым, у райсабесе.

– Няхай тады хто-небудзь з вашых дзяцей зазірне ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і возьме працоўную кніжку ці пацверджанне аб тым, што вы не працуеце і зойдзе да нас.

– Скажыце, калі ласка, а пуцёўка платная ці бясплатная і як доўга яе чакаць?

– Для непрацуючых пенсіянераў пуцёўкі платныя – 15-20 працэнтаў ад кошту. Гэта прыкладна 150-200 тысяч рублёў. Не так і многа. Праўда, пачакаць давядзецца. Для непрацуючых ветэранаў працы ў нас чарга на 3-3,5 года. Зараз атрымліваюць пуцёўкі тыя, хто стаў на ўлік у сакавіку 2008-га.

 

Кацярына Аляксандраўна, Цна. Большасць школ раёна арганізавана ездзяць на аздараўленне, а мы за ўсю гісторыю не выязджалі ні разу. Між тым, у школе ўсяго каля трох дзесяткаў дзетак. Няўжо нельга іх адправіць у санаторый?

– Вы няправільна гаворыце, Кацярына Аляксандраўна. Да той пары, пакуль Цна адносілася да зоны з перыядычным радыяцыйным кантролем, дзеці пастаянна выязджалі на аздараўленне. Пасля таго ж, як ваш населены пункт прызналі чыстай зонай, аздараўленне па чарнобыльскай праграме тут было спынена. Але гэта не значыць, што дзеткі засталіся без магчымасці адпачыць і паправіць здароўе ў цудоўных санаторыях. Да іх паслуг мноства здраўніц – “Случ”, “Сонейка”, “Налібокская пушча”, дзіцячыя аддзяленні санаторыяў “Радон” у Гродзенскай вобласці, “Баравічок”, “Нёман”, санаторый “Беларусь” у Друскенінкаі … Словам, шмат пуцёвак менавіта для вучняў, якія пражываюць у чыстай зоне. Яны бясплатныя. Адзінае – дзяцей да месцаў аздараўлення трэба бацькам везці самім. Але і тут мы прапаноўваем рацыянальнае выйсце. Як правіла стараемся атрымаць некалькі пуцёвак у адзін і той жа санаторый на аднолькавы тэрмін. І тады ўжо бацькі кааперыруюцца і вызначаюць таго, хто адвязе гэтую ўмоўную групу хлопчыкаў і дзяўчынак у санаторый, а хто дзетак адтуль забярэ. Дарэчы, у Друскенінкай акрамя аплаты за праезд, давядзецца ўнесці 7 долараў за страхавы поліс, віза – бясплатна. Ну і, зразумела, пры выездзе за мяжу дзіцяці трэба абавязкова мець пашпарт. Для таго, каб атрымаць пуцёўку, звярніцеся за даведкай да ўрача, што ваш сын ці дачка мае патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні . Прадастаўце яе ў камісію па аздараўленню па месцы работы аднаго з бацькоў. Можаце напрамую патэлефанаваць нам 2-20-32, і мы растлумачым, куды і на які месяц на сённяшні момант ёсць пуцёўкі.

 

Максім Пятровіч, Палескі. Я – пенсіянер. Як можна выехаць у санаторый на тыдзень-другі?

– На такі тэрмін пуцёвак у аздараўленчыя ўстановы няма. Ва ўсіх прадугледжаны адпачынак працягласцю 18 дзён. А для таго, каб атрымаць пуцёўку, трэба з даведкай ад урача, пенсійным пасведчаннем і працоўнай кніжкай звярнуцца да нас. Падыдзе чарга – паедзеце.

– Шкада, што ў нас у раёне няма аздараўленчых устаноў. Няхай бы пабудавалі пансіянат на беразе возера Белае. Далёка ехаць не трэба было б.

– Чаму вы кажаце, што на Лунінеччыне няма магчымасці адпачыць? Ёсць выдатны прафілакторый “Світанак” РУВП “Граніт”. А будаваць пансіянат на беразе возера Белае… Пытанне не зусім да нас, але, на маю думку, давайце захаваем гэтую жамчужыну ў першазданным выглядзе. Яна таго вартая. Тым больш, што знаходзіцца на тэрыторыі заказніка рэспубліканскага значэння.

 

Тэлефаную з Лунінца. Знаходжуся ў водпуску па догляду паўтарагадавалым сынам. Якога ўзросту павінна быць дзіця, каб маглі выехаць на аздараўленне?

– Прыдзецца пачакаць, пакуль вашаму малышу не споўніцца тры гады. Раней урач проста не дасць даведку аб тым, што дзіцяці неабходна санаторна-курортнае лячэнне. З гэтай даведкай трэба звярнуцца ў камісію па аздараўленню па месцы работы аднаго з бацькоў. Камісія, у сваю чаргу, дасць заяўку нам, і мы будзем вам што-кольвечы прапаноўваць.

 

Васіль Туміловіч. Цікава даведацца, дзе большая чарга на атрыманне пуцёвак: у ветэранаў працы ці льготнікаў? Хто дакладна адносіцца да льготнай катэгорыі? І ці хутка я, ветэран працы, пенсіянер, хворы, на цукровы дыябет, атрымаю магчымасць паехаць у санаторый?

– Чарга большая ў ветэранаў працы. Справа ў тым, што атрымліваем пуцёўкі для ўсіх катэгорый разам. Летась іх было 104 на год, сёлета – 150. Быццам бы і больш, але сітуацыя карэнным чынам не памяняецца. З кожным годам не меншае колькасць льготнікаў. У першую чаргу пуцёўкі выдзяляем ветэранам, удзельнікам і інвалідам Вялікай Айчыннай вайны. Яны маюць права атрымліваць іх бясплатна штогод. За імі ідуць інваліды 1 і 2 групы, якія аздараўліваюцца адзін раз у два гады і таксама бясплатна. І толькі потым, тое, што застанецца, прапаноўваем непрацуючым ветэранам працы. Для іх пуцёўкі часткова платныя – 15-20 працэнтаў ад кошту. Што датычыць асабіста вас, Васіль Васільевіч, то заява ваша прынята на ўлік ў канцы 2008 года. Пакуль нічога прапанаваць не можам, бо шмат льготнікаў, якія выказалі жаданне паехаць у санаторый, але да канца года, думаю, здолеем прапанаваць пуцёўку і вам.

 

Добры дзень, Алена Анатольеўна. Маю пасведчанне інваліда 3 групы. Хвароба ўвязана з наступствамі катастрофы на ЧАЭС. На якія льготы ў санаторна-курортным лячэнні магу разлічваць?

– На жаль, пуцёўку вам можам прадаставіць толькі платную і на агульнай падставе . Гэта значыць, у адпаведнасці з чаргой. Для гэтага звярніцеся з даведкай ад урача і заявай ў камісію па аздараўленню па месцы работы. Права на бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне адзін раз у два гады маюць непрацуючыя інваліды-чарнобыльцы 1 і 2 груп.

 

Жонка перанесла інфаркт мозга. Пасля бальніцы ёй далі 3-ю групу інваліднасці. Хачу даведацца, ці ёсць санаторыі для людзей, якія перанеслі падобную хваробу?

– Санаторыі ёсць, але вам, перш-наперш, трэба звярнуцца да лечачага ўрача. Магчыма, вашай жонцы пакуль наогул супрацьпаказана санаторна-курортнае лячэнне. Калі доктар дасць дабро і пацвердзіць гэта адпаведнай даведкай, звяртайцеся да нас. Захапіце з сабой пенсійнае пасведчанне і працоўную кніжку жонкі. Улічыўшы ўсе нюансы, пастараемся вам дапамагчы.

 

Два гады чакаю пуцёўку. Тэлефанаваў вам, ды толькі нічога абнадзейваючага не сказалі. Цікава, чаму нават праз такі працяглы час прапаноўваюць паездку ў санаторый позняй восенню, зімой ці ранняй вясной і ніколі – у больш спрыяльны летні час?

– Чарга для ветэранаў працы сёння на 3-3,5 года. Для гэтай катэгорыі грамадзян пуцёўкі ёсць у любы час – будзь то восень, зіма, вясна ці лета, чаго не можам сказаць пра пуцёўкі, якія атрымліваем па лініі сацыяльнага страхавання. Таму крышку пацярпіце, падыдзе ваша чарга і вы атрымаеце жаданую пуцёўку ў санаторый.

 

Якія перспектывы выехаць у санаторый дзеткам-інвалідам?

– Гэтая катэгорыя дзяцей ідзе ў нас асобным радком. Выязджаюць яны на аздараўленне бясплатна як з суправаджаючым, так і без. Вызначае гэта ўрач. Калі дзіцяці патрэбен суправаджаючы, то на яго таксама выдаецца пуцёўка, якая прадугледжвае бясплатнае пражыванне і харчаванне. Лячэнне пры жаданні дарослыя набываюць самі па прыездзе ў санаторый. Выязджаюць дзеткі-інваліды адзін раз у два гады, а іншы раз і штогод. Пуцёўкі для іх у нас выдатныя – Друскенінкай, Місхор, лепшыя беларускія здраўніцы. Згодна з дыягназам, заўсёды стараемся падабраць найбольш прыдатныя. Водгукі пра лячэбную базу толькі добрыя.

 

У чарговы раз плануем летні адпачынак сына і дачкі. Скажыце, ці ёсць якія-небудзь змены ў чарнобыльскім аздараўленні ў параўнанні з мінулымі гадамі?

– З мінулага года стаў бясплатным праезд дзетвары не толькі на лячэнне, але і на аздараўленне, што вельмі парадавала. Пуцёвак атрымалі на сёлетні год 5990 – столькі ж, як і летась. Гэта дастаткова. З іх 2151 прадугледжвае лячэнне, 3839 – аздараўленне. Мяркуем, што захаваецца аздараўленне па лініі СНД. Пакуль цяжка сказаць, у якіх абёмах яно будзе, але летась 60 дзетак з нашага раёна адпачывалі ў аздараўленчым цэнтры “Залаты колас” на беразе Чорнага мора ў Туапсэ.

 

Скажыце, калі ласка, у якіх аб’ёмах зараз праводзіцца аздараўленне дзяцей з нашага раёна ў дальнім замежжы?

– На жаль, я не валодаю гэтай інфармацыяй. Як паведаміла спецыяліст раённага аддзела адукацыі Наталля ЦЯЛЬПУК, хлопчыкі і дзяўчынкі з нашага раёна выязджаюць у асноўным у Ірландыю і Германію. Летась дзве групы адпачывалі ў Італіі. Сёлета ўпраўленне адукацыі паабяцала яшчэ дзве групы ў Англію. Уключаюцца ў спісы дзеці з сацыяльна неабароненых, малазабяспечаных і мнагадзетных сем’яў, а таксама сіраты, якія выхоўваюцца адным з бацькоў. Гэта, пераважна, юныя жыхары вёсак раёна і толькі 30 лунінчан штогод запрашае нямецкі горад-пабрацім Шэнефельд. З улікам прыватных запрашэнняў летась мелі магчымасць адпачыць за мяжой 428 дзетак.

 

Добры дзень, Алена Анатольеўна! Працую на чыгунцы. У нас тут свая сістэма аздараўлення, свае санаторыі і парадкі. Ці магу спачатку ўзяць пуцёўку ў санаторый у сябе на рабоце, а потым – яшчэ і праз аддзел па аздараўленню?

– Думаю, не. Чыгунка, калі выдае пуцёўкі сваім работнікам, заўсёды робіць запыт, ці не накіроўваліся яны ў санаторыі праз наша прадстаўніцтва. Тое ж датычыць і пенсіянераў-чыгуначнікаў.

 

Тэлефаную ад імя працуючых пенсіянераў. Куды нам звяртацца за пуцёўкай у санаторый? І як будзе вылічвацца яе кошт?

– Мы выдаем пуцёўкі толькі непрацуючым пенсіянерам. Усе працуючыя з даведкай ад урача звяртаюцца ў камісію па аздараўленню па месцы работы. Пры аплаце за пуцёўку бярэцца пад увагу ўвесь даход за год, гэта значыць, заработная плата плюс пенсія. Даведку аб заработнай плаце атрымаеце па месцы работы, а аб пенсіі – ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва. Зыходзячы з сумарнага даходу і вылічваецца памер частковай аплаты за пуцёўку.

 

 

“Прамая лінія” закончылася, а размова, шчодра перасыпаная ўспамінамі, яшчэ працягвалася. Яна не была выпадковай: сёлета адзначым сумную дату – чвэрць стагоддзя з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Безумоўна, час прымушае крыху па-іншаму зірнуць на трывожныя падзеі дваццаціпяцігадовай даўніны. І ўсё ж і тады, і сёння ўспрымаюцца яны праз прызму характараў і ўчынкаў асобных людзей, якія мелі дачыненне да той ці іншай справы. Пра іх –інтэрв’ю з Аленай АНДРУШ.

 

– Верагодна, сёння наспеў час успомніць людзей, якія стаялі ля вытокаў наладжвання арганізаванага аздараўлення жыхароў нашага раёна, які ў ліку іншых адчувальна пацярпеў ад страшнай бяды. Першапачаткова аздараўленнем на Лунінеччыне займаўся Якаў Паўлавіч Умецкі, які ўзначальваў райкам прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі. Крыху пазней падключыўся галіновы прафсаюз адукацыі на чале з Нінай Паўлаўнай Далгун. Менавіта яны вынеслі на сваіх плячах велізарную нагрузку па станаўленню абсалютна новай, незнаёмай справы.

Праз некаторы час у кожным з “чарнобыльскіх” раёнаў увялі пасаду спецыяліста па аздараўленню, на якую і запрасілі мяне. Падпарадкоўваліся такія спецыялісты намеснікам старшыні райвыканкама па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. На Лунінеччыне на той час ім быў Аляксандр Іванавіч Курак – добры, чулы, спагадлівы, высакародны чалавек, які рана пайшоў з жыцця. Яго ўклад, а таксама старанні тагачаснага загадчыка аддзела адукацыі Уладзіміра Лук’янавіча Філіновіча, галоўнага ўрача Івана Іванавіча Архіпчыка неацэнныя. Гэта яны, не ведаючы стомы і спакою, накіроўваліся ў бясконцыя камандзіроўкі не толькі па Беларусі, але і па ўсяму Саюзу ў пошуках здраўніц, якія маглі б прыняць жыхароў нашага раёна. А тады, калі памятаеце, выязджалі цэлымі сем’ямі. Геаграфія была вельмі шырокай. Здраўніцы, Крыма, Каўказа, Малдовы, Расіі, Прыбалтыкі… Нават у Забайкалле самалётам лёталі. Праезд і пуцёўкі для ўсіх былі бясплатнымі. Але пра транспарт трэба было клапаціцца. Наладжванне кантактаў з аэрапортамі, браніраванне месцаў на чыгунцы, перамовы з аўтапаркамі, арганізацыя спецыяльных рэйсаў… Проста не ўявіць, колькі гэта патрабавала сіл і нерваў.

– Думаю, многія з лунінчан памятаюць выпадак, калі па нейкай прычыне людзі, выязджаючы на азадараўленне, не маглі сесці ў вагоны і выйшлі на рэйкі , ледзь не на суткі затрымаўшы састаў.

– Гэта быў адзін з найбольш нашумеўшых выпадкаў. Разбірацца ў ім прыязджалі нават карэспандэнты рэспубліканскіх газет. Ехала вялікая група жыхароў Лунінеччыны на Чорнае мора ў Сяргееўку. Састаў фарміраваўся ў Магілёве, ішоў ледзь не праз усю Беларусь, па дарозе забіраючы “чарнобыльцаў”. Два вагоны былі забраніраваны для лунінчан. Калі поезд спыніўся на вакзале, нашы месцы аказаліся занятымі: чыгунка прадала білеты пасажырам не да Лунінца, а чамусьці да канечнага пункта. Скандал. Давялося падключаць упраўленне чыгункі. Там спачатку паабяцалі адправіць людзей на наступны дзень, але пакрыўджаныя пасажыры ўзбунтаваліся і выйшлі на рэйкі… У выніку дадатковыя вагоны ўсё-такі далі, людзей, хоць і з вялікім спазненнем, адправілі на мора. Увогуле адправак у той час было вельмі шмат – раніцай, вечарам, уначы… Працавалі проста-такі ў аўральным рэжыме.

Памятаецца і яшчэ адзін выпадак, які вельмі яскрава характарызуе Аляксандра Іванавіча Курака. Мы з ім адпраўлялі на аздараўленне чарговую групу жыхароў Лунінеччыны. Усе – з дзеткамі раным-рана з’явіліся да гісцініцы, куды павінны былі падаць аўтобусы з нашага аўтапарка №10. Чакаем гадзіну, дзве… Людзі пачалі нервавацца. Спрабуем растлумачыць, што тэхніка мае крыўдную здольнасць псавацца ў самы непадыходзячы момант. Ніхто нас асабліва не чуе. І тады Аляксандр Іванавіч кіруецца ў гасцініцу, дзе толькі што адкрыўся буфет. Праз некаторы час выходзіць да людзей і так проста і па-чалавечы звяртаецца да іх: разумеем, маўляў, што гэта – дадатковыя нязручнасці, але каб вашы дзеткі не капрызнічалі і маглі спакойна дачакацца транспарту, які вось-вось будзе, заказалі для іх паўнацэнны сняданак. Ведаю, што плаціў ён тады за ўсё са сваёй кішэні. Ніхто яму, вядома, грошай гэтых не вяртаў. Такім ён быў…

Час лечыць любы боль. Вось і вастрыня Чарнобыльскай трагедыі сціраецца на фоне не менш уражваючых падзей, што прыносіць паўсядзённасць. Мы міжволі сувымяраем іх з мінулым і ў чарговы раз спрабуем даць ацэнку таму, што адбылося, зноў і зноў прапаноўваючы сваю шкалу прынцыповасці і справядлівасці…

Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть