Прямая линия

НЕВЫРАШАЛЬНЫХ ПРАБЛЕМ БЫЦЬ НЕ ПАВІННА

На пытанні чытачоў “ЛН” адказвае старшыня раённага выканаўчага камітэта Васіль Міхайлавіч АГІЕВІЧ.

Уладзімір Брэзін, Дзятлавічы. Скажыце, ці магчыма на Лунінеччыне, як гэта было раней, адкрыць дыспансер для лячэння хворых на туберкулёз?

– Ёсць строгі пералік медыцынскіх устаноў, прадугледжаных на тэрыторыі нашага раёна. Названага дыспансера ў ім няма. Гэта, аднак, не значыць, што хворыя не атрымліваюць неабходнай медыцынскай дапамогі. Наладжана рэгулярнае флюараграфічнае абследаванне жыхароў. Працуюць два туберкулёзныя кабінеты у Лунінцы і Мікашэвічах. Пры неабходнасці чалавек накіроўваецца ў спецыялізаваныя медыцынскія ўстановы ў Малоткавічы, Брэст, Мінск, дзе ім аказваецца высокакваліфікаваная спецыялізаваная дапамога.

– Скажыце, а чаму нельга адкрыць бальніцу ў Дзятлавічах? Вёска ж вялікая, а пустуючых будынкаў нямала. Узяць хоць бы былую школу на станцыі Дзятлавічы.

– Школу на станцыі закрылі не проста так, а па прычыне яе аварыйнага стану, таму “сяліць” тут іншую ўстанову нельга. У Дзятлавічах ёсць урачэбная амбулаторыя. Яе загадчыца Лілія Іосіфаўна Трухановіч – выдатны спецыяліст. Яна, дарэчы, стала “Чалавекам года-2009”. Урач упэўнена трымае руку на пульсе аховы здароўя Дзятлавіцкага рэгіёна. У кожнай вёсцы, зразумейце, бальніцу не адкрыеш. Ды і сэнсу ў гэтым няма. Варта сказаць, што апошнім часам усё больш аддаеца перавага стацыянарзамяшчаючым тэхналогіям, прасцей кажучы, так званым дзённым стацыянарам. Вось і ў Дзятлавічах такі дзённы стацыянар ёсць. Да таго ж, на 2010-ты год запланаваны ўвод новай бальніцы ў Лунінцы, дзе кваліфікаваную рознабаковую медыцынскую дапамогу змогуць атрымаць усе, хто ў гэтым мае патрэбу.

Мікалай Ермаковіч, Азярніца. Скажыце, ці будзе сёлета заасфальтаваны адрэзак дарогі ад Бродніцы да Азярніцы?

– На жаль, вымушаны вас расчараваць. Названая вамі прасёлачная дарога, як і тая, што вядзе ад Лахвы да Любачына, сёлета заасфальтавана не будзе. Мы звярталіся з гэтай праблемай да кіраўніцтва “Брэстаблдарбуда”, але атрымалі катэгарычны адказ: “На гэтыя работы сродкі сёлета не прадугледжаны”.

Вольга Пракаповіч, Мікашэвічы. Да нядаўняга часу ў Мікашэвічах можна было купіць мінскі хлеб, але зараз яго днём з агнём не адшукаеш. Кажуць, гандляваць ім забараніў райвыканкам. Але ж ці правільна навязваць чалавеку тое, што не падабаецца? Мне, напрыклад, даспадобы толькі мінскі хлеб!

– Вядома ж, колькі людзей – столькі і меркаванняў, а на густ і колер цяжка знайсці таварыша. Між тым, некалькі год таму менавіта пасля вывучэння попыту і меркаванняў мясцовых жыхароў было зроблена ўсё для таго, каб кардынальна пашырыць і змяніць асартымент хлебабулачных вырабаў, абнавіўшы вытворчасць. Сёння іх выпускам займаецца “Лунінецкі хлебазавод” РУВП “Брэстхлебпрам” і цэхі хлебапячэння НВК “Палессе” райспажыўтаварыства. Мучныя кандытарскія вырабы, акрамя гэтага, пастаўляе аддзел рабочага забеспячэння станцыі Лунінец. Штодня ў гандлёвую сетку паступае больш як 15 тон хлеба і булак. А асартымент такі вялікі, што вы, верагодна, многія з іх проста не спрабавалі. Між тым, усё пазнаецца ў параўнанні. Асабіста я лічу, што смачней за наш хлеб проста няма! Афіцыйнай забароны на продаж мінскага хлеба няма, але ўлічваючы той факт, што заяўкі гандлёвых прадпрыемстваў раёна поўнасцю задавольваюцца мясцовай прадукцыяй, райвыканкам не звяртаўся на мінскія хлебазаводы з просьбай пастаўкі хлеба ў рознічную сетку. Ды ў гэтым і няма неабходнасці. Разумна і правільна – на поўную магутнасць задзейнічаць існуючыя магутнасці, падтрымліваючы вытворцаў-землякоў.

– Я можа і не спрабавала ўсе гатункі мясцовага хлеба, але скажу адназначна, што батоны і кандытарская выпечка цэхаў НВК “Палессе” смачныя, а вось хлеб пакідае жадаць лепшага…

– Звернем увагу кіраўніцтва на паляпшэнне менавіта якасці хлеба.

Лідзія Касцючэнка, Лунінец. Звяртаюся да вас ад імя ўсіх жыхароў вуліцы Паўночная. З нядаўняга часу яна стала вызначацца інтэнсіўным аўтамабільным рухам. Менавіта яе выбралі для праезду да паліклінікі шматлікія вадзіцелі, якія штораніцы едуць на медагляд у паліклініку. А вуліца разбітая, уся ў ямінах, якія пасля дажджу доўга трымаюць ваду. У сухое надвор’е надакучвае пыл. Паўночная не такая і працяглая, але знаходзіцца ў цэнтры горада і проста псуе агульны выгляд нашага Лунінца. (Падобных тэлефанаванняў наконт вуліцы Паўночная было яшчэ чатыры – Т.В.).

– Камунальная служба атрымае адпаведнае даручэнне вывучыць сітуацыю на месцы. Пасля гэтага вырашым, што можна там зрабіць.

Як пазней паведаміў намеснік старшыні райвыканкама А.Я. Цяльпук, сітуацыя на Паўночнай і сапраўды патрабуе прыняцця неадкладных мер. Улічваючы тое, што ў хуткім часе заканчваецца асфальтаванне суседняй вуліцы 8 Сакавіка, вырашана спецыяльную тэхніку не перакідваць на іншы аб’ект, а распачаць добраўпарадкаванне Паўночнай. Пакуль жа там вядуцца падрыхтоўчыя работы. Мяркуецца, што пасля таго, як вуліца будзе заасфальтавана, па ёй спецыяльныя знакі абмяжуюць магчымасць праезду тэхнікі.

Турбуюць жыхары вуліцы Кутузава. Ці будзе сёлета заасфальтавана наша вуліца? Добраўпарадкавання патрабуе і суседняя Светлая…

– На жаль, у плане капітальнага добраўпрадкавання на сёлетні год ні першая, ні другая вуліцы не значацца. А вось падсыпаць гравіем, думаю, зможам. Кмунальная служба атрымае адпаведнае даручэнне.

Вольга Якубовіч, Лунінец. Жыву на Залессі па вуліцы Лясная. Вырашылі газіфікаваць дом, але нам растлумачылі, што без уступлення ў кааператыў гэта немагчыма. Ці сапраўды так?

– Вам правільна сказалі. Варта звярнуцца ў раённае ўпраўленне газавай гаспадаркі, дзе вам падрабязна абазначаць алгарытм дзеянняў.

Раіса Кіпцэвіч, Дзятлавічы. Мы жывем ва ўрочышчы за рэчкай. Многія з вяскоўцаў трымаюць кароў. Агульны статак налічвае недзе галоў 70, а малако прадаць дзяржаве магчымасці не маем – малазборшчыка няма…

– Старшыня сельвыканкама Канстанцін Андрэевіч Мардухай атрымае даручэнне тэрмінова вырашыць гэтую праблему.

Як стала вядома, праз дзень пасля правядзення “Прамой лініі” малаказборшчыца Н.Р. Канапацкая пачала забіраць малако з прыватных падворкаў Набярэжнай і іншых навакольных дзятлавіцкіх вуліц.

Іван Піліпцэвіч, Лахаўка. У нас зямлю пад соткі людзям далі дрэнна апрацаваную, леташнюю салому ледзь прыкрылі. Многія не могуць бульбу пасадзіць. Брыгадзір Васіль Насеня на праблемы нашы не звяртае ўвагі. Няма каму паскардзіцца. А яшчэ мерыцца стаць дэпутатам райсавета.

– Адпаведныя службы выедуць на месца, каб разабрацца.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В.Д. Клімчук паведаміў, што прэтэнзій да якасці сотак у жыхароў няма. Надзелы былі апрацаваны з восені, унесены неабходны комплекс мінеральных угнаенняў. Сам І.І. Піліпцэвіч бульбу на выдзеленым участку ў 18 сотак пасадзіў адразу ж. Што датычыць намеру В.В. Насені стаць дэпутатам раённага Савета, то землякі прытрымліваюцца іншага, чым І.І. Піліпцэвіч, меркавання. На адбыўшыхся 25 красавіка выбарах яны пераканаўчай большасцю галасоў даверылі Васілю Васільевічу права абараняць іх інтарэсы ў прадстаўнічым органе раённай улады.

– Яшчэ пытанне. Чаму былое кіраўніцтва раёна не стрымала сваё слова? Некалі і старшыня райвыканкама, і дэпутаты абяцалі, што, пазбавіўшы людзей выплат за пражыванне на забруджанай тэрыторыі, накіруюць гэтыя сродкі на будаўніцтва бальніцы ў Лахве. Сёння Лахва не толькі без бальніцы, але і без урача. На прыём сюды прыязджаюць дактары з розных вёсак. І не ўсімі імі задаволены людзі.

– Абвінавачваць тагачаснае кіраўніцтва і дэпутатаў у тым, што за чарнобыльскія грошы недабудавана бальніца ў Лахве, не зусім карэктна. Чарнобыльскія сродкі, як здагадваецеся, хоць і не такія вялікія, былі накіраваны на рэальныя справы. І наш раён у гэтым сэнсе нельга лічыць абдзеленым: менавіта за іх будуецца бальніца ў Лунінцы. Што датычыць узвядзення стацыянарнай медустановы ў Лахве, то наўрад ці варта сёння абмяркоўваць гэтую праблему. За сем кіламетраў ад вёскі ў Кажан-Гарадку ёсць выдатная ўчастковая бальніца, куды пры неабходнасці накіроўваюцца на лячэнне жыхары з усіх навакольных вёсак. Што датычыць урачэбных кадраў, то недахоп іх адчуваецца не толькі ў Лахве. Ёсць упэўненасць, што праблема будзе вырашна ў жніўні, калі ў раён прыедуць маладыя спецыялісты.

– Растлумачце, калі ласка, чаму, калі на цэнтральнай сядзібе ў Любані ўзводзілі аграгарадок, Лахаўку аніякім чынам не закранулі пераўтварэнні? А гэта ж практычна адна вёска.

– Я ведаю праблемы Лахаўкі, самая балючая з якіх – добраўпарадкаванне вуліц. Пакуль сродкаў на тое, каб заасфальтаваць хаця б цэнтральную, няма. Ёсць прапанова ліквідаваць яміны, падсыпаўшы вуліцу шчэбенем і адсевам, але жыхары на гэта не згаджаюцца, а без іх згоды прыступаць да гэтых работ не рызыкуем.

Працую ў СВК “Велута” жывёлаводам. Чаму у сельгаскааператыве домікі, пабудаваныя па Прэзідэнцкай праграме даюць людзям, якія наогул не працуюць у гаспадарцы?

– Ці можаце назваць канкрэтныя факты?

– А вы праверце, і факты гэтыя будуць вядомы.

Як паведаміў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В.Д. Клімчук, папярэдняй праверкай устаноўлена, што пастаноўка на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і выдзяленні жылых памяшканняў у СВК “Велута” ажыццяўляецца згодна з жыллёвым заканадаўствам і ўмовамі калектыўнага дагавору.

Звяртаюся ад імя жыхароў вуліцы Набярэжная ў Дзятлавічах. Жывуць тут пераважна старыя людзі, а вуліца нядобраўпарадкаваная – уся ў ямінах і выбоінах. Няўжо нельга яе хоць крыху прывесці ў парадак?

– Сродкаў на добраўпарадкаванне і сапраўды не хапае, але старшыня сельвыканкама К.А. Мардухай атрымае даручэнне з тым, каб вызначыць, чым можна дапамагчы.

Як паведаміў К.А. Мардухай, “пакрыццё вуліц Зарэчная і Набярэжная выканана з каменю і шчэбеню. З часам яно прыйшло ў непрыгоднасць. У снежні 2009 года названыя вуліцы, як і іншыя ў населеных пунктах сельсавета, перададзены на баланс ДРБУ-101. Названай арганізацыі на добраўпарадкаванне вуліц і дарог Дзятлавіцкага рэгіёна на 2010 год прадугледжана 45,5 мільёна рублёў. Сродкі накіроўваліся на расчыстку вуліц ад снегу зімой, грэйдзіраванне і падсыпку пяском Савецкай, Новай, Садовай, Зялёнай у Дзятлавічах і вуліцы Лясная на станцыі Дзятлавічы. Будзем хадайнічаць, каб названыя вуліцы былі ўключаны ў план добраўпарадкавання на 2011 год”.

– Яшчэ пытанне. Наш агарод амаль штовясны трапляе ў зону падтаплення. Сёлета хацелі ў добраахвотным парадку застрахаваць не толькі пабудовы, але і пасевы, але ў прадстаўніцтве Дзяржстраху нам адмовілі. Ці правільна?

– Ужо даводзілася сутыкацца з гэтай праблемай. Пабудовы падлягаюць добраахвотнаму страхаванню, а вось пасевы на агародах жыхароў прыватных сядзіб – не.

У Дрэбску на могілках пахаваны ўдзельнік вайны Міхаіл Антонавіч Журыба. Побач расце вялікая бяроза, якая пагражае разбурыць помнік. Звярталіся ў сельвыканкам, аднак там ніякіх мер не прымаюць.

– Старшыня сельвыканкама Дзям’ян Сцяпанавіч Бірыла пабывае на месцы і разбярэцца ў сітуацыі.

У адказе за подпісам Д.С. Бірылы значыцца: “16 красавіка 2010 года камісіяй у складзе старшыні сельвыканкама, сакратара і старасты вёскі быў абследаваны стан надмагільнага помніка М.А. Журыбу. Непадалёк і сапраўды расце бяроза, узрост якой прыкладна 30-40 год. Як упэўніліся, пагрозы помніку яна не ўяўляе. Родныя пахаванага настойваюць на тым, каб спілаваць дрэва, але можна гэта зрабіць толькі з дапамогай аўтавышкі. Падагнаць яе перашкаджаюць іншыя пахаванні, якія і сапраўды могуць быць пашкоджанымі, што выкліча справядлівыя скаргі насельніцтва”.

Жыву ў Язвінках, маю свой дом і 15 сотак агарода. Увесь час карысталася надзелам, які некалі побач з нашай хатай выдзелілі брату. Брат жыў у 8-кватэрным калгасным доме, і яму, як і астатнім жыльцам, давалі ўчасткі пад агарод. Родзіч даўно пераехаў у сталіцу, у яго кватэры ў Язвінках жыве іншая сям’я. Пэўны час я працягвала карыстацца ўчасткам, але нядаўна новыя кватэраздымшчыкі прад’явілі свае правы на гэтую зямлю. Ці нельга ўзаконіць права карыстання надзелам за мной?

– Справа ў тым, што, як растлумачыў выконваючы абавязкі старшыні Дварэцкага сельвыканкама Аляксандр Іванавіч Віднікевіч, названыя ўчасткі першапачаткова выдзяляліся менавіта для жыхароў шматкватэрнага дома. І гэтае права за імі застаецца. Калі ж у вас не хапае агарода, то бесперашкодна атрымаеце надзел у полі.

Соф’я Літвіновіч, Мікашэвічы. Турбую вас, Васіль Міхайлавіч, ад імя жыхароў вуліцы Мельнічная. Нашы агароды штогод трапляюць у зону падтаплення. Мы лічым: усё па прычыне таго, што, перасыпаўшы канал, які знаходзіцца непадалёку, замест мастка ўстанавілі трубу вельмі малога дыяметру. Мы патрабуем, каб яе замянілі жалезабетонную большага дыяметру. Звярталіся ў гарвыканкам, але там не ідуць насустрач.

– Не ўпэўнены, што гэтая частковая мера зможа кардынальна вырашыць праблему, якая даўно наспела ў Мікашэвічах. Раю вам крыху пацярпець. Сёлета спецыялістамі будуць абследаваны ўсе водаадводныя каналы ў горадзе. Іх узбярэжжы пазбавім ад хмызоў і іншай расліннасці, а самі каналы спецыялістамі будуць расчышчаны. І пачнем работу з Пангаласаўскага канала. Адначасова будзе распрацавана схема супрацьпавадкавых мерапрыемстваў. Вядома, на ўсё гэта патрэбны велізарныя фінансавыя сродкі, але мы будзем іх шукаць, бо наводзіць парадак у Мікашэвічах трэба.

Вольга Бірыла, Цна. У нас з суседзямі выйшла спрэчка за мяжу. У выніку самазахопу быў перакрыты праезд да ўчасткаў. Нам прапанавалі аформіць усю належную тэхнічную дакументацыю, што і было зроблена. Згодна з вызначанымі межамі сядзіб мы сваю агароджу прыбралі, а суседзі – не. Праезду як не было, так і няма.

– Вядома ж, усё трэба рабіць, згодна з законам і дакументацыяй на ўчасткі. Старшыня сельвыканкама Дзям’ян Сцяпанавіч Бірыла прасочыць, каб гэтыя патрабаванні выконваліся беспярэчна.

У ходзе “Прамой лініі” прагучаўла яшчэ адно пытанне са Цны ад Вольгі Чарнюк. Высветліць усе нюансы справы павінна землеўпарадкавальная служба. Яе вывады будуць апублікаваны ў адным з бліжэйшых нумароў “ЛН”.

Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Прямая линия

НЕВЫРАШАЛЬНЫХ ПРАБЛЕМ БЫЦЬ НЕ ПАВІННА

На пытанні чытачоў “ЛН” адказвае старшыня раённага выканаўчага камітэта Васіль Міхайлавіч АГІЕВІЧ.

Віктар Гулевіч, Лунінец. Добры дзень, Васіль Міхайлавіч. Чалавек вы у нас параўнаўча новы, таму хачу падказаць праблему. Паміж ліцэем і каледжам сельскагаспадарчай вытворчасці ёсць сасновы бор. Ці нельга паўплываць на лясгас, каб там навялі парадак. Тут любімае месца адпачынку гараджан, заўсёды шмат машын, а пасля іх застаецца шмат смецця…

– На Лунінеччыне я ўжо роўна год, таму назваць мяне чалавекам новым можна хіба ўмоўна. Добра ведаю і мясціны каля ліцэя. Гэта сапраўдная жамчужына нашага краю. І, вядома ж, шкада, што сёння яна ў такім непрыглядным стане. Зробім адпаведнае даручэнне работнікам лясгаса. Адначасова хачу звярнуцца да лунінчан, якія любяць адпачываць у гэтым бары. Зусім нескладана паклапаціцца пра тое, каб не пакідаць там пасля сябе сметнік. Ад гэтага будзе прыемна і вам самім, і тым, хто завітае сюды пасля вас. Каштоўнасці, падораныя прыродай, трэба вучыцца берагчы. Што датычыць перспектывы, то адзначу, што ў будучым плануем тут зрабіць нармальнае ўтульнае месца для адпачынку. Плануецца, што бор ператворыцца ў рэліктавы парк з прыгожымі дарожкамі і іншымі атрыбутамі падобных месцаў. Сёлета зрабіць гэта не атрымаецца, аднак і на далёкую песрпектыву адкладваць не будзем. А санітарны парадак навядзем у бліжэйшы час.

Марыя Нікалаевіч, Красная Воля. Я – ветэран працы, усё жыццё працавала ў калгасе. Яшчэ ў 70-я гады была даяркай-чатырохтысячніцай. Маю узнагароды, у тым ліку і рэспубліканскія. Зараз я на пенсіі, інвалід 1-ай групы. Даглядае мяне дачка, якая да нядаўняга часу працавала ў “Міжлесскім” малаказборшчыцай. Зараз і яна часова не працуе, бо папраўляе здароўе пасля аперацыі. Зразумела, што ў хаце вымушаны берагчы кожную капейку. Ніколі не адмаўляемся ад сотак. І вельмі крыўдна было даведацца, што за зямлю, якую пад соткі выдзяляюць на маё імя сёлета трэба плаціць грошы. Адна сотка каштуе дзве тысячы рублёў. Вядома ж, сама абарабляць участак я не здолею, дачка дапамагае, але з гэтага агарода я ж пакуль жыву…

– Скажыце, Марыя Іванаўна, а вы звярталіся з гэтай праблемай да кіраўніка гаспадаркі?

– Не звярталася. Я ж за парог хаты ўжо не выходжу…

– Ну вось бачыце, дык адкуль ён можа ведаць пра вашы беды? Абяцаю, што вывучым вашу праблему і пастараемся дапамагчы.

– Дзякуй вам!

Як паведаміў дырэктар КУП “Міжлесскае” В.Е. Коваль, льготнай катэгорыі грамадзян, у якую ўваходзяць ветэраны і інваліды калгаснай вытворчасці, соткі выдзяляюцца бясплатна. Акрамя гэтага, старшынёй райвыканкама В.М. Агіевічам было дадзена даручэнне спецыялістам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне пабываць у М.І. Нікалаевіч і на месцы высветліць, у якой дапамозе яшчэ мае патрэбу жанчына. У выніку вырашана аказаць ёй матэрыяльную дапамогу, на якую адзін раз у год маюць права пажылыя і непрацаздольныя грамадзяне, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, і непрацаздольныя інваліды, якія стаяць на ўліку ва ўпраўленні. Для гэтага М.І. Нікалаевіч трэба пераслаць ва ўпраўленне адпаведную заяву.

Добры дзень, Васіль Міхайлавіч. Вас турбуе малады спецыяліст з рамонтна-механічнага завода. На нашым прадпрыемстве арандуе плошчы фірма “АС-2009”. Створана яна нядаўна, але ўжо з’ўляецца заведамым банкрутам. РМЗ не мае ад яе даходаў, не думаю, што і ў раённы бюджэт паступаюць ад яе прыкметныя плацяжы ў выглядзе падаткаў. Тым не менш, даведалася, што кіраўнік “АС-2009” Мельянец балаціруецца ў абласны і раённы Саветы дэпутатаў. Як можа прэтэндаваць на месца народнага выбранніка чалавек, які не можа належным чынам наладзіць уласную справу?
– У дадзеным канкрэтным выпадку заканадаўства не парушана: мае чалавек права вылучаць сваю кандыдатуру на выбары – ён ім скарыстаўся. Што датычыць пытання, то вы самі на яго адказалі. Лунінец – горад не такі і вялікі. Многія адзін аднаго ведаюць. Думаю, жыхары разбяруцца і зробяць правільны выбар, за каго аддаць свой голас.
Тэлефаную з Лунінца. Прозвішча па зразумелай прычыне называць не буду. У СШ №3 на Залессі штодня прымушаюць дзяцей прыбіраць школьную тэрыторыю. Наш чацвертакласнік прыходзіць са школы брудным. У такім жа становішчы і іншыя вучні, а на Залессі, як вядома, пераважае прыватны сектар. Не ва ўсіх ёсць магчымасць вымыць тое дзіця як след. Да таго ж, што там прыбіраць кожны дзень? А што робіць вялікі штат тэхнічак і дворнікаў?

– Вы супраць таго, каб прывучаць дзяцей да працы?

– Абсалютна не. Ды нашы дзеці і так да працы прывучаныя. Я разумею, калі перыядычна праводзяцца суботнікі, але ж навошта іх ладзіць кожны дзень?

– Пастараемся разабрацца ў сітуацыі.

Як паведаміў дырэктар СШ №3 г. Лунінца В.А. Трэгубаў, штодня ў школе ніхто не прыцягвае дзяцей да ўборкі тэрыторыі. А што датычыць вучняў пачатковых класаў, то яны наогул у такіх работах не ўдзельнічаюць. Згодна з планам на 2009/2010 навучальны год, у школе ў кастрычніку мінулага года праводзілася акцыя “Школа – наш дом, навядзі парадак ў ім” і ў красавіку сёлетняга – “Прыгажосць жыве побач”. У іх удзельнічалі вучні 5-11 класаў. Аб’ём работ, вызначаны для іх, не такі і вялікі. Як правіла, абмяжоўваецца ён навядзеннем парадку на замацаваных за класамі невялікіх клумбах.

Вольга Пясоцкая, Язвінкі. У нашай гаспадарцы работнікам СВК соткі даюць бясплатна, а нам, пенсіянерам, якія ўсё жыццё адпрацавалі ў сельскай гаспадарцы,трэба плаціць па тысячы за сотку. Дзе ж справядлівасць? Да таго ж землі выдзелілі такія, што не ведаеш, на што аддаваць атрыманую пенсію: ці то за ўчастак плаціць, ці наймаць прыватніка, каб падрыхтаваць надзел як след да пасадкі бульбы.

– Я думаю, што ў гаспадарцы ёсць адпаведны дакумент, які рэгламентуе парадак выдзялення і аплаты за карыстанне соткамі. Старшыня праўлення СВК “Дварэцкі” Васіль Іванавіч Яцукевіч растлумачыць гэта дакладна.

Як паведаміў В.І. Яцукевіч, праўленнем СВК прынята рашэнне, згодна з якім тым, хто працуе ў гаспадарцы, соткі і сапраўды выдзяляюцца бясплатна. “Тым, хто не працуе ў СВК, давядзецца плаціць за сотку зямлі па 2000 рублёў. Пенсіянерам, якія пайшлі на заслужаны адпачынак з былога калгаса “Расія” ці сённяшняга СВК “Дварэцкі” устаноўлена 50-працэнтная скідка. Усе выдаткі на льготы гаспадарка бярэ на сябе. Соткі бясплатнымі для працуючых зрабілі толькі таму, што заработная плата нашых земляробаў і жывёлаводаў вельмі нізкая. Мы б рады дапамагчы ўсім, але фінансава-эканамічнае становішча “Дварэцкага” застаецца складаным, – растлумачыў Васіль Іванавіч. – Што датычыць якасці апрацоўкі поля, то зрабілі гэтую работу яшчэ з восені. Тады была ўзарана амаль 500-гектарная плошча. Зараз адцягваць тэхніку на апрацоўку надзелаў для жыхароў сельсавета проста не маем права. Гаспадарка мае вялікія аб’ёмы работ на сяўбе – 2800 гектараў, з якіх засталося пасеяць каля 1000. Вельмі неабходна не ўпусціць аптымальныя тэмріны сяўбы, і мы для гэтага будзем рабіць усё магчымае”.

Вера Іванаўна, Лунінец. Васіль Міхайлавіч, хачу пачуць ваша меркаванне пра кандыдатаў у дэпутаты, якія балаціруюцца ў абласны Савет па нашай Лунінецкай выбарчай акрузе №42. Адзін, каб не лічыцца беспрацоўным стварыў фірму, якая немаведама чым займаецца. Навошта ўвогуле такія прадпрыемствы патрэбны, ад якіх ніякай карысці ні сабе, ні людзям? Хіба толькі, каб прыкрыцца імі, калі ідзеш на выбары… Другі, нягледзячы на тое, што атрымаў у Беларусі годную адукацыю, паехаў “шліфаваць” яе за мяжу. За якія-такія сродкі? На Лунінеччыне практычна не жыве. На мой погляд, куды больш годным было б аддаць даўгі Радзіме. А то ў калгасе менш як год працаваў… Рэальнай справы ні аднаго, ні ў другога не бачна, адна дэмагогія.

– Мне, паважаная Вера Іванаўна, не дужа карэктна было б выказваць зараз сваё меркаванне наконт дэпутатаў, пра якіх вы кажаце. Яны – жыхары нашага раёна. Але не сумняваюся, што многія з лунінчан прытрымліваюцца гэткай жа, як і ваша, думкі. Чалавек і сапраўды для таго, каб нешта важкае рабіць для іншых, сам павінен адбыцца ў жыцці і абранай справе. Заявіць пра сябе, як пра мудрага, годнага, слушнага чалавека, які дасягнуў пэўных вышынь у рэальным жыцці, паспеў нямала добрых спраў зрабіць для нашай Лунінеччыны.

Упэўнены, што лунінчане зробяць правільны выбар. Я проста хачу звярнуцца да ўсіх жыхароў раёна з просьбай і заклікам прыйсці 25 красавіка на выбары. Ведаю, што многія зараз спяшаюцца на дачныя ўчасткі і агароды, але, упэўнены, што знайсці гадзіну-другую для таго, каб выкананць грамадзянскі абавязак, мы з вамі павінны. Ад гэтага, як ні высакапарна гучыць, залежыць заўтрашні дзень і наша з вамі будучыня.

Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

2 комментария Комментариев

  1. Вы шукаеце бізнес-крэдыт, асабістага крэдыту, іпатэчнага крэдыту, аўто
    крэдыт, студэнцкі крэдыт, пазыкі кансалідацыі запазычанасці, незабяспечаных крэдытаў, венчурнага
    капіталу і г.д. .. Ці былі вы адмовіліся крэдыту банка або фінансавай
    ўстанову для аднаго або больш reasons.You ў патрэбным месцы на
    ваш крэдыт рашэнні! Я прыватны крэдытор, я выдаваць крэдыты
    кампаніі і прыватныя асобы па нізкай і даступнай працэнтнай стаўцы
    2%. Цікавасць. Калі ласка, звяжыцеся з намі па электроннай пошце hapyhomeloanfirm@gmail.com

    дзякуй,
    Г-жа Джульета карычневы

  2. Добры дзень, я місіс Джэніфер Джон, прыватны крэдыт крэдытор, які дае жыццё часу абвінавацілі крэдыты. Вам патрэбен крэдыт тэрмінова пагасіць свае даўгі ці вам патрэбен крэдыт, каб пашырыць свой ​​бізнэс? Вы былі адхіленыя банкамі і іншымі фінансавымі ўстановамі? Вам патрэбен крэдыт кансалідацыі або іпатэку? шукаю больш, таму што мы тут, каб зрабіць усё вашы фінансавыя праблемы сышлі ў мінулае. Мы крэдытуем сродкаў фізічных асоб, якія маюць патрэбу ў фінансавай дапамогі, якія маюць дрэнны крэдыт або мае патрэбу ў грошах для аплаты рахункаў, каб інвеставаць па справе ў памеры 2%. Я хачу выкарыстоўваць гэтую сераду паведаміць Вам, што мы даем надзейны і атрымальніка дапамогі і будзе гатовы прапанаваць крэдыт. Так, звяжыцеся з намі сёння па электроннай пошце: (jenniferjohn671@gmail.com)

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть