Прямая линия

ПРА ТАРЫФЫ, ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ І ПАВАЖЛІВЫЯ АДНОСІНЫ ДА ЖЫХАРОЎ

вёў дыялог з чытачамі “ЛН” дырэктр КУШВП ЖКГ “Лунінецкая жыллёва-камунальная гаспадарка” Васіль Мікалаевіч ВАКУЛЬЧЫК.

Плошча Леніна,8, Лунінец. У кватэры ўстаноўлены лічыльнікі гарачай і халоднай вады. У мінулым месяцы за адзін кубічны метр гарачай вады я плаціў 2100 рублёў, зараз трэба плаціць 3500. Чаму няма цвёрдага тарыфу на гарачую ваду?

– Уся справа ў тым, што зараз практычна ва ўсіх дамах, акрамя вадамераў у кватэрах, устаноўлены прыборы групавога ўліку. Згодна з іх паказчыкамі робіцца разлік расходу энергіі на падагрэў аднаго кубічнага метра вады. Як правіла, кожны месяц ён розны. Гэта і ўплывае на канчатковую лічбу ў “жыроўцы”.

– Атрымліваецца, што лічыльнікі ў кватэрах не патрэбны?

– Яны патрэбны, бо кожны з жыхароў плаціць за тую колькасць вады, якою скарыстаўся. Гэтую лічбу якраз і паказваюць кватэрныя вадамеры.

– Скажыце тады колькі плацяць тыя, у каго кватэрных лічыльнікаў няма?

– На працягу ацяпляльнага сезона за гарачую ваду яны плацяць па так званаму сярэдняму тарыфу. На сёння ён 2477 рублёў. Але пасля заканчэння зімы, згодна са спецыяльнай Пастановай Савета Міністраў, жыхарам робіцца пераразлік, і ў выніку лічба атрымліваецца нашмат большая. 

– Яшчэ адно пытанне. У доме №7, кватэра 1 па вуліцы Пінская жывуць мае ўнукі. Дом 1928 года пабудовы. Каватэра непрыватызаваная. Ці плануецца там капітальны рамонт ці хоць замена вокнаў – яны проста струхлелі?

– У дамах такога ўзросту капітальны рамонт не робіцца. У іх нават адпаведная плата не налічваецца. Згодна ж з артыкулам 51 Жыллёвага кодэкса, усе ўнутраныя работы, у тым ліку замена вокнаў, у гэтым і іншых дамах праводзяцца за кошт жыльцоў.

Вас турбуе старшыня жыллёва-будаўнічага кааператыва па вуліцы Красная, 107а Тамара Соц. Летась па рэкамендацыі ЖКГ мы набылі рэгулятар і звярнуліся да камунальнікаў па тэлефоне 115 з просьбай яго ўстанавіць. У адказ былі толькі абяцанні, рэгулятар не ўстаноўлены дагэтуль. Ведаю, што кошт работ нятанны. Атрымліваецца, камунальнікам непатрэбны грошы?

– Грошы нам вельмі патрэбны. Але летась мы закупілі для горада і павінны былі ўстанавіць у жылых дамах больш як 60 рэгулятараў. І, прабачце нас, проста не справіліся з такім аб’ёмам работ да пачатку ацяпляльнага сезона. А ўстанаўліваць гэтыя прыборы прадпісана ў міжацяпляльны час. Зрабіце, калі ласка пісьмовую заяўку на ўстаноўку, нашы службы зробяць каштарысную дакументацыю і, думаю на працягу другога квартала гэтага года мы выканаем усе неабходныя работы.

Рыгор Макейчык, Лунінец, Красная, 117а, кв. 64. Атрымаў “жыроўку” і ніяк не магу зразумець, адкуль там такія нерэальныя лічбы за гарачую ваду, тэабслугоўванне і іншыя камунальныя плацяжы?

– Вам і іншым жыхарам, якія з падобнымі пытаннямі звярнуліся на “Прамую лінію”, прыносім свае прабачэнні. У нашай службе даўно наспеў час абнавіць камп’ютэрнае праграмнае забеспячэнне налічэння і аплаты камунальных паслуг. У студзені спецыяльна для Лунінца кваліфікаванымі праграмістамі была распрацавана і ўстаноўлена такая праграма. Аднак пра перадачы дадзеных у “Беларусбанк” па невядомай прычыне адбыўся збой. Я зараз не магу дакладна сказаць па вашаму выпадку. Але прашу вас і іншых плацельшчыкаў, каб высветліць усе нюансы, звярніцеся, калі ласка, ў абаненцкую службу асабіста ці па тэлефонах 2-16-63 або 3-35-90. З наступнага месяца усе плацяжы будуць адрэгуляваны, а разам – выпраўлены усе сённяшнія памылкі.

Мы да вас з калектыўным зваротам. Вельмі цяжка дазваніцца ў абаненцкую службу, каб перадаць паказанні лічыльнікаў вады.

– Мне дзіўна чуць такі папрок. Для прыняцця паказанняў працуюць тры тэлефоны 2-16-83, 3-15-94 і 2-29-49.

– Але яны ўвесь час маўчаць, або занятыя! Уявіце сітуацыю, што мы не паспелі ці не змаглі перадаць гэтыя паказанні. На якой падставе з нас бяруць плату за лішнія кубічныя метры?

– Плату з вас бяруць не за лішнія кубічныя метры, а па сярэдняму спажывецкаму нарматыву, а ён можа аказацца большым за рэальны ваш штомесячны паказчык. Пасля таго, як вы перададзіце дакладныя лічбы, вам будзе зроблены пераразлік.

– Чаму ў “жыроўцы” няма, як належыць графы “папярэдні паказчык”, “апошні паказчык” і “тарыф”?

– Пасля ўкаранення новага камп’ютэрнага праграмнага забеспячэння налічэння і аплаты камунальных паслуг усё гэта будзе. Зараз ідзе даналадка сістэмы аплаты, таму магчымы збоі, за якія прыносім прабачэнні.

Скажыце, ці будзе сёлета праводзіцца капітальны рамонт нашага дома па вуліцы Савецкая, 13 у Лунінцы? Калі так, то ці будуць устанаўлівацца ў кватэрах бясплатныя вадамеры?

– У адпаведнасці з заключаным дагаворам № 013-06/2009 ФК ад 17 лютага гэтага года праектнай арганізацыяй ААТ “Будкамплект” вядуцца работы па абследаванню і выдачы заключэння аб стане тэхнічных канструкцый дома. Пасля гэтага ААТ “Брэстжылпраект” прыступіць да распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі. Якія дакладна работы будуць выкананы падчас правядзення капітальнага рамонту, можна будзе сказаць толькі пасля таго як будзе гатова ПКД. Ад гэтага, наяўнасці фінансавых сродкаў і таго, калі райвыканкамам будзе зацверджана праграма капітальнага рамонту жылога фонду, залежыць і тэрмін самога пачатку рамонту.

Вера Сарока, Вулька 2. Калі нарэшце ў нашай вёсцы будзе адрэгуляваны графік збору камунальных адходаў? Транспарт прыходзіць са спазненнем на гадзіну а то і на дзве. Людзі не могуць столькі часу чакаць на вуліцы смеццевозку. У такім выпадку ці правамерна з боку кіраўніцтва камунальнай службы пагражаць нам штрафамі і судамі? Людзі абураюцца. Калі плануецца ў нас, як у іншых населеных пунктах, устанавіць кантэнеры для збору смецця?

– Збор і вываз камунальных адходаў у Вульцы 2 зараз ажыццяўляецца трактарам кацельнай гаспадаркі в. Міжлессе адзін раз у тыдзень па чацвяргах пасля16-30. У лютым і сакавіку быў зафіксаваны зрыў графіка з-з няпраўнасці трактара. На жаль, майстар своечасова не паклапаціўся пра тое, каб заказаць ўзамен сапсаванаму новы транспарт з Лунінца. За гэта ён пакараны загадам па прадпрыемству. На працягу гэтага і наступнага года кантэйнеры ў Вульцы 2 ўстанаўліваць не плануецца.

Алена Бажко, Лунінец, Прыпяцкая, 1, кв. 69. Неаднаразова звярталася ў камунальную службу з прычыны дзіравага даху на нашым доме. Мы ж рамонт у кватэры зрабіць не можам і вымушаны жыць ледзь не ў антысанітарных умовах! І ўвогуле да камунальнікаў шмат пытанняў. Не так даўно ва ўсім доме адключылі падачу вады, маўляў, лічыльнікі ўстанаўлівалі. Але для гэтага можна адключыць падачу вады па стаяку, а не прыносіць людзям столькі нязручнасцей!

– Летась, Алена Канстанцінаўна, па вашай заяўцы камунальная служба рабіла выбарачны рамонт даху дома. Пагялядзім, што можна там зрабіць зараз. Што датычыць адключэння вады пры ўстаноўцы вадамераў, то, запэўніваю, у большасці выпадкаў робіцца гэта на кароткі часі менавіта па стаяку, на якім размешчаны кватэры, дзе ўстанаўліваюцца лічыльнікі. Але іншы раз пры эскплуатацыі выходзіць са строю асобная запорная арматура і нельга “перакрыць” стаяк. Менавіта так было ў вашым доме. Работнікі камунальнай службы былі вымушаны адключыць увесь дом. Адначасова праведзены работы па замене сапсаваных кранаў.



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть