Прямая линия

СВЯТЛО, ЦЯПЛО, ПАРАДАК І ВЕРА Ў ЗАЎТРАШНІ ДЗЕНЬ

(Заканчэнне. Пачатак у №71.)
На пытанні чытачоў “ЛН” адказвае старшыня райвыканкама Васіль Міхайлавіч АГІЕВІЧ.
Таццяна Капралава, Лунінец. Добры дзень, Васіль Міхайлавіч.  Разумею, што капітальна адрамантаваць кватэру зараз складана, але хаця б па мінімуму што зрабілі. А то падлога дзіравая, трубы цякуць…
– Таццяна Рыгораўна, пастараемся вам дапамагчы. Капітальны рамонт не абяцаю, але ухіліць цечы і памяняць трубы там, дзе трэба, камунальнікі даручэнне атрымаюць.
Як паведаміў дырэктар КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” В.М. Вакульчык, у кватэры Т.Р. Капралавай ухілены цечы ў ванным пакоі. Трубы халоднага водазабеспячэння заменены на поліпрапіленавыя.
Турбую вас ад імя жыхароў дома №105 па вуліцы Чырвоная ў Лунінцы. Падвальнае памяшканне пад’езда №1 пастаянна затоплена нечыстотамі. Звярталіся ў камунальную службу. Работнікі ЖЭСа памянялі трубы, але сітуацыя не змянілася.
– Думаю, вінаваціць камунальнікаў тут не трэба. Пасля вашых неаднаразовых зваротаў у доме і сапраўды памянялі трубаправод ад пад’езда да каналізацыйнага калодзежа. І спачатку ўсё было добра, але потым усё вярнулася на “кругі свая”. Камунальнікі перыядычна вымушаны прачышчаць забітую каналізацыю. Нядаўна гэта было зроблена ў чарговы раз. Зараз у падвале суха, але ці доўга так будзе? Спецыялісты камунальнай службы яшчэ раз правядуць растлумачальную гутарку. Ды толькі няўжо вы самі не здолееце заклікаць да парадку неахайных суседзяў, якія, выкідваючы смецце ў каналізацыю, шкодзяць сабе і іншым? 
– Яшчэ пытанне. Чаму камунальнікі не прыбралі пасля рамонту разбітыя бетонныя глыбы   і не аднавілі разбураную бетонную сцяжку?
– А вось гэта будзе зроблена да 1 кастрычніка 2012 года.
Скажыце, калі ласка, ці нельга аўтобусны прыпынак у Дрэбску перанесці крыху далей? Ён размешчаны непадалёк ад майго дома па вуліцы Чыгуначная,1 і прыносіць шмат нязручнасцей.
– У Дрэбск выехала спецыяльная камісія, каб высветліць, якія такія нязручнасці нясе вам аўтобусны прыпынак. На месцы ўпэўніліся, што ўваходу на двор і выхаду з яго прыпынак не перашкаджае. Да таго ж, месца размяшчэння ўзгаднялася з усімі зацікаўленымі бакамі. Пераносіць збудаванне па незадаволенасці аднаго асобна ўзятага чалавека лічу немэтазгодным. Тым больш, што ўзвядзенне новага прыпынку пацягне за сабой дадатковыя абсалютна не абгрунтаваныя затраты.
Пенсіянер з Лахвы Данцоў турбуе. Мяне цікавіць вось якое пытанне. Чаму мы, хто карыстаецца паслугамі кацельні на мясцовых відах паліва, і тыя, хто атрымлівае гарачую ваду і цяпло, дзякуючы імпартнаму прыроднаму газу, плацім за выгоды аднолькавую цану?
– Па-першае, трэба зазначыць, што цана гэтая для спажыўцоў далёкая ад рэальнай. Зараз 1 гігакалорыя каштуе для вас 53 тысячы 773 рублі, у той час як рэальныя затраты складаюць 308 тысяч 461 рубель. Плаціце толькі прыкладна 17 працэнтаў ад кошту. Дзяржава даціруе вам і іншым жыхарам больш як 254 тысячы рублёў за кожную гігакалорыю. Гэта значыць, бярэ на сябе асноўныя выдаткі, таму і ў праве ўстанаўліваць адзіны тарыф, зацверджаны Міністэрствам ЖКГ Рэспублікі Беларусь. Лічу гэта правільным і мэтазгодным.
Добры дзень, Васіль Міхайлавіч. Вас турбуюць жыхары інтэрната, што знаходзіцца па вуліцы Камсамольская,12 у Вульцы 1. Калі нарэшце нам зробяць абяцаны капітальны     рамонт?
– Памятаю, што вы звярталіся на “Прамую лінію” летам, але і тады не абяцаў вам капітальнага рамонту будынка, бо ў планах ні на гэты, ні на будучы год інтэрнат не значыцца (справаздача з “Прамой лініі” надрукавана ў №51 “ЛН” за 13.07.2012 г. – Т.В.). Што-кольвечы ў вас зроблена. Далейшыя работы, у тым ліку рамонт даху і касметычны рамонт месцаў агульнага карыстання, будуць выкананы ў кастрычніку гэтага і на працягу ІІ квартала будучага года.
Тэлефаную ад імя жыхароў дома №105 па вуліцы Чырвоная ў Лунінцы.
– Праблемны ў вас дом, аказваецца. На працягу гадзіны другі званок адтуль. Слухаю вас.
– У нас і сапраўды штогод праблема – з ацяпленнем і гарачым водазабеспячэннем  у кватэрах №№54 і 58.
– Спецыялісты абследавалі дом і ўстанавілі, што патрэбна замена цыркуляцыйнай помпы. Зараз у доме ўстаноўлена помпа большай магутнасці. Праблем быць не павінна. Аднак спецыялісты з камунальнай службы на працягу пэўнага часу будуць сачыць за тэмпературным рэжымам гарачай вады, а з пачаткам ацяпляльнага сезона – цепланосьбіта ў кватэрах.
Добры дзень, Васіль Міхайлавіч. Жывем у доме №117 па вуліцы Чырвоная ў райцэнтры. У нас пастаянна забіваецца каналізацыя ў падвале. Не сумняваюся,   што немалая віна ў гэтым – жыхароў. Няхай бы камунальнікі пры чарговым выкліку прадэманстравалі прычыну нашых бедаў.
– У камунальнай службе растлумачылі, што раней у вас падобныя праблемы былі пастаяннымі, таму ўлетку вырашылі выканаць замену падвальнай каналізацыі. Калі ў чарговы раз прыехалі на выклік, то ў прысутнасці некаторых жыхароў выявілі, што сцёк забіты камунальнымі адходамі, якія выкідваюць людзі. Што загадаеце рабіць? Зразумейце, пакуль мы самі не станем больш культурнымі і цывілізаванымі, то так і будзем змагацца з паветранымі млынамі. Пачынаць трэба з сябе.
Пачаўся навучальны год,  а на перакрыжаванні вуліц Пушкінская і Віленская ў Лунінцы ніяк не адрамантуюць асвятленне, хаця ліхтар ёсць.
– Ліхтар адрамантаваны, а заадно зроблена настройка рэжыму работы вулічнага асвятлення.
Скажыце, калі ласка, калі нарэшце паявіцца знак “Прыпыначны пункт аўтобуса” на вуліцы Смаленская каля старога радзільнага аддзялення і наладжана нармальнае асвятленне прыпынку?
– Названы знак камунальнікамі ўжо ўстаноўлены. Адначасова выканана замена ліхтара вулічнага асвятлення. 
Пенсіянер Якаў Дунчык турбуе. Маю ў гаспадарцы старэнькі аўтамабіль “Жыгулі”.  Наспеў рамонт рухавіка, але, здаецца, у нашым горадзе мне дапамагчы ніхто не здолее.
– Чаму так думаеце? У Лу-нінцы паслугі па рамонце і тэхнічнаму абслугоўванню транспартных сродкаў на пастаяннай аснове ажыццяўляюць 4 суб’екты гаспадарання – станцыя тэхнічнага абслугоўвання філіяла “Аўтабаза” райспажыўтаварыства (вул. Баханова,19, тэл. 2-39-45), ПТПУП “Газтэхнасервіс” (вул. Меліярацыйная,16б, тэл. 2-22-37), ПТПУП “КОЮССервіс” (АЗС-63, тэл. 8-029-978-09-09), ФГ “Чырэц” (вул. Лахаўская,4, тэл. 3-10-10). 
– Яшчэ пытанне. Ці нельга наладзіць падтрыманне нармальнага ўзроўню вады ў вадаёме Баханова? Яго апошнім часам аблюбавалі аматары рыбнай лоўлі, але ўлетку давялося адмовіцца ад любімага адпачынку: вельмі мала вады. Магчыма, гэта залежыць ад праходнасці меліярацыйных каналаў у наваколлі? Кажуць, што сюды паступае нават вада з Чорнага возера.
– Летам увогуле быў нізкі ўзровень грунтовых вод, таму і ў каналах яе было мала. А Баханова папаўняецца з іх у асноўным за кошт грунтовых, а таксама талай і дажджавой вады, якая сыходзіць з ляснога масіву. З Чорным возерам праз меліярацыйныя каналы сажалкі абсалютна не звязаны. Як паведамілі з раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, магчымасць штучнага папаўнення прудоў адсутнічае. Таму будзем задавольвацца тым, што ёсць.
Мікалай Якубовіч, Лунінец. На вуліцы Прыпяцкая пасля падключэння да выгод сацыяльнага дома каналізацыйны калодзеж уяўляе сабой вялікую яміну. Ці нельга яго прывесці ў нармальны выгляд, каб ён  не пагражаў ні людзям, ні аўтамабілям?
– Дзякуй за тэлефанаванне. Каналізацыйны калодзеж прыведзены ў парадак.
Уладзімір Вабішчэвіч, Лунінец. Калі нарэшце нашы праваахоўныя органы пачнуць працаваць нармальна?     Больш як 9 месяцаў ідзе расследаванне справы, узбуджанай па факту дарожна-транспартнага здарэння, у якім загінуў мой бацька. Зараз далі адказ, што следчыя дзеянні прыпынены. На якой падставе? І так усе тэрміны парушаны…
Як паведаміў часова выконваючы абавязкі начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Леанід Ванюк, крымінальная справа   №11012140702, узбуджаная па факту атрымання цялесных пакалечанняў Р.І. Вабішчэвічам, спынена на падставе п.2 ч.1 арт. 29 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях В.В. Паўлюкаўца саставу злачынства. Папярэдняе расследаванне па названай справе спынена на падставе п.1 ч.1. арт. 29 КПК РБ у сувязі з адсутнасцю грамадска- небяспечнага дзеяння. Такое рашэнне прынята               на падставе праведзенага папярэдняга расследавання па крымінальнай справе,                            а таксама заключэння камісійнай судова-медыцынскай экспертызы, праведзенай спецыялістамі Галоўнага ўпраўлення медыцынскіх судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь. Па выніках экспертызы цялесныя пакалечанні ў выглядзе пераломаў Вабішчэвіч Р.І. атрымаў у выніку падзення   і ўдару аб асфальт. Гэтыя траўмы адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх. Кровазліянне, ад якога пацярпелы памёр, адбылося ў выніку ўзроставых змяненняў.
Вольга Лобан, Лахва. Ці не плануецца заасфальтаваць вуліцу Рыбгасная? 
– У Лахвенскім сельсавеце ў плане добраўпарадкавання за апошні час зроблена нямала. Што датычыць Рыбгаснай, то асфальтаваць яе па прычыне недахопу грошай пакуль не плануецца. Аднак гэта не значыць, што яе выгляд сапсуюць вялікія яміны. Перыядычна па меры неабходнасці работнікі ДРБУ-101 будуць рабіць грэйдзіраванне і прафіліраванне, каб па вуліцы можна было і людзям хадзіць, і аўтамабілям ездзіць.
Сцяпан Нефідовіч, Любань. Калі і дзе будзе ўстаноўлены помнік Якубу Коласу, які знаходзіўся каля гасцініцы?
– Думаю, што ён застанецца на звычным месцы  каля гасцініцы і будзе ўстаноўлены пасля завяршэння рэканструкцыі будынка метраў на 5 на поўдзень ад ранейшага месцазнаходжання. 
Тэлефаную па просьбе жыхаркі вуліцы Пушкінская, 41 Вольгі Міхайлаўны Вярэніч. Яна пажылая, вельмі хворая жанчына. Дзяцей няма.  Дом – сапраўдная развалюха. З ёй разам жыве гэткі ж пажылы чалавек. Няхай бы перасялілі іх у хоць якую кватэру манеўранага фонду. Вунь  па завулку Кароткаму, 6 у такой кватэры на працягу 6 год жывуць маладыя здаровыя людзі. Яны пагарэльцы, але жыллё сваё аднавіць не імкнуцца. У доме, які пацярпеў ад пажару, іх маці свае пакоі адрамантавала і жыве. А яны лайдакуюць, п’юць, хоць і маюць дваіх дзетак…
– Спецыялісты жыллёва-камунальнага аддзела пад’едуць на Пушкінскую і возьмуць заяву з неабходнымі дакументамі. Названы жылы дом будзе абследаваны. У выпадку прызнання не прыгодным для жылля, В.М. Вярэніч будзе прынята на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і зможа спадзявацца на атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага карыстання. Што датычыць кватэры манеўранага фонду па названым вамі адрасе, то там і сапраўды жывуць пагарэльцы. Выкінуць іх на вуліцу з дзецьмі права не маем, але і цярпець іх бязладдзя ніхто не будзе. Дагавор найму заканчваецца ў красавіку 2013 года і працягнуты больш не будзе.
Пачыталі ў прэсе, што зараз ідзе абмеркаванне новых тарыфаў на электрычную энергію і ўвядзення дыферэнцыраванай аплаты за яе. Як можна выказаць сваю думку наконт дзяржаўнай тарыфнай палітыкі?
– Выказацца можна ў рэжыме on-line на афіцыйных інтэрнет-сайтах: Міністэрства энергетыкі РБ–http://www.minenergo.gov.by, “Бел-энерга” – http://www. energo. by, РУП “Брэстэнерга” – http://www.brestenergo. by, абл- выканкама  – http://brest-region.by. Акрамя гэтага, на названых афіцыйных сайтах ёсць графікі правядзення “Прамых тэлефонных ліній” з указаннем тэлефонаў.  Тэлефанаваць можна і ў Лунінецкі раён электрасетак 2-53-48. Ёсць таксама “гарачая лінія” ў Мінску, якая дзейнічае з панядзелка па пятніцу з 8.30 да 12.30 і з 13.30 да 17.30 па тэлефоне 8-(017)-218-29-96.
Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ. 
Показать больше

Похожие статьи

Прямая линия

СВЯТЛО, ЦЯПЛО, ПАРАДАК І ВЕРА Ў ЗАЎТРАШНІ ДЗЕНЬ

На пытанні чытачоў “ЛН” адказвае старшыня райвыканкама Васіль Міхайлавіч АГІЕВІЧ.
Добры дзень, турбую ад імя жыхароў Любані. Калі нарэшце будзе наладжана нармальнае вулічнае асвятленне хаця б цэнтральных вуліц вёскі?
– Як разумееце, у гэтай справе сельвыканкам імкнецца рацыянальна выкарыстоўваць выдзяляемыя бюджэтныя сродкі. Зараз вулічнае асвятленне ўключана з 20.30 да 23.00 – з улікам прыходу на прыпыначны пункт пасажырскіх цягнікоў і дызель-паяздоў, калі паток прахожых найбольш інтэнсіўны. З 1 кастрычніка цемра наступае раней, а значыць, для зручнасці жыхароў і вулічныя ліхтары будуць уключацца раней.
Міхаіл Казун, Бродніца. Мне 75 год, пастаянна хварэю і абыходзіцца без дапамогі іншых не магу. Ці нельга мяне накіраваць у дом састарэлых?
– Міхаіл Паўлавіч, у бліжэйшы час да вас прыедзе камісія з упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, каб высветліць, чым можна дапамагчы. Але ж варта ўлічыць, што калі ў вас ёсць дзеці ці іншыя працаздольныя члены сям’і, якія па закону павінны дапамагаць у старасці, то прымуць вас у дом-інтэрнат толькі на платных умовах. Памер гэтай аплаты вызначаецца, зыходзячы з фактычных затрат на пражыванне ў доме-інтэрнаце. 
– Жыву на адным падворку з сынам… Магчыма, лепш будзе, каб мяне даглядаў сацыяльны работнік?
– Вось усе гэтыя нюансы вы і абмяркуеце з работнікамі вышэй названага ўпраўлення. Яны дапамогуць зрабіць так, каб вам было лепш.
Валянціна Абрамчук, Ракітна. Выкапалі бульбу і маем шмат дробнай. Ці нельга яе прадаць на корм жывёле ў мясцовую гаспадарку?
– У СВК “Дварэцкі” сёлета пасадзілі 40 гектараў бульбы і 70 – агародніны. Пасля сарціроўкі некандыцыйная прадукцыя пойдзе на корм жывёле. Між тым, дробныя клубні ад насельніцтва гаспадарка, як і раней, будзе набываць. Працэс закупу пачнецца пасля таго, як завершыцца ўборка ўраджаю ў сельгаскааператыве.
Валянціна Бярозка, Кажан-Гарадок. Ці будзе да канца года ў дамах вяскоўцаў прыродны газ?
– Пуск “блакітнага паліва” ў Кажан-Гарадку плануюць пачаць ужо ў кастрычніку гэтага года. Падключаць да выгоды дамы будуць па меры іх гатоўнасці. Гэта значыць, домаўладальнікі павінны прадставіць у РВУ “Лунінецрайгаз з добраахвотнага пажарнага таварыства акты праверкі дымавых і вентыляцыйных каналаў, выканаць зазямленне разеткі, у якую будзе ўключацца кацёл, а таксама на момант пуску прад’явіць ста-білізатар.
Марына Раковіч, Міжлессе. Пенсія ў мяне невялікая – 1 мільён 300 тысяч рублёў. Ці нельга аказаць матэрыяльную дапамогу, тым больш, што наспеў рамонт дома?
– Права на матэрыяльную дапамогу па лініі сацыяльнай абароны маюць малазабяспечаныя, непрацуючыя пенсіянеры і толькі адзін раз у год. Сёлета ў лютым вы ўжо атрымалі такую дапамогу. Для таго, каб разлічваць на яе ў 2013 годзе, звярніцеся з заявай ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Думаю, пытанне будзе вырашана станоўча.
Іван Карпук, Лунінец. У нас на Пнішчы шмат пенсіянераў, якім цяжка дабірацца з ускраіны ў цэнтральныя магазіны. Калі нарэшце ў нас паявіцца гандлёвая кропка з таварамі першай неабходнасці?
– Летась па адрасе Пнішча, 8/1 зямельны ўчастак пад будаўніцтва магазіна набыло ТАА “ПалессеГандальПрам”. Зараз вядуцца праектныя работы. Пасля іх завяршэння пачнецца будаўніцтва магазіна.
– Яшчэ адно пажаданне, Васіль Міхайлавіч. Ці нельга для зручнасці жыхароў падоўжыць маршрут гарадскога аўтобуса да канца нашай вуліцы? Ды і шыльду з раскладам руху на “Чырвонаармейскай” трэба абнавіць…
– Пакуль змянення руху аўтобуса абяцаць не магу. Ведаю, што тут трэба захаваць пэўныя патрабаванні. Вывучым сітуацыю.
Як паведаміў дырэктар філіяла “Аўтапарк №10 г. Лунінца” С.М. Кіндрук, для таго, каб падоўжыць маршрут гарадскога аўтобуса, павінны быць абсталяваны спецыяльныя пляцоўкі на прыпыначных пунктах і, галоўнае, – прадугледжана магчымасць развароту транспартнага сродка.  Пакуль такія ўмовы не створаны, а значыць, аўтобус будзе рухацца па- ранейшаму маршруту. Што датычыць раскладу руху на прыпыначным пункце “Чырвонаармейская”, то ён нядаўна абноўлены.
Яўгенія Саковіч, Сінкевічы. У вясковым садку зімой вельмі холадна, дзеці часта хварэюць. Ці не плануецца тут памяняць старыя вокны на сучасныя шклопакеты? У школе ж памянялі.
– Зрабіць усё аднамомантна не атрымаецца, Яўгенія Іванаўна. Таму замену аконных блокаў ва ўстановах адукацыі праводзім паэтапна і ў першую чаргу ў будынках, тэрмін эксплуатацыі якіх большы за 30 год. Будынак Сінкевіцкага ясляў-сада ўзведзены ў 1991 годзе. Згодна з праграмай капітальнага і бягучага рамонтаў устаноў адукацыі, замена аконных блокаў тут запланавана на 2013-2015 гады. Дарэчы, сёлета на рамонт устаноў адукацыі з раённага бюджэту выдаткавана больш як 5 мільярдаў рублёў, яшчэ 600 мільёнаў – з абласнога. Разам з пазабюджэтнымі сродкамі выкарыстана больш як 6 мільярдаў рублёў.
– Васіль Міхайлавіч, а ці нельга дапамагчы людзям хаця б на цэнтральных вуліцах устанавіць аднолькавыя прыгожыя агароджы?
– У Сінкевічах нямала зроблена за апошнія гады, асабліва з набыццём статуса аграгарадка. Адрамантаваны Дом культуры, школа, філіял “Беларусбанка”, комплексны прыёмны пункт, лазня, магазіны… Новае аблічча набыў будынак сельвыканкама і СП “Аграграніт”. Пабудавана станцыя абезжалезвання вады. А вось бюджэтных асігнаванняў на агароджу не прадугледжана, таму жыхарам вёскі вашай і іншых вёсак давядзецца самім паклапаціцца пра тое, каб навесці хараство вакол прыватных дамоў. 
– І яшчэ адно пытанне. Як інвалід, чыя хвароба ўвязана з наступствамі катастрофы на ЧАЭС, раней пастаянна атрымлівала “L-ціраксін” нямецкай вытворчасці. Аднак з нядаўняга часу ўрач-эндакрынолаг адмаўляецца мне яго бясплатна выпісваць. Але беларускі аналаг мяне не задавольвае.
– Забеспячэнне лекавымі сродкамі на льготных умовах ажыццяўляецца згодна з пералікам, устаноўленым пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 16.07.2007 г. №65 ” Аб зацверджанні пераліку асноўных лякарственных сродкаў” і  №25 ад 26.03.2012 г., якая ўносіць змяненні ў названы дакумент. Менавіта гэтымі пастановамі кіруецца ў сваёй дзейнасці ўрач-эндакрынолаг, а таму віны спецыяліста няма. “Леваціраксін” беларускай вытворчасці, запэўніваюць урачы, прэпарат нядрэнны, не дае алергічных рэакцый. Ды і апошнія вашы аналізы на гармоны шчытападобнай залозы, паведамілі з паліклінікі, у норме. Што датычыць “L-ціраксіна”, то назначаць яго па бясплатным рэцэпце нельга. 
Таццяна Ванюк, Вулька 2. Дзякуй вялікі за новую школу! Шчаслівыя нашы дзеці, шчаслівыя і мы, бацькі. Але скажыце, калі ласка, ці нельга наладзіць падвоз нашай дзетвары да школы так, як возяць дзяцей з Галага Бору? Жывем мы на вуліцы Савецкая, і хадзіць першакласнікам далекавата…
– Новая школа – выдатны падарунак раёну. Рады за вас. Што датычыць падвозу дзяцей, то пакуль да месца навучання і назад дастаўляем толькі школьнікаў з іншых населеных пунктаў. У межах аднаго населенага пункта падвоз дзяцей не прадугледжаны.
Тэлефаную ад імя жыхароў вуліцы імя Віктара Канапацкага ў Дзятлавічах. Мы стараемся падтрымліваць парадак на падворках і агародах. Наша вуліца была б насамрэч узорнай, калі б не агароды суседняй Міра, якія выходзяць да нас. Яны сваёй недагледжанасцю псуюць увесь выгляд.
– Прадстаўнікі сельвыканкама атрымаюць даручэнне правесці неабходную выхаваўчую работу з неахайнымі гаспадарамі. Думаю, парадак будзе наведзены.
– Скажыце, ці не плануюць нашу вуліцу заасфальтаваць. Нядаўна сюды завезлі пяску, і мы думалі, што гэта – падрыхтоўчыя работы да асфальтавання…
– Пакуль асфальтаванне вуліцы Канапацкага ў Дзятлавічах не плануецца, а падсыпка – мерапрыемства планавае для падтрымання нармальнага стану праезнай часткі.
– І яшчэ. Калі будзе адноўлена ў Дзятлавічах вулічнае асвятленне?
– Старшыня сельвыканкама Канстанцін Мардухай запэўніў, што пачынаючы з 1 верасня Дзятлавічы асвятляюцца, згодна з патрабаваннямі сацыяльных стандартаў. 
Павел Семечкін, Лунінец. У пад’ездзе №1 дома 167а па вуліцы Чырвоная пастаянна забіваецца каналізацыя. Магчыма, наспеў час памяняць трубаправод?
– Як паведаміў дырэктар камунальнай гаспадаркі, усе неабходныя тэхніка-прафілактычныя работы ў вашым пад’ездзе выкананы, і зараз каналізацыя знаходзіцца ў спраўным стане. Неабходнасці мяняць трубы няма. 
Добры дзень, Васіль Міхайлавіч. Вас турбуе інвалід, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Бабіч. Пенсію атрымліваю праз аддзяленне “Беларусбанка”, але яе чамусьці ўвесь час затрымліваюць на 2-3 дні. На якой падставе?
– Праведзена дасканалая праверка па вашаму, Аляксей Аляксандравіч звароту. Парушэнняў не выяўлена. Згодна з графікам фінансавання і выплаты пенсій і дапамог праз ААТ “АСБ”Беларусбанк” на 2012 год, дата выплаты вам пенсіі – 9 чысла кожнага месяца. У гэты дзень вы гарантавана можаце атрымліваць пенсію. 
Добры дзень, Васіль Міхайлавіч! Вас турбуе Людміла Кузьміч з Лунінца. Нам пашчасціла справіць наваселле ў новым доме па вуліцы Гагарына,200 у Лунінцы. Але радасць азмрочыла невялікая недарэчнасць: па віне будаўнікоў былі сапсаваны ўваходныя дзверы ў нашу кватэру. Шмат разоў звярталіся да кіраўніцтва ПМК-7, аднак дапамагчы нам ніхто не спяшаецца. Між тым, дзверы дорагакаштуючыя, металічныя, і самі памяняць іх мы проста не зможам.
– Людміла Аляксандраўна, нам паведамілі, што ўжо зроблена аплата за новыя дзверы для вашай кватэры. Яны будуць устаноўлены да 28 верасня гэтага года.
Міхаіл Ходзін, Лунінец. Зараз самае пярэдадне выбараў у парламент. Многія з людзей вызначаюцца, за каго ім галасаваць. Васіль Міхайлавіч, скажыце шчыра, ці лічыце вы правільным, што ў нас балаціруюцца тыя, хто не жыве на Лунінеччыне ці толькі тут нарадзіўся? 
– Усе гэтыя нюансы вызначаны заканадаўствам, і мы павінны строга яго прытрымлівацца. Што да мяне асабіста, то я ўпэўнены, што годна прадстаўляць нашы інтарэсы ў парламенце не здолее чалавек, які большасць часу праводзіць за межамі Беларусі і прыязджае ў нашу краіну, як правіла, толькі ў перыяд правядзення выбарчых кампаній. На маю думку, дэпутатам павінен стаць чалавек, які ўсё жыццё прысвяціў Лунінеччыне, ведае наш раён, беды яго жыхароў, карыстаецца павагай у землякоў і дасягнуў пэўных поспехаў у сваёй прафесійнай дзейнасці. І такі кандыдат у нас ёсць!
– А як ацэньваеце ход агітацыйнай работы?
– Хто штодня адказна працаваў на сваім рабочым месцы, той і перадвыбарную работу ладзіць належным чынам – ідзе ў працоўныя калектывы, сутракаецца з людзьмі, не баіцца “нязручных” пытанняў. Іншых жа патэнцыяльныя выбаршчыкі ведаюць хіба што па фотаздымку ў газетах ды папулісцкіх выказваннях, якія паўтараюцца ад кампаніі да кампаніі. Неаднойчы даводзілася чуць ад іх нараканні на непатрэбнасць Лядовых палацаў і іншых спартыўных і сацыяльных аб’ектаў, маўляў гэта – дарэмная трата грошай. Параіў бы такім “патрыётам” набрацца смеласці і наведаць тую ж лунінецкую Лядовую арэну, новую школу ў Вульцы 2 і сказаць пра гэта дзецям і іх бацькам. А таксама няхай не забудуцца пабываць у цэнтральнай раённай бальніцы і абмеркуюць з пацыентамі і ўрачамі перспектывы згортвання сацыяльнай палітыкі, за якую сёння выступаюць. Так можа гаварыць толькі чалавек, які ніколі не звяжа сваё жыццё з Лунінеччынай і чые дзеці не будуць расці на гэтай зямлі.
– Дарэчы, калі адкрыецца новы плавальны басейн у Лунінцы?
– Нарматыўны тэрмін яго будаўніцтва – 14 месяцаў. Ён крыху перабольшаны па прычыне праблем з фінансаваннем, але, мяркую, у кастрычніку басейн уступіць у строй. Прыкладна ў гэты ж час будзе адкрыты і яшчэ адзін важны аб’ект – паром праз Прыпяць, якія звяжа Лунінецкі і Столінскі раёны.
Справаздачу падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.
Працяг будзе.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть