Прямая линия

З ПЫТАННЯМІ, ШТО ХВАЛЮЮЦЬ,

звярталіся чытачы “раёнкі” ў час “Прамой лініі”, якую па традыцыі рэдакцыя “ЛН” правяла напярэдадні 7 красавіка – Міжнароднага дня здароўя. Ім адказвалі галоўны ўрач УАЗ “Лунінецкая цэнтральная раённая бальніца” Мікалай Пятровіч КОЧЫК і в.а. галоўнага санітарнага ўрача ДУ “Лунінецкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Людміла Андрэеўна МАРОЗ.

КАДРАВЫЯ ПРАБЛЕМЫ

– Тэлефаную з Лунінца. Абурана тым, што ў медыцынскіх установах працуе шмат пенсіянераў. Яны абыякава ставяцца да пацыентаў, даюць старыя рэкамендацыі, таму што не сочаць за навінкамі ў сферы аховы здароўя.

М.П. Кочык: Сапраўды, цяпер у медыцынскіх установах са 167 урачоў працуе 21 пенсіянер. Справа ў тым, што забяспечанасць дактарамі ў раёне складае 22,2 на 10 тысяч жыхароў пры абласным паказчыку 37. Урачамі ЦРБ укамплектавана толькі на 75 працэнтаў. Летась прынята на работу 20 спецыялістаў, у тым ліку 13 – маладых, два стажоры. Звольнена 12 урачоў. Без дактароў застаюцца Дубаўская і Дварэцкая амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. На працягу шэрагу гадоў адсутнічаюць вузкія спецыялісты – інфекцыяніст, нарколаг, анколаг, афтальмолаг, псіхатэрапеўт, рэабілітолаг, урачы ультрагукавой і функцыянальнай дыягностыкі. Па-ранейшаму недастаткова ўрачоў-гінеколагаў.

Адміністрацыя ЦРБ просіць працаваць пенсіянераў, пакуль яны маюць магчымасць, інакш створыцца яшчэ больш напружанае становішча. І гэта датычыць не толькі нашага раёна. Аналізуючы сітуацыю, міністр аховы здароўя запэўніў, што да 2015 года ў краіне будзе 100-працэнтная забяспечанасць кадрамі ўрачоў. Пакуль рыхтуюцца маладыя спецыялісты, магу толькі падзякаваць нашым ветэранам, якія не ідуць на заслужаны адпачынак, а выручаюць калектыў. 

Калі б вы назвалі канкрэтны факт, якім былі не задаволены пры лячэнні, урачэбная камісія разабралася б на месцы. А так ваша агульнае абурэнне – неабгрунтаванае.

– Вас турбуе лунінчанка-ваеннаслужачая. Цяпер знаходжуся ў дэкрэтным водпуску па догляду за дзіцём. У мяне ёсць магчымасць атрымаць накіраванне ў шпіталь для поўнага абследавання, але ў раённай паліклініцы не даюць на рукі амбулаторную картку.

М.П. Кочык: Загадам міністра аховы здароўя па шэрагу сур’ёзных абставін забаронена выдаваць амбулаторную картку на рукі пацыентам. У тым ліку – і дзеля іх карысці, каб выпадкова не згубілі, што дастаткова часта здараецца. Але вы можаце звярнуцца з заявай да загадчыка паліклінікі і пад роспіс забраць сваю амбулаторную картку, усклаўшы на сябе поўную адказнасць за яе захоўванне.

– Але аднойчы ў паліклініцы разам з талонам на прыём да ўрача мне яе выдалі без дадатковых умоў.

На рабоце ў кожнага могуць здарыцца памылкі. Звернем увагу загадчыка паліклінікі, каб супрацоўнікі рэгістратуры працавалі больш уважліва.

ЗАСЦЕРАГАЙЦЕСЯ “МАЎКЛІВАГА ЗАБОЙЦЫ”

– Мая знаёмая ўжо даўно пакутуе ад высокага ціску. На рабоце яна пераважна сядзіць за камп’ютэрам. Цяпер забалелі суставы, і яна нават на абед не ходзіць. Але ж вядома, што рух – гэта жыццё. Што ёй можна параіць?

М.П. Кочык: На першым месцы сярод прычын смяротнасці ідуць хваробы кровазвароту. Вялікую ролю тут адыгрывае артэрыяльная гіпертэнзія, на якую ў розных формах пакутуюць, па статыстыцы, 60 працэнтаў насельніцтва. Небяспечна нават не само захворванне, а яго ўскладненні – інсульт мозгу і інфаркт міякарду. За апошняе дзесяцігоддзе колькасць гэтых небяспечных станаў узрасла ў некалькі разоў. Медыкі нездарма назвалі артэрыяльную гіпертэнзію “маўклівым забойцам”. Пачатак хваробы – высокі ціск. З узростам чалавек прывыкае да яго і нават пры артэрыяльным ціску вышэй за 180 міліметраў ртутнага слупка не адчувае хваравітага стану. Ужо адзначыў, чым гэта можа пагражаць. Неабходна, каб дома кожны чалавек, асабліва пенсіянеры, мелі танометр. Сучасны прыбор просты ў карыстанні, каштуе невялікія грошы, а зберажэ самае каштоўнае – ваша жыццё. Калі адчуваеце сябе не так добра, як звычайна, перш, чым прыняць лекі, спачатку трэба змераць артэрыяльны ціск. Каб выявіць і ўдакладніць ступень яго небяспекі, трэба звярнуцца да ўчастковага ўрача. Доктар не толькі паставіць дыягназ, але і прызначыць лячэнне. 
Як практыкуючы тэрапеўт, пастаянна сутыкаюся з неразуменнем гэтага захворвання. Многія лічаць, што, прайшоўшы курс лячэння ў стацыянары, можна спыніць прыём прэпаратаў. Але артэрыяльная гіпертэнзія – хранічнае захворванне. На працягу ўсяго жыцця трэба прымаць лекі і захоўваць рэкамендацыі ўрача. Акрамя медыкаментознага лячэння, вельмі важна весці здаровы лад жыцця: адмовіцца ад тытуню і алкаголю, рацыянальна харчавацца, пазбавіцца ад лішняй вагі, змагацца з гіпадынаміяй. Нават пры болях у суставах неабходны ўмераныя фізічныя нагрузкі. Сядзець нельга – трэба хадзіць.

ЧУТКІ – СПРАВА НЕСУМЛЕННАЯ

– Звяртаюся ад імя многіх работнікаў свайго калектыву. У нас працуе чалавек з анкалагічным захворваннем. Цяпер мы баімся разам з ім нават абедаць, каб не падвяргаць сябе небяспецы. Чаму ўрачы дазваляюць з-за такіх хворых ствараць напружанне ў здаровых людзей?

Л.А. Мароз: Па-першае, існуе ўрачэбная тайна, якая забараняе распаўсюджваць звесткі аб шэрагу захворванняў, таму зусім не факт, што вы дакладана называеце дыягназ вашага калегі. Па-другое, ёсць пералік захворванняў, пацыентам з якімі супрацьпаказана працаваць у пэўным калектыўным асяродзі. Анкалогія да іх не адносіцца, дарэчы, як і СНІД. Яны не перадаюцца паветраным, кропельным і іншымі шляхамі пры кантактах, як інфекцыйныя захворванні. У вас няма падстаў для хвалявання. Спадзяюся, супакоіце гэтай інфармацыяй і іншых.

На наступны пасля правядзення “Прамой лініі” дзень у рэдакцыю “ЛН” прынеслі ліст з абвінавачваннем некаторых медыкаў у хабарніцтве. Гэты зварот утрымлівае відавочны паклёп, інакш навошта аўтар падпісаўся выдуманым імем і ўказаў адрас, якога не існуе ў сапраўднасці. Аднак, задавальняем яго жаданне ўбачыць адказ на старонках “ЛН”: калі факты, аб якіх мяркуеце, існуюць, звяртайцеся ў праваахоўныя органы.  

НАШ ГОРАД – НАШ КЛОПАТ

Прагучала некалькі скаргаў ад жыхароў, чые суседзі ў сваіх дварах стварылі рассаднікі заразы.

Л.А. Мароз: Звароты перададзены на рэагаванне супрацоўнікам РАУС і камунальнай службы. Яны разбяруцца ў сітуацыі і паведамяць аб гэтым заяўляльнікам. Хочацца спадзявацца, што па гэтых адрасах падстава для скаргаў знікне, хаця ў гарадах і вёсках ёсць, на жаль, дастаткова людзей, якія робяць на сваіх дварах у сметнікі, чым ствараюць праблемы навакольным.

–Чаму сёлета ў Міжнародны дзень здароўя ўвага прыцягнута да праблемы медыцынскіх устаноў ва ўмовах надзвычайных сітуацый?

Л.А. Мароз: Тэму і дэвіз вызначае Сусветная арганізацыя аховы здароўя, таму штогод ўздымаецца вызначаная глабальная праблема ў медыцынскай сферы. Летась у выніку землетрасення ў Кітаі нанесены ўрон больш чым 11 тысячам устаноў аховы здароўя, значыць, дзесяткі тысяч пацярпеўшых людзей вымушаны звяртацца ў іншыя правінцыі. У выніку цунамі ў Індыйскім акіяне ў Інданезіі разбураны 61 працэнт медыцынскіх устаноў. У адной з самых пацярпеўшых правінцый загінула трэцяя частка акушэрак, што вельмі негатыўна адбілася на здароўі жанчын. З-за цяперашніх крызісаў у Эфіопіі і Гане спынена работа пярвічных медыка-санітарных службаў, такіх, як імунізацыя. Улічваючы гэта, многім краінам неабходна актывізаваць работу, каб забяспечыць бяспеку бальніц і палепшыць гатоўнасць для абароны жыцця людзей.

Беларусь з’яўляецца дастаткова добранадзейнай у адносінах стыхійных бедстваў. Тым не менш, у нашай краіне вялікая ўвага ўдзяляецца пытаннямі дзейнасці медыцынскіх устаноў па забеспячэнню аховы здароўя насельніцтва, лячэння і прафілактыкі захворванняў.

М.П. Кочык: Можна канкрэтызаваць гэта на прыкладзе нашага раёна. Пастаянна ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база пярвічнай медыка-санітарнай дапамогі. Летась на суму 8,8 мільёна рублёў набыта пяць адзінак абсталявання для Багданаўскай і Дзятлавіцкай амбулаторый. Экстраную медыцынскую дапамогу аказваюць 6,5 кругласутачных пастоў службы хуткай дапамогі. Брыгады ўкамплетаваны электракардыёграфамі, глюкаметрамі, дэфібрылятарамі, партатыўнымі апаратамі ІВЛ. На суму амаль 11 мільёнаў рублёў набыта медыцынскіх прэпаратаў. Цэнтральная раённая бальніца аснашчана сучасным лячэбна-дыягнастычным абсталяваннем. Летась абноўлена яно ў ЛОР-кабінеце (на 64,8 мільёна рублёў), афтальмалагічнай службе (1,5 мільёна), хірургічным аддзяленні (65 мільёнаў). Цяпер поўным ходам вядуцца работы на будаўніцтве новай бальніцы. Да канца 2009 года туды будуць пераведзены рэанімацыйнае, хірургічнае і радзільнае аддзяленні.



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть