Прямая линия

ЗАРАБЛЯЦЬ ГРОШЫ НА РЭАЛІЗАЦЫІ ЎЛАСНАЙ ПРАДУКЦЫІ

намераны ва ўмовах канкурэнцыі работнікі райспажыўтаварыства. Гэтая выснова неаднойчы гучала з вуснаў старшыні праўлення райпо Максіма Андрэевіча СУМАРА ў час “Прамой лініі” “ЛН”.

У наш магазін у в. Мокрава перасталі штодня завозіць хлебазаводскі хлеб. Прывозяць яго толькі адзін раз у тыдзень – у сераду. Чаму склалася такое становішча? Штодня паступае на прылаўкі толькі прадукцыя цэха хлебапячэння НВК “Палессе”. Але ж кожны пакупнік сам павінен вырашаць, што яму купіць за свае грошы. Няхай бы НВК “Палессе” лепш клапацілася пра якасць сваіх вырабаў, тады б людзі ахвотней іх набывалі б. (Акрамя тэлефанаванняў, рэдакцыя атрымала па гэтай праблеме калектыўны допіс з 32 подпісамі. Аналагічнае пытанне паступіла ад Таццяны Гарагляд з Луніна).

– Праблемы са збытам прадукцыі ўзніклі са з’яўленнем у раёне двух вытворцаў хлебабулачных вырабаў. Аднак страта манапольнага становішча асноўным вытворцам – хлебазаводам – не пагоршыла сітуацыі ў забеспячэнні гэтай прадукцыяй насельніцтва раёна, хаця і стала прычынай для не заўсёды прафесіянальных і справядлівых меркаванняў аб сыравіне, якасці і бяспецы прадукцыі НВК “Палессе”.

Між тым, працэс вытворчасці хлебабулачных вырабаў аднолькавы ва ўсіх вытворцаў. Розніца толькі ў тым, якое абсталяванне выкарыстоўваюць пякарні, якой рэцэптуры і відам хлеба аддаюць перавагу. Уся рэцэптура абавязкова праходзіць адпаведнае ўзгадненне і зацвярджэнне. Выкарыстоўваемая сыравіна знаходзіцца пад строгім кантролем, як, дарэчы, і ўся прадукцыя на выхадзе з цэха. За яе бяспеку нясе адказнасць як само прадпрыемства, так і непасрэдна людзі. І бяспеку гэтую мы гарантуем. 

Улічваючы той факт, што пастаўкай аналагічнай прадукцыі ў раёне займаюцца два прадпрыемствы, і кожны працуе па свайму графіку, заказваем на хлебазаводзе вырабаў столькі, каб поўнасцю іх рэалізаваць. Зразумела, што кожны з вытворцаў імкнецца прадаць менавіта сваю прадукцыю. Пастаянна гандлюе сваімі вырабамі каля магазінаў і хлебазавод. Прадаць вырабленае – значыць, атрымаць фінансавую магчымасць не стаяць на месцы, развівацца. А для райспажыўтаварыства, у першую чаргу, гэта – добраўпарадакаванне магазінаў, насычэнне іх шырокім асартыментам тавараў, павышэнне культуры гандлю. Менавіта таму мы стараемся вялікую ўвагу ўдзяляць якасці прапаноўваемай спажыўцам уласнай прадукцыі. Для гэтага адкрылі і перааснасцілі новы цэх хлебапячэння ў Лунінцы. У аналагічным цэху ў г. Мікашэвічы ўстанавілі новую хлебапякарскую печ. Абсталяванне і ў далейшым будзе пастаянна абнаўляцца і ўдасканальвацца. Усё гэта дазволіць пастаўляць у магазіны высакаякасную хлебабулачную прадукцыю, якой сёння маем да 15 найменняў. 

Ёсць яшчэ адна істотная акалічнасць, на якую нельга не звярнуць увагі. Зараз у цэху хлебапячэння ў Лунінцы працуюць 33 чалавекі, у Мікашэвічах – 28. Свае рабочыя месцы людзі займелі, дзякуючы адкрыццю новай вытворчасці. І работа кожнага з іх таксама заслугоўвае павагі. Нельга беспадстаўна зневажаць вынік людской працы. Да таго ж, за кожным са спецыялістаў стаяць сем’і, дзеці. Менавіта таму мы будзем імкнуцца нават ва ўмовах пераадолення наступстваў крызісу захаваць створаныя калектывы.

Вольга Вярэніч, Лунінец. Скажыце, калі ласка, што плануеце адкрыць на перададзенай райспажыўтаварыству вытворчай базе былой сельгасхіміі?

– Зараз ідзе працэс вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі. Як толькі атрымаем дакумент, прыступім да рэканструкцыі існуючай базы. Плануем адкрыць тут станцыю тэхнічнага абслугоўвання і дыягностыкі аўтатранспарту. У перспектыве сюды ж будзе пераведзена аўтатранспартная база райспажыўтаварыства.

Вас турбуюць пенсіянеры з Лахвы Іван рыгоравіч Янковіч і Таццяна Пятроўна Поух. Тэлефануем ад імя ўсіх састарэлых, што жывуць на нашай вуліцы. Яна ўскраінная, ідзе ад нафтабазы ўздож чыгункі. Да цэнтра вёскі – каля 3 кіламетраў. Дабрацца туды, зразумейце, няпроста. А магазіны – толькі там. Раней на Працоўнай быў чыгуначны магазін, але наш зямляк Сямён Паўловіч закрыў яго. А крама нам вельмі патрэбна! Дзякуй райспажыўтаварыству, якое наладзіла падвоз хлеба машынай. Але ж мы, хоць і старыя, маем патрэбу не толькі ў хлебе!

– Ведаю вашу праблему. Тыдні два таму спецыяльна вывучаў яе на месцы. Разумею старых людзей і пастараюся вам дапамагчы. Пытанне адкрыцця гандлёвай кропкі ў раёне вуліцы працоўная і прылягаючых тэрыторый будзе разгледжана і, спадзяюся, вырашана ўжо сёлета.

Алена Наварыч, Лунін. У прадуктовых магазінах нашай вёскі немагчыма купіць нармальнай варанай каўбасы ці сасісак вышэйшага гатунку пінскага або бярозаўскага мясакамбінатаў. У асартыменце пераважаюць мясныя вырабы мясцовай вытворчасці, а яны саступаюць вышэйназваным у якасці. Між тым, у суседняй Вульцы 1 сітуацыя зусім іншая. Там заўсёды ёсць багаты асартымент каўбас.

– А што, бярозаўскіх каўбас у магазіне зусім няма?

Ёсць, але сыравяленыя. Я ж вяду гаворку пра вараную каўбасу… А старыя людзі заўсёды пытаюць яшчэ танныя зэльц і ліверку. Іх таксама ў продажы няма.

– Вывучым становішча і пастараемся выправіць.

Таццяна Раманава, Лунінец. Ці не плануеце адкрыць магазін у раёне Пнішча? Тут у выхадныя заўсёды вельмі шмат народу.

– Сёлета адкрыццё новага магазіна ў названым раёне не плануем. Народу там магчыма, як вы кажаце, па выхадных і шмат, а магазін павінен працаваць штодня. Думаю, яго адкрыццё проста немэтазгодна. Да таго ж, у нас на сёлетні год запланаваны тры вялікія аб’екты, якія патрабуюць істотных выдаткаў. Перш за ўсё, па просьбах людзей пачынаем рэканструкцыю з павелічэннем гандлёвай плошчы да 100 квадратных метраў магазіна на вуліцы Машэрава ў раёне новай індывідуальнай забудовы каля ліцэя. На сёлетні год запланавана ўвядзенне ў строй станцыі тэхабслугоўвання аўтамабіляў на перададзенай нам вытворчай базе сельгасхіміі. У планах таксама – будаўніцтва новага сучаснага харчовага магазіна ў Заводскім мікрараёне па вуліцы Чырвоная,185.

Мне падабаецца хлебабулачныя вырабы НВК “Палессе”. Але ці хутка паявіцца ў продажы аснова для піцы, хлеб “Лаваш” і каржы бісквітныя, пясочныя, слаёныя вытворчасці мясцовых цэхаў хлебапячэння? Што-кольвечы з гэтага можна набыць і на рынку, але ўсё – расійскае, немаведама калі завезенае. А наша будзе свежым ды, магчыма, і таннейшым.

– Дзякуй вам за вашы словы! Сёння яны гучаць не так часта. Што датычыць пералічанай вамі хлебабулачнай прадукцыі, то пытанне яе вырабу будзе вывучана ў бліжэйшы час.

Тэлефаную з Мікашэвіч. Ва ўніверсаме “Цэнтральны” стэлажы з хлебабулачнымі вырабамі знаходзяцца ў непасрэднай блізасці да адкрытых халадзільных вітрын. Людзі думаюць, што гэта ўплывае на якасць хлеба, які хутка чарсцвее…

– Думаю, што трывогі вашы беспадстаўныя. Усялякая расстаноўка тэхналагічнага абсталявання строга вывяраецца і ўзгадняецца. Да гэтай справы ёсць пэўныя патрабаванні. Усе яны ў “Цэнтральным” захаваны. 

Генадзь Зіновік, Мікашэвічы. Каля магазіна “Задыяк” у цёплую пару года працуе летняя пляцоўка. Тут заўсёды нямала людзей, якія з дзеткамі любяць пасядзець, выпіць соку, з’есці марожанае… На жаль, гэтае месца вечарамі аблюбавалі аматары спіртнога. Пасля іх “пасядзелак” з цяжкасцю выбераш, дзе самому прысесці…

– Асаблівага прыбытку пляцоўка не прыносіць. Адкрываючы яе, мы якраз і арыентаваліся на дарослых з дзеткамі. Шкада, што іх адпачынак псуюць такія несумленныя людзі. Што можам зрабіць? Абмяжуем работу летняй пляцоўкі ў вячэрні час. Магчыма, хоць такім чынам паўплываем на паводзіны аматараў выпіўкі.

Скажыце, калі ласка, хто адказвае за тэрыторыю, што ідзе па вуліцы ад вакзала ўздоўж гаражоў? Хто будзе яе добраўпарадкаваць? Там яміны, пасля дажду – лужыны…

– Наша тэрыторыя распасціраецца ў межах агароджы рынку, хаця пасля гандлю заўсёды прыбіраем і названую вамі вуліцу. За добраўпарадкаванне яе адказвае камунальная служба.

Магазіны райспажыўтаварыства ў пераважнай большасці маюць сучасны выгляд. Але калі будзе наведзены парадак на ўнутраных дварах гандлёвых кропак? Там праходзіць мноства машын, тэрыторыя разбіта і мае непрывабны выгляд. Датычыць гэта магазіна па вуліцы 50 год Кастрычніка ды і некаторых іншых.

– Заасфальтаваць усе ўнутраныя двары пакуль не маем магчымасці. Усе астатнія работы па добраўпрадкаванню будуць выкананы на працягу красавіка гэтага года.

Праз двор дамоў па вуліцы Фрунзе ў Лунінцы да магазіна “Новы век” пракладвалі цеплатрасу. Траншэю як след не засыпалі. 

– Усе работы па пракладцы цеплатрасы выконвала камунальная служба. У гэтым месцы траншэя засыпана і добраўпарадкавана. Небяспекі для прахожых няма.

Да М.А. Сумара ў ходзе “Прамой лініі” звярталіся людзі і як да дэпутата абласнога Савета. Пытанні гэтыя патрабуюць дадатковага вывучэння. Адказы на іх будуць апублікаваны ў бліжэйшых нумарах “ЛН”.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть