Коронавирус

Што на Лунінеччыне робяць, каб не дапусціць распаўсюджванне інфекцый?

У Брэсцкай вобласці выпадкаў каронавіруса не зафіксавана. Пад наглядам урачоў у інфекцыйным аддзяленні Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы знаходзіцца дальнабойшчык, які ехаў з Паўночнай Італіі, і сям’я, што вярталася ў Беларусь з Мілана.

Як расказаў галоўны санітарны ўрач раёна Віталь Дзегцяроў, на 2 сакавіка ў Беларусі лабараторна пацверджаны 3 выпадкі каронавіруса. Усяго ж у свеце зарэгістравана каля 90 тысяч хворых, прыкладна 80 тысяч з іх – у Кітаі.

Сімптомы захворвання на каронавірус аналагічныя як пры звычайным сезонным грыпе. Цяжкасць хваробы залежыць ад цэлага шэрагу фактараў, у тым ліку ад агульнага стану арганізма і ўзросту. Асноўны спосаб перадачы віруса – паветрана-кропельны, аднак у некаторых выпадках заражэнне адбывалася праз слізістыя вачэй, носа або рота.

Каб не захварэць, санітарная служба рэкамендуе прытрымлівацца простых і эфектыўных спосабаў:

  • мыць рукі пасля вуліцы, наведвання грамадскіх месцаў, паездак у грамадскім транспарце і г.д. Рабіць гэта трэба старанна і з мылам. Калі магчымасці вымыць рукі няма, карыстайцеся антыбактэрыяльным гелем або сурвэткамі;
  • не рэкамендуецца дакранацца рукамі да носа, рота, вачэй і валасоў;
  • чхаць і кашляць трэба ў папяровую сурвэтку, а затым адразу ж яе выкідаць.
  • вірусы размнажаюцца значна хутчэй у застоеным паветры, таму неабходна рэгулярна праветрываць памяшканні, мыць падлогу і прыбіраць пыл.

Сярод іншых сродкаў прафілактыкі асаблівае месца займае нашэнне маскі. Яна будзе дарэчы, калі вы знаходзіцеся ў месцы масавага збору людзей, у грамадскім транспарце, а таксама пры доглядзе за хворым. У час знаходжання на вуліцы карысна дыхаць свежым паветрам і маску апранаць не варта. Наогул, яе трэба насіць тым, хто ўжо хварэе віруснай інфекцыяй, каб паменшыць распаўсюджванне віруса. Апранаць яе неабходна чыстымі рукамі і не дакранацца падчас нашэння. Змяняць яе варта праз 3-4 гадзіны або як толькі забрудзіцца ці стане вільготнай. Пасля гэтага абавязкова вымыць рукі…

На днях паявілася інфармацыя, што на Брэстчыне бальніцы закрываюцца для наведвання хворых. За тлумачэннямі звярнуліся да галоўнага ўрача ЦРБ Святланы Хлебус:

– З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі на вострыя рэспіраторныя захворванні ў вобласці прыняты шэраг арганізацыйных мер у мэтах недапушчэння распаўсюджвання інфекцый. У нас няма забароны на наведванне бальніцы, а толькі абмежаванне. Так, да цяжкіх хворых (іх спіс ёсць на першым паверсе ў гардэробнай) вас прапусцяць. Астатніх можна таксама праведаць і сустрэцца з імі ў вестыбюлі ў часы наведвання з 17.00 да 19.00.  Таксама ўстаноўлена часовае абмежаванне планавай шпіталізацыі ў стацыянар, але дадзеная мера не датычыць экстранай дапамогі, якая ажыццяўляецца неадкладна і ў поўным аб’ёме, а таксама пацыентаў анкалагічнага профілю і тых, што маюць патрэбу ў высокатэхналагічных аператыўных умяшальніцтвах. У медыцынскіх установах уведзены масачны рэжым.

– Калі ў мяне, напрыклад, пасля вяртання з адной з Еўрапейскіх краін узнікла падазрэнне на заражэнне каронавірусам, ці змагу прайсці абследаванне ў Лунінцы?

– Пасля размовы з вамі і высвятлення ўсіх абставін у інфекцыйных кабінетах у Лунінцы і Мікашэвічах возьмуць мазок, які накіруюць для аналізу ў Мінск…

Зазірнулі ў аптэкі райцэнтра і праверылі, як там сітуацыя. У панядзелак у першай палове дня людзей было няшмат.

– У асноўным наведвальнікаў цікавяць дэзінфіцыруючыя сродкі, супрацьвірусныя прэпараты і медыцынскія маскі, – расказвае в.а. загадчыцы аптэкі №68 Таццяна Медзіна. – Апошнія раскупілі днём раней, таму ўтварыўся невялікі дэфіцыт. Аднак бінты і марля ёсць у продажы. І пры неабходнасці кожны можа самастойна зрабіць 4-слойную маску. Новы тавар, у тым ліку і маскі, прыбыў ужо. Яго размяркуем па ўсіх нашых аптэках у раёне. Зараз у наяўнасці ў асартыменце ёсць супрацьвірусныя прэпараты ў розных дазіроўках і вітаміны. А яшчэ трэба часцей мыць рукі, піць больш вады, праветрываць памяшканне, ужываць у ежу садавіну і агародніну. І будзьце здаровы!

Падрыхтавала Алена ДАНІЛОВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть