Культура

110 год на варце правоў

Прэзідыум Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі аб’явіў 2014-ты годам 110-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі. Святочныя мерапрыемствы з гэтай нагоды прайшлі 1 Мая ў Лунінцы і Мікашэвічах.
Аб гістарычным мінулым, сучасным і будучым арганізацыі расказвае старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК, старшыня каардынацыйнага савета старшынь камітэтаў прафсаюзаў Лунінеччыны Аляксандр ДУБІНІЧ.

– Прафсаюзны рух Бе-ларусі прайшоў вялікі шлях ад дробных разрозненых арганізацый да адной з буйнейшых сярод дзяржаў свету Федэрацыі прафсаюзаў, якая налічвае ў сваіх радах больш як 4 мільёны чалавек. На ўсіх этапах свайго развіцця вырашалі задачы, якія ставіла жыццё. Гэта барацьба працоўных за свае правы, стварэнне кас узаемадапамогі, ліквідацыя непісь-меннасці, беспрацоўя, голаду, арганізацыя суботнікаў і спаборніцтваў, нагляд за выкананнем працоўнага заканадаўства і аховы працы… Асабліва складаным этапам стаў канец 90-ых гадоў, калі пачалі губляць многія свае функцыі – права нагляду і кантролю за захаваннем заканадаўства аб працы, яе ахове, заканадаўчай ініцыятывы, кіравання фондам сацыяльнага страхавання. Да пачатку 2000-ых прафсаюзны рух краіны апынуўся ў крытычнай сітуацыі. Пераломную ролю адыграў пазачарговы IV з’езд ФПБ, які адбыўся ў верасні 2002 года. Пастаўленыя тады задачы застаюцца актуальнымі і сёння – прафсаюзы па-ранейшаму абараняюць правы працаўнікоў.
Паспяховае развіццё эканомікі раёна і стварэнне неабходных умоў працы і быту людзей магчыма толькі пры існаванні сацыяльнага партнёрства паміж органамі ўлады і наймальнікамі. У нашым раёне складваюцца добрыя адносіны і з органамі ўлады, і з наймальнікамі. Для забеспячэння працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і гарантый работнікаў дзейнічаюць раённая Дамоўленасць, заключаная паміж райвыканкамам, Каардынацыйным саветам старшынь камітэтаў прафсаюзаў і наймальнікамі, раённая галіновая тарыфная дамоўленасць і калектыўныя дагаворы. Кантроль за ходам выканання прынятых абавязацельстваў ажыццяўляе Савет па працоўных і сацыяльных пытаннях. Прафсаюзныя арганізацыі раёна ўдзельнічаюць у рабоце па забеспячэнню выканання нарматываў дзяржаўных сацыяльных стандартаў, арганізацыі працоўнага спаборніцтва, развіцці сацыяльна-культурнай сферы, у падвядзенні вынікаў мэтавых аглядаў-конкурсаў.
Раённае аб’яднанне прафсаюзаў налічвае 24 пярвічкі ў склад якіх уваходзіць 4227 чалавек. Іх узначальваюць людзі, якія карыстаюцца вялікай павагай і даверам у калектыве. Сярод лепшых старшынь прафарганізацый АПК Галіна Соц з СВК “Вулькаўскі світанак”, Раіса Чырэц з СВК “Гарадоцкі”, Святлана Коўшык з СВК “Азярніца”, Вера Сахвон з “Лунінскага”. Ёсць таксама добрыя арганізатары і сярод моладзі.
Наогул, моладзь – будучае любой дзяржавы. І ад таго, наколькі эфектыўна вырашым пытанні ўкамплектавання органаў дзяржаўнага і гаспадарчага кіравання маладымі кадрамі і іх замацаваннем на месцах у многім залежыць эфектыўнасць вытворчасці і дынамічнасць развіцця рэгіёна. Каб наша моладзь заставалася ў калектывах, спецыяльнай праграмай “Маладосць” замацаваны яе сацыяльныя і прававыя гарантыі. Акрамя арганізацыі традыцыйных спаборніцтваў, конкурсаў, спартыўна-масавых і культурных мерапрыемстваў прафсаюзы надаюць вялікае значэнне паляпшэнню бытавых умоў. Так маладым сем’ям прадастаўляецца грашовая дапамога на абсталяванне жылля, беспрацэнтны крэдыт на набыццё тавараў працяглага карыстання. Устаноўлены заніжаныя нормы выпрацоўкі на пачатку першых паўгода работы.
Бяспечныя ўмовы працы – гарант захавання здароўя і жыцця чалавека. І тут прафсаюз адыгрывае сваю значную ролю. Прадстаў-нікі прафсаюзаў удзельнічаюць у расследаванні выпадкаў траўматызму на вытворчасці,у правядзенні праверак ведаў па тэхніцы бяспекі. Штогод падводзяцца вынікі агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы.
Акрамя таго прафсаюзы праводзяць шэраг дабрачынных акцый. Самыя значныя сярод іх – “Прафсаюзы – дзецям” і “Ветэранам – наш клопат”. Праводзім святочныя ранішнікі для дзяцей, дапамагаем мнагадзетным сем’ям сабраць малышоў у школу, накіроўваем хлопчыкаў і дзяўчынак на аздараўленне. Ушаноўваем ветэранаў вайны і працы з нагоды прафесійных і дзяржаўных святаў, аказваем матэрыяльную дапамогу.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть