Прытулак залюбленых цацак
Культура

Прытулак залюбленых цацак

kalenkovich

Большасць дзяцей у СССР захоплена займаліся калекцыяніраваннем.  Збіралі ўсё: пачынаючы з фанцікаў ад цукерак і шакаладак, завяршаючы апафеозам трапіўшых у краіну дзіўных слоічкаў і скрыначак, жвачак з укладышамі і наклейкамі, мульцяшнымі значкамі і фішкамі, постарамі зорак. Гэта быў сапраўдны скарб, якім вельмі даражылі, беражліва захоўваючы яго ў альбомах і кардонных скрынках у спецыяльна адведзеным месцы. Каштоўныя прадметы выконвалі ролю абменнай валюты – так званых «дзіцячых грошай». Сучасныя хлопчыкі і дзяўчынкі ў эпоху празмернасці і даступнасці ў продажы ўсяго, што сэрца пажадае, страцілі інтарэс да калекцыяніравання. Кімсьці прыдумана, што трэба паспець нагуляцца да пэўнага моманту, а потым – ні-ні! Але наша жыццё складаецца з дробязей, і для многіх людзей важныя іх успаміны, часткай якіх з’яўляюцца і дзіцячыя рэчы. Паказаць свет свайго маленства і падзяліцца ім са сваімі дзецьмі вырашыў і Віктар КАЛЯНКОВІЧ з Лунінца.

Яго хобі многім падасца незвычайным: збірае і рэстаўруе розныя мадэлі педальных машын савецкіх часоў. Нарадзіўся і вырас Віктар у вялікай і дружнай сям’і ў Лунінцы. Ён і яшчэ тры браты раслі няўрымслівымі, любілі ўсё аблазіць і зведаць. Іх цікавіла, як працуе юла, чаму круціцца кола, таму цацак яго дзяцінства, на жаль, не захавалася. Але беражлівым адносінам цяпер ён вучыць сваіх двух сыночкаў – старэйшага Рому і малодшага Ігара. А яны з заміраннем назіраюць, як тата аднаўляе цікавую жалезную штуку, на якой зусім хутка змогуць пракаціцца.

– У мяне такога транспарту не было, – прызнаецца суразмоўца. – А вельмі хацелася. Каштаваў ён дорага. Калі нарадзіліся сыны, цвёрда вырашыў: ну калі ўжо маё дзяцінства прайшло без гэтай цацкі, хай хоць у іх будзе! Жонка Вольга ў выбары хобі падтрымала. І сама з задавальненнем дапамагае з пошукам аўто.
Ідэя калекцыяніравання паўстала яшчэ два гады таму, але першы экспанат – педальную машынку «Львовянка» 1984 года выпуску – набыў сёлета.

– Я палюбіў яе! Вось нездарма кажуць: «У СССР рабілі на сумленне». Мінімум пластмасы і максімум металу ў корпусе. Такой якасці выканання ў наш час не знайсці!

Слухаючы Віктара, на мяне таксама накаціліся ўспаміны, як мы з братам бегалі да суседа Алёшкі праехацца на такім аўтамабілі. Праўда, на педалі націснуць было не пад сілу, таму мы па чарзе садзіліся ў аднамесны кабрыялет, а ззаду штурхаў натоўп жадаючых. Вядома, больш за ўсё стараліся для гаспадара машыны: што тут зробіш, прыходзілася. А яшчэ памятаю, што іх на некалькі хвілін можна было зняць у арэнду ў шматлікіх парках адпачынку па ўсёй краіне.

Да нашых дзён прадукцыя 30-40-гадовай даўніны практычна не дажыла: хлопчыкі і дзяўчынкі вырасталі, і іх «колы», натуральна, аказваліся на сметніку. Дзяцінства, як і ўсе яго атрыбуты – яны ж не вечныя… Дома ў сям’і Калянковічаў – міні-аўтапарк з аўтамабіляў: стаяць пара «Масквічоў», па два «Львовянкі» (прататыпа «Жыгуля») і «Спорты», якія выпускаюцца ў Беларусі па гэты дзень, запарожскі «Крос», 2 машыны вытворцы мінскага завода пад назвай «Іграмет», радыёкіруемы РАФ «Велагонка» 1990 года выпуску.

– А вось гэтую «ластаўку» фактычна выцягнуў з-пад прэса, – Віктар падводзіць мяне яшчэ да аднаго экспаната калекцыі. – Выкупіў яе з пункту здачы металалому.

Далёка не ўсе машынкі атрымліваецца аднавіць. Але і ў іх ёсць свая ганаровая місія: запчасткі дапамагаюць цалкам укамплектаваць іншы педальны аўтамабіль.

Дарэчы, цікавы факт: дзіцячыя машыны часта зроблены з таго ж металу, што і сапраўдныя аўтамабілі. Большасць «Масквічат» стварылі на неіснуючым цяпер АЗЛК – аўтамабільным заводзе імя Ленінскага камсамола.

Калекцыяніраваць маленькія сімвалы эпохі – справа цікавая, але хлопец прызнаецца, што іх пошук, купля, набыццё дэталяў і рэстаўрацыя – працэс працаёмкі і нятанны. Таму для яго гэта больш як хобі – бізнесу не пабудуеш, багацця не нажывеш. Але ўсё ж пра сваё захапленне ён можа расказваць гадзінамі.
У сваёй калекцыі Віктар марыць убачыць «Урал» 1950-ых, «ГАЗ» і «ЗІМ». Толькі вось знайсці апошнія две мадэлі практычна нерэальна: яны выпу-шчаны аж у 1930-ых гадах.

Мы спадзяемся, што ў раёне знойдуцца неабыякавыя жыхары, якія змогуць за непатрэбнасцю папоўніць калекцыю Віктара. І, магчыма, неўзабаве ў нашым горадзе з’явіцца выстава цацак мінулых гадоў, і вы зможаце, нібы на машыне часу, вярнуцца ў далёкае дзяцінства!



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть