«Сярэбраны звон цымбалаў»
Культура

«Сярэбраны звон цымбалаў»

цимбалыУ камернай зале дзіцячай школы мастацтваў адбыўся канцэрт ансамбля цымбалістаў.

Інструмент, які спрадвеку імянуюць мілагучным, у самой назве ўтрымлівае водгукі звонкіх чуллівых струн. Здаецца, ім падуладны ўсялякі выразны лад: ад магутнага звону набата да трапятліва-ласкавага шэпту… Вядучая літаратурна-музычнай праграмы – настаўніца ліцэя Валянціна Канстанцінаўна Казун расказала аб гісторыі інструмента. Першыя выявы яго знойдзены на старажытных асірыйскіх помніках. Пад акампанемент цымбал выконваліся біблейскія псалмы.

Гучалі цудоўныя творы – “Вяртанне да спадчыны” Іванова, “Кацілася чорна галка” ў апрацоўцы Смольскага, “Бярозка” Лучанка, “Працяжная і карагодная” Жыновіча (у памяць пра заснавальніка беларускай школы цымбал), “Кума мая, кумачка” ў апрацоўцы Солапава, у ваеннай частцы канцэрта – “Пагоня” Фрэнкеля і “Папуры на тэму песень ваенных гадоў” у перакладанні Боўбеля, “Белавежская пушча” Пахмутавай і “Бывайце здаровы” ў апрацоўцы Кур’яна. Інструменту падуладны творы самых разнастайных жанраў – гэта даказаў дуэт Светланы Дубовік (цымбалы) і Віктара Кругліка (гітара), выканаўшы рускі раманс “Я встретил вас…”.

Перакананыя, што цымбалы – наш спрадвечны нацыянальны інструмент, здзівіліся: аказваецца, інструмент распаўсюджаны не толькі ў Беларусі і Украіне, але і ў Венгрыі, Польшчы, Румыніі, Чэхіі, Славакіі. Можа мець розныя назвы – цымбалкі, цынталы, самабалошкі. У Малдове – цамбал, Арменіі – сантур, Грузіі – сантуры, цынцыла, Узбекістане – чанг, у краінах Заходняй Еўропы – хакбрэт. Але, здаецца, самую прыцягальную музыку ствараюць беларускія кампазітары.

Захопленыя цымбаламі выкладчыкі Святлана Дубовік (кіраўнік ансамбля), Таццяна Смірнова, Алена Чурсанава стварылі свята, перш-наперш, для вучаніц Аліны Чарнавокай і Насці Чурсанавай, якія сёлета стануць выпускніцамі. Годнаму гучанню цымбал спрыяла канцэртмайстар Галіна Іванаўна Яскевіч. У канцэрце ўдзельнічала 3-класніца Аня Дубовік. Захапіла і старэйшае пакаленне – бацькі загадчыцы струнна-народнага аддзялення Адам Андрэевіч і Ніна Уладзіміраўна Кахові-чы з Вічына па просьбе гледачоў выканалі свае любімые песні.

Нашы скарбы – гэта і вырабы залатых рук вясковых майстрых. Разам з канцэртам атрымалі яшчэ і выставу народнай творчасці сям’і Святланы Дубовік. Аформіць яе дапамаглі настаўнікі мастацкага аддзялення ДШМ, а выкладчыца Аксана Сцяпанаўна Куліковіч выканала афішу як асобны твор.

На канцэрце шчырыя словы ўдзячнасці выказваліся людзям, якія захоўваюць нацыянальную спадчыну, – настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. У спадзяванні на новыя сустрэчы з чароўным светам мастацтва і таленавітымі музыкантамі гледачы захаваюць у душах “Сярэбраны звон цымбал”.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть