Культура

Ой, ляцелі буслы…

аистСонейка яшчэ драмала, як ранішнюю цішыню абудзіў трывожны клёкат буслоў. Здавалася, сэрцу няма месца ў грудзях. Цётка Агаф’я выйшла на ганак сваёй старэнькай драўлянай хаткі, якая засталася ў спадчыну, і стала ўзірацца ў чыстае неба. Птушак нідзе не было бачна. Ды і адкуль ім тут быць на аддаленым лясным хутары, дзе, хіба толькі пралётам, вельмі рэдка паяўляліся птушкі. Не сяліліся тут буслы. Ці хат было мала, а мо і мясціны глухія. Можа іншая прычына адводзіла іх ад гэтага патаемнага краю.

Як ні ўглядалася Агаф’я, птушак усё роўна не заўважала. І ледзь толькі сонейка вынырнула з-за зубчатага хвойнага лесу, неба запаланілі шматлікія постаці буслоў. Яны лёгка парылі аднекуль у бок хутара. Кружылі ў небе то маўкліва, то падоўгу завісалі ў празрыстым паветры.

Стала неяк не па сабе. А птушкі ўсё ляцелі і ляцелі… Не адзін дзясятак налічыла іх пажылая жанчына. Здавалася, ад убачанага па целу быццам прабегла цэлая лясная мурашыная сям’я.

– Ой, мусіць, бяду нясуць птушкі на сваіх крылах, – пакручваючы пракураныя вусы, уступіў у размову дзядзька Ігнат, які выйшаў на падворак, абапіраючыся на сучкаваты бярозавы кій. – Нядобрае, мабыць, нешта. Памятаеш, як некалькі год таму тое ж  самае назіралі. Як і зараз, гэтак жа трывожна палохалі буслы. Дык тады ўсе агароды градам пабіла, лес паклала, быццам нехта просеку зрабіў. А хвоі! Тыя трашчалі і ламаліся, як запалкі.

– Прыгадваю, – з заміраннем сэрца прамовіла гаспадыня. – Мо мінуе, пранясе бокам. Хай бы дожджык  лепш   спорны прайшоў, градкі вунь перасохлі…

Буслы ў небе паявіліся гэтак жа нечакана, як і зніклі. Толькі па-ранейшаму было чуваць іх трывожны клёкат. На гэты раз ужо далёка-далёка. Ці то над суседнім хутарам, а можа і яшчэ далей.

Дзён праз некалькі неба зацягнулі чорныя хмары – ні канца, ні краю для прасвету. Заціхла ўсё наўкола. Нават лісточкі на дрэвах і тыя мацней прытуліліся да галінак. Пачуліся першыя раскаты грому. І цяпер ужо ў некалькіх баках свінцовае неба паласавалі маланкі. Навальніца абрынулася на зямлю буйнымі кроплямі дажджу, з-за якога не было бачна нічога. Некалькі дзён ліло так моцна, што гнуліся беластволыя бярозкі і камячыўся хмызняк, а з узвышаных лясных мясцін сцякала на бітую сцежку ды балоцістыя нізіны вада.

Неяк неўпрыкмет слова меліярацыя дакацілася да хутара Агаф’і. Прападала высаджаная агародніна на градках ды надзелах суседзяў-вяскоўцаў. Адны спешна капалі разоркі, тыя, хто меў каня, вазамі адвозілі дажджавую ваду ў бідонах, драўляных бочках, цэбрах. Толькі дзе ты знойдзеш той паратунак, калі неба не літасцівіцца да чалавека. З прыродай не паспрачаешся, не пойдзеш ёй наперакор. У яе, як вядома, ніколі не бывае дрэннага надвор’я. От жа і ляцелі ў небе, відаць, нездарма буслы, папярэджваючы чалавека аб непагадзі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть