Юбілею вёскі — падзячнае вяселле
Культура

Юбілею вёскі — падзячнае вяселле

цнаУ Цне 70-годдзе сумеснага жыцця адзначылі Алена Пятроўна і ветэран вайны Рыгор Ільіч Пуляк.

Старажылам падрыхтаваў падарункі Гарадоцкі сельвыканкам у асобе старшыні Дзям’яна Бірылы, які ўсіх вяскоўцаў вітаў з 400-годдзем Цны на прыгожай роднай мове. Гэта ўручэнне адбылося на даму. А яшчэ 17-ць сем’яў юбіляраў, якія 50 і болей год таму ўзялі шлюб, былі ўшанаваны на ўрачыстасці, каля Цнянскага СДК. Наваколле патанала ў кветках, як і многія сядзібы вяскоўцаў. Гучалі звонкія галасы дзяцей, якія ласаваліся салодкай ватай і гойдаліся на надзіманых горках. Большасць хлопчыкаў і дзяўчынак – гэта ўнукі, прыехаўшыя да бабуль і дзядуль на канікулы. Менавіта для юных і дарослых гасцей адбылося своеасаблівае завочнае падарожжа па вуліцах роднай вёскі, са спыненнем на адметнасцях кожнай, з ушанаваннем самых паважаных суседзяў і дбайных жыхароў. З ролямі экскурсаводаў выдатна справіліся вядучыя, для якіх Цна – малая радзіма, што заўсёды жыве ў душы: Таццяна Патурай, настаўніца СШ №2 г. Мікашэвічы, і малады спецыяліст Дзмітрый Грыневіч, які на гэтым тыдні ўзначаліў агранамічную службу СВК “Чучавічы”.

Падарункамі былі адзначаны лепшыя гаспадары, самы стары і самы маленькі жыхары вёскі. Цне пашчасціла і на творцаў. Тканыя і вышываныя вырабы здольных майстрых аформіліся ў захапляючую выставу. Прызы за актыўны ўдзел у святкаванні атрымалі Ева Буська, Марыя Грыневіч, Ева  Майсак (вядомы кветкавод і спявачка павесяліла людзей і ўласнай байкай). Вяскоўцы апладзіравалі самадзейным артыстам – народнаму ансамблю “Вандроўнікі” з Дварца, салісткам Надзеі Дубініч з Любачына, Наталлі і Людміле Бярозка з Азярніцы. Гучалі вершы мясцовых паэтаў, якія славілі родную Цну. Светла прыгадалі пісьменніка-радзімазнаўцу Мікалая Калінковіча, дзень памяці якога – 24 ліпеня… І шчыра дзякавалі дырэктару СДК старасце вёскі Ніне Патурай. У абласным конкурсе актывістаў мясцовага самакіравання Ніна Сцяпанаўна ўзнагароджана дыванком з выявай Багародзіцы. Падарунак успрымаўся блаславеннем на новыя стваральныя справы, якія згуртоўваюць пакаленні.

Стракатыя стужкі на паклонным крыжы ў цэнтры Цны спалучаліся з такімі ж рознакаляровымі гартэнзіямі каля сядзіб. Няхай вясёлкавая прыгажосць на зялёным аксаміце навакольнага лесу яшчэ не адно стагоддзе кліча сюды землякоў, для якіх сустрэча – ужо свята…

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть