«А музыка звучит…»
Культура

«А музыка звучит…»

IMG_3010У камернай зале Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў адбыўся канцэрт народнага аркестра народных інструментаў.

Гучалі творы, што даўно палюбіліся публіцы, але рэпертуар уражваў і шматлікімі новымі нумарамі. Гледачы захапляліся цудоўнымі вакалістамі. Спевы Таццяны Мартынавай, якая выступае з песнямі, што выконвала Наталля Мурко, выклікалі шчымлівую памяць аб незабыўнай лунінчанцы… Салістка трох гарадскіх аркестраў Марына Корчык парадавала сучаснымі шлягерамі. Дэбютавала і прыгожае жаночае трыа: разам з вышэй названымі дзвюма спявачкамі вакальныя здольнасці дэманстравала Юлія Бузынчык, якую звычайна бачылі на сцэне як хормайстра. Якія шчырыя настальгічныя пачуцці выклікалі іх “вечныя песні аб галоўным”! Некалькі твораў былі прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі. Пранікнёна спяваў дуэт у складзе Марыны Корчык і Васіля Мартынава.

У аркестра ёсць і свае вядучыя, але зноў ролю “гаспадыні канцэрта” даверылі Святлане Карпінскай. Настаўніца СШ №4 не першы раз вядзе праграму калектыву і робіць гэта “прыгожа”, як сказала вядомы музыкант Валянціна Савінкіна. Такая гарманічная сугучнасць педагогаў сферы адукацыі і культуры нагадала яшчэ адзін момант плённага супрацоўніцтва. Некалькі год таму ў ліцэі — цяперашняй гімназіі — падрыхтавалі навуковае даследаванне “Сем цудаў Лунінца”, якое перамагло ў раёне і стала другім у вобласці. У ходзе сацыялагічнага апытання юныя лунінчане вызначалі аб’екты гісторыка-культурнай адметнасці нашага краю. У пераліку нематэрыяльных дасягненняў першым быў названы народны аркестр народных інструментаў на чале з Наталляй Юрцэвіч. І ён з года ў год пацвярджае свой высокі ўзровень!

Калектыў педагогаў ДШМ афіцыйна зарэгістраваны пры Лунінецкім ГДК. Пакідаючы ўтульную камерную залу, гледачы (у прыватнасці, урач паліклінікі Наталля Шумская, галоўны бібліятэкар ЦБ Галіна Гаўрыловіч, прадпрымальнік Сяргей Свірыд) шкадавалі толькі аб тым, што яна вельмі маленькая і не можа змясціць усіх прыхільнікаў таленту аркестра. Заставалася канстатаваць: галоўнае — гучыць музыка.

Таццяна ВАСІЛЬЕВА



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть