Культура

“А ВЕПРУЧОК БЕЗ РАДЫЯЦЫІ?”

Чацвёра сяброў, заўзятых паляўнічых – Кастусь, Антон, Юрась і Стась, па ліцэнзіі адстралялі дзікага вепра толькі на зыходзе дня. «Швэнданне” па глыбокім снегу сярод зараснікаў чароту акупілася спаўна. Падзяліўшы свежаніну, распіхаўшы яе па рукзаках, хлопцы з добрым настроем вярталіся ў вёску, дзе ўжо ў вокнах за фіранкамі блішчэла электрычнае святло. Развітваючыся, дамовіліся аб чарговым паляванні з прыгатаваннем шашлыкоў. 
У наступныя выхадныя да кампаніі далучыўся былы аднавясковец Жэнька Купцоў, які цяпер працуе ўрачом у адной са сталічных клінік. Пайшоў з хлопцамі не папаляваць, а так – падыхаць свежым паветрам.
З паўдня блукалі паляўнічыя па пералесках ды хмызняках, але нічога не ўпалявалі. Той-сёй, праўда, бачыў звера ды занадта далёка. Пашанцавала толькі Кастусю – з зайцам вярнуўся. Відаць, задрамаў касы моцна…
Сустрэліся дружбакі, як заўсёды пад старым раскідзістым дубам, што стаяў на ўзвышшы не адзін дзесятак год. Стась, як і належыць, убачыўшы паляўнічых, пачаў падаграваць на ражнах кавалкі вымачанай са спецыямі дзічыны.
Неўзабаве ўсе разам дружна расселіся ля вогнішча. 
– Ну, Антон, парэж сала і агурок, – звярнуўся сталічны госць. – Ты, Юрась, не цягні, свежаніну ў кетчуп абмакні…
Кампанія ўжо гатова была заспяваць любімую песню, як нечакана для ўсіх сталічны доктар спытаў:
– Хлопцы, а вепрука на радыяцыю правяралі?
– Ды якая там можа быць радыяцыя? Падсвінак быў, кілаграмаў на пяцьдзесят, – адгукнуўся Юрась, – набраць хутчэй за ўсё не паспеў.
А Жэнька не спыняўся:
– Не лішнім было б праверыць мяса і на трыхінелёз, надта ж яго паразіты небяспечныя для чалавека. Пазбегнуць бяды можна, пры ўжыванні саракаградуснай. Надзейней падстрахуе, ніякае ліха не падбярэцца.
 Не ўжываў спіртное толькі Антон, які сёння быў за рулём аўтамабіля. Але, пачуўшы такое, хоць і баючыся сустрэчы з ДАІшнікам, дрыжачымі рукамі схапіў бутэльку гарэлкі і залпам перакуліў адну, пасля другую чарку.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть