Аб лёсе першых выпускнікоў чыгуначнай школы
Культура

Аб лёсе першых выпускнікоў чыгуначнай школы

У 1948 годзе адбыўся першы выпуск чыгуначнай школы, пераемніцай якой з’яўляецца СШ №2 г. Лунінца. Гэта адлюстраваў фотаздымак, які пакінула нам не забыўная многімі лунінчанамі настаўніца Зоя Сямёнаўна Разанава (размясцілі яго на сайце раёнкі – old.webworking.site – рэд.)… Апошні ўрок для сёлетніх 11-класнікаў прысвяціла першаму выпуску школы выкладчык гісторыі Дзіяна Раманаўна Сладзінская.

– Прызнацца, толькі прыступілі да вывучэння гэтай гістарычнай падзеі, – адзначае педагог. – Цікава будзе падрыхтаваць даследаванне. Адразу нараджаюцца пытанні. Зразумела, здымак рыхтаваўся загадзя. На ім – 15 партрэтаў. Але, згодна з дакументамі, пасведчанні аб заканчэнні школы выдадзены 12-ці першым выпускнікам. Што, трое вучняў (канкрэтна – Бесан, Жыляева, Смарагдава) не вытрымалі экзаменаў?.. Але спынімся на тых асобах, якія дастаткова вядомы сваімі прафесійнымі поспехамі.
Як і належыць выпускнікам чыгуначнай школы, трое лунінчан звязалі жыццё са сталёвымі магістралямі. Яўген Канстанцінавіч Салавей узначальваў Баранавіцкае аддзяленне чыгункі, на высокіх пасадах у рэспубліканскіх упраўленнях працавалі Яўген Яўстаф’евіч Дзідзюк (Рыга) і Алег Іванавіч Пустаход (Мінск). У беларускай сталіцы перакладчыцай была Галіна Фёдараўна Краўчанка, у Маскве ўрачом – Марыя Васільеўна Ігумнава. Заўважу, што яе малодшая сястра Ніна Васільеўна засталася адданай Лунінцу, тут знайшла сваё шчасце – выйшла замуж і стала Паграбённай, а галоўнае – доўгі час загадвала бібліятэкай СШ №2, выхавала дачку-настаўніцу і сына – дырэктара нашай школы… Лунінчане розных пакаленняў з павагай прыгадваюць і Нінель Майсееўну Дубравіцкую, у замужжы – Рэзнік. Яна выкладала рускую мову і літаратуру (прыйшоўшы ў адукацыю ўслед за мамай – педагогам-ардэнаносцам, таксама настаўніцай нашай школы), была адзначана ганаровымі званнямі самага высокага ўзроўню.

Славутасць і школы, і Лунінца – Яўген Іванавіч Кулін, радыёінжынер. Ён працаваў на Байкануры, быў паплечнікам Сяргея Каралёва, забяспечваў сувязь пры палёце ў космас Юрыя Гагарына і іншых касманаўтаў. Яго партрэт знаходзіцца ў нашай “Галерэі славутых выпускнікоў”.

Зараз займаемся пошукам дадзеных пра іншых вучняў першага выпуску. Карыстаючыся выпадкам, прашу старажылаў дапамагчы інфармацыяй. Наша школа рыхтуецца да маючага адбыцца 75-годдзя, так што маем час належна падрыхтавацца.

У 70-ці выпусках СШ №2 пасведчанні аб сярэдняй адукацыі атрымалі больш як 2800 лунінчан. 51 вучань закончыў школу з залатым медалём і 92 – з сярэбраным. Вартыя ўвагі не толькі ўнушальныя лічбы, але і імёны многіх выпускнікоў, якія сталі сапраўдным гонарам і СССР, і Беларусі…

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть