Культура

Адчуванне восені

Жнівень імкліва адмервае гадзіны, набліжаючыся да свайго завяршэння. Напэўна гэта самы хуткі месяц з усяго гадавога цыкла, бо так не хочацца, каб ён скончыўся.
Асабліва хвалююча апошнія імгненні лета адчувае дзетвара. Ім нязвыкла пасля бесклапотнага адпачынку прыступаць да вучобы. Бо штодзённа давя-дзецца раней уставаць, знаходзіць час для падрыхтоўкі дамашніх заданняў, адклаўшы ў бок любімыя гульні.
Разам з дзецьмі адказнасць перад пачаткам навучальнага года адчуваюць і бацькі. Трэба падрыхтаваць малым вопратку, неабходныя прыналежнасці і потым кожны вечар знаходзіць хвілінку для шчырай размовы на школьныя тэмы. Толькі ва ўзаемаразуменні з нашчадкамі з’явіцца магчымасць выхаваць іх сапраўднымі людзьмі.
І дарослым шкада страчваць летняе цяпло. Хай часам яно і занадта спякотнае, але калі згадаеш змрочнае надвор’е, пранізлівы халодны вецер ці галалёд у зімовую сцюжу, дык хочацца, каб лета не скончылася ніколі.
А жнівень нагадвае пра хуткую восень жоўтымі лісточкамі на асфальце, якія гулліва носяцца пад павевамі ветру, пабліскваючы на сонцы яркай пазалотай. І травы ўсё больш страчваюць зеляніну, ствараючы жаўтаваты мяккі дыван. Падаюць яблыкі – спелыя, сакавітыя, дорачы лёгкі і непаўторны водар. Прыкметна меншае дзень, кожным вечарам шпарчэй апускаюцца долу сонечныя промні. Ранішні паўзмрок даўжэй не адпускае з палону салодкага сну.
Застаецца толькі захаваць цудоўнае цяпло ў прыемных успамінах ды ў духмяных слоіках з варэннем, якое руплівыя гаспадыні паспелі ўдосталь нарыхтаваць за шчодрую пару года. Парасончыкі зялёнага кропу, агуркі і памідоры таксама парадуюць прыемным смакам сярод зімовай непагадзі. Але нішто не параўнаецца з сапраўдным летам, якое так хутка-плынна мільгае за вокнамі.
Кожны ранак ахутвае ўсё халаднейшым паветрам з нябачнымі кропелькамі туману, зоркі даўжэй не знікаюць з небасхілу, нібыта намаляваныя яркай фарбай. Шкадаванне жыве ў сэрцы. Бо так доўга яшчэ да новага цяпла і бесклапотных канікулаў. Толькі не паспрачаешся з прыродай. Магчыма зіма і існуе для таго, каб мы мацней шанавалі кароткія моманты летняга задавальнення.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть