«Адкасіць» на тэрмін
Культура

«Адкасіць» на тэрмін

военный билетСлужба ў арміі — гэта канстытуцыйны абавязак і доўг кожнага мужчыны. Між тым, не ўсе прызыўнікі імкнуцца яго выканаць. Многія па вельмі аб’ектыўных прычынах: напрыклад, атрыманне вышэйшай адукацыі і іншых. Аднак не пра іх сёння гаворка. Ёсць такая катэгорыя прызыўнікоў, якія наўмысна ўхіляюцца ад службы. Яны не з’яўляюцца ў ваенкамат, ігнаруюць павесткі, хаваюцца. Штогод у нашай краіне колькасць такіх грамадзян у перыяд кожнай прызыўной кампаніі вагаецца ад 1 да 2 працэнтаў.

— За ўхіленне ад праходжання мерапрыемстваў прызыву ў адпаведнасці з заканадаўствам грамадзяне прыцягваюцца як да адміністрацыйнай, так і да крымінальнай адказнасці — расказвае старшыня суда Лунінецкага раёна Міхаіл Дзенісовіч. — Пры гэтым неабходна ўлічваць, што той, хто атрымаў павестку і не прыбыў у вызначаны тэрмін, але ў далейшым быў дастаўлены або прыбыў самастойна да заканчэння тэрміну прызыву, падлягае прыцягненню да адміністрацыйнай адказнасці. А тыя, хто прыбыў пасля заканчэння тэрміну прызыву, нясуць крымінальную адказнасць. Згодна з артыкулам 435 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу караецца штрафам або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, ці абмежаваннем волі да двух гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. Разам з тым ухіленне, учыненае шляхам наўмыснага прычынення сабе цялеснага пакалечання, сімуляцыі хваробы, падлогу дакументаў або іншага падману, караецца абмежаваннем або пазбаўленнем волі да пяці год. Як бачым, злосных “ухілістаў” ад праходжання вайсковай службы чакае суровае пакаранне. Акрамя таго, што ўзбуджаецца крымінальная справа, іх шукае міліцыя, яны не могуць уладкавацца на работу, выехаць за межы краіны.

Больш як 10 спраў сёлета разгледжаны судом. Так, напрыклад, жыхар Мікашэвіч двойчы атрымліваў адтэрміноўку: першы раз па прычыне ўчынення злачынства, другі — пасля нараджэння дачкі. Але восенню зноў прыйшла павестка. Для яе ўручэння выклікалі ў аддзел кадраў РУВП “Граніт”, дзе працаваў малады чалавек. Аднак той проста яе не ўзяў. Па яго словах, ён разумеў, што адмова ад службы ў арміі цягне на крымінал, але заявіў: “Лепш буду адбываць пакаранне па прыгавору суда, чым пайду ў армію”. Пакуль цягнулася разбіральніцтва, прызыўнік звольніўся з прадпрыемства. Цяпер ён беспрацоўны і можа спакойна адбываць пакаранне — 2 месяцы арышту.

На столькі ж “наўцякаў” ад мерапрыемстваў прызыву лунінчанін. Па павестцы ў ваенкамат ён павінен быў з’явіцца 4 верасня. Але ў гэты дзень дапамагаў бацькам капаць бульбу (вельмі ўважлівая прычына) і, як сцвярджае, забыў пра “запрашэнне”. А потым сябар прапанаваў папрацаваць у Маскве. Калі ў канцы студзеня вярнуўся дадому, у госці завітаў участковы інспектар міліцыі…

— Тры крымінальныя справы былі разгледжаны на выязным пасяджэнні суда ў мікашэвіцкай СШ №2, працягвае размову Міхаіл Дзенісовіч. — У зале сабраліся старшакласнікі — тыя, каму ў хуткім часе таксама належыць стаць абаронцамі Айчыны. А вось іх землякі не зусім усведамлялі, калі не з’яўляліся на мерапрыемствы прызыву. Але на судовым пасяджэнні зразумелі, што былі не правы. Двое з іх цяпер павінны выплаціць штраф у памеры 50 базавых велічынь, што на сённяшні дзень адпавядае 9 мільёнам рублёў. Яшчэ адзін будзе знаходзіцца пад арыштам бліжэйшыя два месяцы.

Напэўна, прасцей адслужыць як трэба і не даводзіць справу да крыміналу. І чыста па чалавечых, жыццёвых законах сапраўдны мужчына павінен не толькі пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і выхаваць сына, але і ўмець абараняць сваю Радзіму. Служба ў арміі навучыць гэтаму. Неаднаразова даводзілася чуць меркаванні тых, хто ў свой час служыў у войску, што, акрамя выканання канстытуцыйнага абавязку, яна дае загартоўку на далейшае жыццё, дапамагае набыць пэўны вопыт. Чалавек, які прайшоў вайсковую службу, у далейшым будзе больш прыстасаваны да жыцця, зусім па-іншаму будзе паводзіць сябе ў крытычнай сітуацыі. Акрамя таго, у арміі можна набыць шмат ваенных спецыяльнасцей, якія затым спатрэбяцца ў паўсядзённасці: вадзіцель, аўтаслесар і інш. Армія таксама адыгрывае не апошнюю ролю пры працаўладкаванні, асабліва, калі маладыя людзі ў далейшым жадаюць праходзіць службу ў сілавых структурах.

Алена ДАНІЛОВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть