Культура

АДКРЫЦЬ СВЕТ

за сценамі кватэры дапамагае аддзяленне дзённага знаходжання для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі
У савецкі час на вуліцах амаль не было бачна інвалідаў – іх жыццё працякала ў спецыялізаваных інтэрнатах ці бацькоўскіх дамах. У студзені 2006 года пры ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама адкрыта вышэйназваная служба. З пачатку стварэння яе ўзначальвае Таццяна ДЫРДА. Атрымаўшы вышэйшую педагагічную адукацыю, 10 год працавала ў станцыя Дзятлавіцкай БШ, яшчэ 4 – загадвала Бастынскім дзіцячым садком.
– Таццяна Яўгенаўна, з чаго пачыналі працу на новым месцы?
– Наведала цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання. Зразумела, як складана працаваць з інвалідамі. Адначасова ўсвядоміла, наколькі важная і патрэбная наша служба. Спачатку клапаціліся пераважна пра абдзеленых лёсам дзяцей. Цяпер у нас 22 інваліды, якія маюць медыцынскі дазвол на наведванне арганізаваных калектываў: 3 – школьнікі, астатнія – старэйшыя за 18 год.
– Якая працягласць знаходжання вашых падапечных у адзяленні?
– Інваліды могуць знаходзіцца ў нас па жаданню: ці 10 хвілін, ці большы тэрмін на працягу рабочага дня. Многія ўспрымаюць нашы заняткі, як працу: прыходзяць на ўвесь дзень, бяруць з сабой бутэрброды. У нас ёсць зала для заняткаў гурткоў, пакой для прыёму ежы, трэнажорная зала, дзве майстэрні.
– Хто садзейнічае грамадскай адаптацыі інвалідаў?
– Разам са мной працуюць спецыялісты па сацыяльнай рабоце. Галіна Сцяпанаўна Галоўніч і Алена Васільеўна Самусевіч маюць педагагічную адукацыю. Яны вядуць заняткі ў гуртках. Тамара Пятроўна Шаруда – былы інспектар па налічэнню пенсій нашага ўпраўлення. Адначасова яна мае спецыяльнасць швачкі, па якой і праводзіць працоўную адаптацыю з інвалідам. Я вяду паліграфічную майстэрню, дзе два інваліды займаюцца па спецыяльнасці аператар электроннага набору і вёрсткі.
– Чым працоўная адаптацыя адрозніваецца ад знаходжання ў аддзяленні?
– У першым выпадку з інвалідам на адзін год заключаецца працоўны дагавор, згодна з якім працаўніку ўстанаўліваецца 7-гадзінны рабочы дзень. Інвалід атрымлівае заработную плату. Дзякуючы гэтаму, з сацыяльнай пенсіі яго можна перавесці на працоўную, якая часцей павялічваецца. На жаль, інваліда, які прайшоў працоўную адаптацыю, складана ўладкаваць на прадпрыемства. У 2008 годзе ў нас аднаўлялі працоўныя навыкі пяцёра інвалідаў, летась – адзін. Найбольш радаваліся за Кацярыну Іванаўну Івашкевіч, калясачніцу, якую пасля надомнай працоўнай адаптацыі залічылі на РУВП “Уніформ”. Яны шыла спецвопратку – рукавіцы. Але эканамічны крызіс перашкодзіў вытворчаму працэсу.
– Што вырабляюць вашы падапечныя?
– Швачкі – пасцельную бялізну, аператары – бланачную прадукцыю. Усё гэта перадаецца бюджэтным арганізацыям бязвыплатна.
– Ці адрозніваюцца паводзіны здаровых людзей і інвалідаў?
– Многія з тых, хто знаходзіцца ў аддзяленні, спачатку нават не ўмелі вітацца. Іх гэтаму не вучылі. Даводзілася прывіваць самыя элементарныя навыкі зносін з грамадскім асяроддзем. Цяпер мы сталі для інвалідаў сваімі. Яны прыходзяць, дзеляцца сваімі навінамі, давяраюць сакрэты, цікавяцца нашымі турботамі. Галоўнае для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі – зносіны з іх равеснікамі, прадстаўнікамі розных прафесій, без чаго немагчыма жыццядзейнасць. Яны – бездапаможныя, як дзеці, і звяртаюцца да нас па самых простых жыццёвых сітуацыях. Наша задача – паказаць, падтрымаць, дапамагчы. Хтосьці згубіў мабільны тэлефон – разам ідзем у міліцыю. Хтосьці купіў рэч, якая пры прымерцы не падышла, – разам ідзем на рынак і абменьваем. У астатнім інваліды – такія ж, як і мы.
– Але згуртаваць, з’яднаць у калектыў – даволі складана. Нават у сям’і дзеці адных бацькоў канфліктуюць, а тут людзі паміж сабой не так даўно пазнаёміліся…
– Яны таксама выбіраюць сяброў па інтарэсах. Прыемна адзначаць, як сімпатызуюць адзін аднаму людзі з аднолькавым захворваннем. Дзяўчына проста выпраменьвае радасць, калі бачыць хлопца. Шкада, яна жыве ў вёсцы, бацькі не могуць штодня прывозіць у Лунінец. Ён жа – гараджанін, вельмі сумуе, калі сяброўка не наведвае аддзяленне…
– Чым імкнецеся разнастаіць жыццё вашых падапечных?
– Па-першае, творчасцю. Усе, хто выпадкова заходзіць на першы паверх будынка па вуліцы Фрунзе, 6 у Лунінцы, захапляюцца вырабамі, якія сацыяльныя работнікі ствараюць з інвалідамі. Няма дакладнага размежавання па справе: у каго што лепш атрымліваецца, той гэтым і займаецца. Па-другое, арганізацыяй вольнага часу. Звычайная прагулка па горадзе для іх – падзея! Сёлета арганізавалі пікнік на Белым возеры. Многія ўпершыню аказаліся на адпачынку на прыродзе. Дарослыя людзі радаваліся, як дзеці! Любімая ж экскурсія – да фантана. У цэнтры горада інваліды глядзяць на навакольных і адчуваюць паўнату жыцця, якое раней было абмежавана чатырма сценамі.
– Магчыма, вызначаны і пэўныя перспектывы аддзялення?
– “Планов – громадьё”, як казаў паэт, але яны абмежаваны рамкамі фінансавых магчымасцей. Нашай жа ўвагі чакаюць сотні землякоў. У раёне пражываюць 250 дзяцей-інвалідаў да 18-ці год, 420 чалавек з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі працаздольнага ўзросту, з іх 153 – моладзь да 31 года. У нашым грамадстве позна пачалі заўважаць інвалідаў, але пачатак іх сацыяльнай адаптацыі пакладзены, значыць, будзе і развіццё.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть