Культура

Адправіцца ў палёт на дэльтаплане

ці станцаваць R’n’B, пашыць новую спадніцу, выйграць у знатакоў «Што? Дзе? Калі?», узяць барэ на пятым ладзе… Чым яшчэ можна заняцца ў вольны ад вучобы час, наша размова з дырэктарам Цэнтра дзіцячай творчасці Інесай Шчупак:
– Работа аб’яднанняў па інтарэсах вядзецца па 4 напрамках: выяўленчы, дэкаратыўна-прыкладны, спартыўна-масавы і мастацкая самадзейнасць. Ужо больш як 20 год існуюць гурткі “Мяккая цацка”, «Кройка і шыццё», «Фітадызайн», «Тэатральныя гульні», а “Духавому аркестру” сёлета спаўняецца… 41! Працуюць таксама аб’яднанні бальнага і эстраднага танцаў, «Беларуская кераміка», «Кветкавая фантазія», «Дэкаратыўны дызайн», «Мастацкае пляценне», «Чароўны пэндзлік», «Фолькмадэрн».
У апошні час узялі накірунак на развіццё тэхнічных дысцыплін. У чэрвені гэтага года на абласным этапе ХІІ спартакіяды навучэнцаў па тэматычных відах спорту ў намінацыі «Авіямадэльны спорт у класе мадэляў F3J» Ягор Гарбар заняў ганаровае першае месца.
У планах – развіццё інтэлектуальнага руху. З’явяцца новыя аб’яднанні па інтарэсах «Разумнікі і разумніцы», «Журналістыка».
– Візітная картка любой навучальнай установы – педагогі…
– Толькі ўлюбёныя ў сваю справу людзі маюць права займацца з дзецьмі. На сённяшні дзень у нас працуе 52 педагогі. Пра іх майстэрства сведчаць перамогі вучняў у конкурсах самага рознага ўзроўню, і гэтых узнагарод нямала! Вакальны ансамбль «Залатое птушаня» (кіраўнік Галіна Гімбатава) і фальклорны калектыў «Сунічка» (кіраўнік Уладзімір Калянковіч) удастоены звання «ўзорны». Зараз разглядаецца пытанне аб прысваенні яго калектыву бальнага танца «Мірыданс» (кіраўнік Святлана Галка).
Нельга не адзначыць працу маладога спецыяліста Вольгі Цяльпук, чые выхаванцы сталі прызёрамі ў рэспубліканскіх «Арх-навацыях», «Зорнай каруселі», «Вясёлкавым калейдаскопе», «Каляднай зорцы».
– Як наладжана работа з дзецьмі з нядобранадзейных сем’яў?
– Цесна супрацоўнічаем з сацыяльнымі педагогамі школ, інспекцыяй па справах непаўналетніх. Спецыяльна для такіх дзяцей праводзяцца Дні адчыненых дзвярэй, запрашаем іх на выставы і майстар-класы, праводзім прафілактычныя гутаркі.
– Якія ўмовы прыёму ў гэтым годзе?
– Для залічэння ў любое з нашых аб’яднанняў па інтарэсах дастаткова заявы ад бацькоў. Хлопчыкі і дзяўчынкі старэйшага ўзросту могуць падаваць яе самастойна. Да кожнага педагогі падыходзяць індывідуальна, імкнуцца ўлічваць прыродныя здольнасці.
Большасць груп ужо сфарміравана. Заўважу, гэта – не падстава для роспачы: як правіла, верасень-кастрычнік – час самавызначэння для дзяцей. Інтарэсы змяняюцца, а значыць, шанц яшчэ ёсць!
Ганна ПАШКЕВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть