Культура

Адзінокі, родны, дарагі…

каховичЦяпер яго драўляная хата, патанаючы ў зеляніне старога саду, адзінока пазірае ў наваколле пустымі вокнамі. Побач – новы прасторны дом, але ён таксама не мае цяпла і ўтульнасці, якія сыходзяць ад насельнікаў – блізкіх і дарагіх людзей. Пабудовам сумна, яны зайздросцяць суседскім сядзібам, якія поўняцца гоманам і смехам. Таму з нецярпеннем чакаюць вяртання свайго гаспадара, які доўгія гады з любоўю завіхаўся тут, мацуючы кожную цаглінку, рупіўся роўна паставіць слупы на агароджы, і нават усе цвікі былі забіты ў дошкі толькі яго працавітымі рукамі.
Мікалай КАХОВІЧ нарадзіўся ў 1920-ым годзе. Тут жа, у Дварцы, прайшло і ўсё яго доўгае жыццё, напоўненае звычнымі сялянскімі клопатамі: пра зямлю, дзяцей і ўнукаў. Зараз, калі хваробы сталі непакоіць часцей і самастойна паклапаціцца пра сябе не хапае сіл, ён часова пераехаў жыць да дачкі. Гэта і недалёка зусім, але вельмі няпроста было пакінуць родны двор, дзе знаёма кожная пясчынка, і дом, які на працягу дзесяцігоддзяў саграваў сваім асаблівым цяплом. Манатоннасць дзён у вясковай цішыні выклікае згадкі пра мінулае і ў яго размераныя будні часта заходзяць успаміны, каб дадаць крышачку радасці ад светлага і засмуціцца ад балючага. За 93 з паловай года здаралася ўсякае – прыемнае, горкае і радаснае…
Хлапчук Мікалай вучыўся ў польскай школе. Прабелы ў веданні рускай мовы спасцігаў з дапамогай суседа, які даваў малому першыя ўрокі пісьменнасці. Даваеннае вясковае жыццё ішло звычным шляхам. Падлетак старанна дапамагаў родным. У яго яшчэ былі чатыры браты і сястра, але клопатаў па гаспадарцы хапала ўсім.
Вайна зруйнавала лад і спакой, давялося зведаць і голаду, і холаду. Імклівая акупацыя не дала магчымасці стаць у адзіны франтавы строй, жыла горыч ад бездапаможнасці перад ворагам. Неяк існавалі ў чаканні лепшых перамен, не хацелася думаць, што ліхалецце зацягнецца на гады. Але маладосць брала сваё. Юнак сустрэў Надзю – даўно знаёмую дзяўчыну, якая раптам запала яму ў сэрца. Пайшлі ў сваты, атрымалі згоду. На пасаг цесць даў добры кавалак ворнай зямлі, яшчэ надзел для пакосу. Тады ўжо руплівыя рукі маладога мужа і зяця не ведалі стомы. Стараннасць і працавітасць – асаблівая рыса іх сям’і з даўніх часоў, а тут было дзе прыкласці свае сілы і ўменне.
Ды жыць перашкаджала вайна. Немцы спалілі хату і іх першынец – дзяўчынка – нарадзілася пад чужым дахам. Тулячыся па часовых кутках дачакаліся вызвалення.
Мікалай стаў кулямётчыкам. Ваенныя дарогі – асаблівая старонка ў жыцці кожнага ветэрана. Тут зведаліся мужнасць і адданасць сапраўднага савецкага патрыёта, давялося бачыць баязлівасць і абыякавасць да барацьбы некаторых гора-салдат. На перадавой, гледзячы ў твар смерці, паказваліся чалавечыя якасці кожнага, там станавіліся героямі і здраднікамі, смелымі і зломленымі ад страху за сябе.
Мікалай быў наперадзе. Малады, гарачы, ён ішоў, не баючыся. Ведаў, што ёсць за каго ваяваць, і імкнуўся каб нікому не было сорамна за яго службу. Так з пяхотай прайшлі за межы Беларусі, амаль мінулі Польшчу. Ручны кулямёт пры неабходнасці мог ліцца цэлым градам куль. Вельмі паднімалі баявы дух імклівае наступленне і адчуванне, што блізкія засталіся на вызваленай зямлі.
Цяжка далося фарсіраванне Одэра, прайшлі яшчэ 70 кіламетраў. Зноў спыніліся каля пераправы. Іх групу байцоў накіравалі да вадакачкі. Мясцовасць адкрытая, ворагі заўважылі. Першы стрэл трапіў у сябра з суседняй вёскі. На жаль – смяротны. Потым асколак зачапіў руку Мікалая, якая трымала напагатове кулямёт. Была крыўда – і цэлы здаецца, а давялося доўга лячыцца ў палявым шпіталі, бо як ваяваць з адной рукой? След ад ранення застаўся на ўсё жыццё, а тады яны ішлі ўслед за фронтам. Тут і давялося бачыць, як некаторыя здаровыя баязліўцы хаваліся ад перадавой. Пры ўспаміну аб іх ветэран і цяпер моцна хвалюецца, а тады жыў боль за бесчалавечнасць сярод сваіх. Радавала толькі, што такімі былі адзінкі.
Перамогу сустрэў у Эйленбурзе. Тут пачалі адбудоўваць мірнае жыццё. Яшчэ на год застаўся салдат захоўваць спакой невялікага нямецкага гарадка.
Дамоў вяртаўся з радасцю. З сабой вёз веласіпед, якім выдатнага байца прэміравала начальства. Менавіта той двухкалёсны конь пакладзе пачатак будаўніцтву іх сямейнага кутка – прадаў веласіпед, купіў на хату лесу. І пайшло, палілося жыццё з цяжкасцямі, марамі і радасцямі, галоўная з якіх – дзеці. Іх нарадзілася сямёра – старэйшыя пяць дзяўчынак і два малодшыя хлапчукі.
Калі меншаму споўнілася тры гадкі, цяжка захварэла жонка. У 1965-ым урачоў было мала, ды і звярталіся да іх часам занадта позна. Надзею Маісееўну выратаваць не змаглі. У хаце – поў-на малых і маці-нябожчыца на лаве. Хто заходзіў, плакалі, шкадавалі сірот. А яны, бедныя, і разумелі яшчэ не ўсё, што адбывалася. Але потым, праз гады, кожны будзе згадваць той горкі дзень, калі пасталелі намнога хутчэй, чым іх равеснікі…
Дзяўчаты дапамагалі гадаваць меншых, Мікалай узяў на сябе ўсе цяжкасці. Ён быў цудоўны бацька. Зараз дочкі самі на пенсіі, але пра дзяцінства засталіся ў іх светлыя ўспаміны, хоць і без маці. Гэта якраз той выпадак, калі мужчына змог замяніць дзецям самага роднага чалавека. Яны разам рыхтавалі ўрокі. Навука з польскай школы дапамагла стаць выдатным памочнікам у адукацыі малых. У хаце панавала дабрыня. Разам працавалі, дапамагалі, падтрымлівалі адно аднаго.
Але пасля пахавання мамы не скончыліся іх страты. Мінула тры гады, яны звыкліся з сіроцтвам, як зноў здарылася непапраўнае. Тады на калгасныя буракі людзей вазілі на трактары. Пачалася меліярацыя – глыбокія канавы, гразкія дарогі. Поўны прычэп жанчын ехалі вечарам дадому і трактар перакуліўся прама ў ваду. Тыя, што аказаліся з бакоў, выбраліся. Таню, дачку Мікалая, і яшчэ дзвюх маладых жанчын вадой захліснула пад платформай, не даючы шанцаў на выратаванне… Іх тады і хавалі разам – траіх у адной магіле. У суседак засталіся маленькія дзеці, а Тані было 18 год, яна збіралася замуж, быў прызначаны час вяселля. Той вечар помніцца і зараз. Меншыя выпалілі ў печы, чакалі сястрычку. Але прыйшлі чужыя людзі, нешта сказалі бацьку, ён заплакаў, і ўсе выбеглі з хаты, асэнсоўваючы новае гора…
Сям’ю аб’ядналі цяжкасці. Яны да гэтага часу шчымліва і шчыра прызнаюць сваё радство. Сёстры разам упраўляюцца на агародзе. Дзялянкі клубніц, якімі славяцца ваколіцы Дварца, таксама дагледжаны сумеснымі намаганнямі. Побач з маладзейшымі заўсёды і ён, Мікалай Маркавіч, як самы дарагі чалавек на свеце, які не даў зняверыцца ў людзях, дапамог разлічыць добрае ад злога, навучыў асновам сумленнасці і чалавечнасці.
Яны ўсе разам праз год адзначаць сумны юбілей. Тады споўніцца 50 год, як іх матуля жыве толькі ў памяці. Амаль паўвека аўдавелы муж пражыў адзінокім. І ў думках у яго не было памкненняў знайсці сваё шчасце з іншай жанчынай, якая, быў упэўнены, не заменіць дзецям родную маці. А яны менавіта гэтага і баяліся, што чужая цётка прыйдзе ў іх дом, завядзе свае парадкі. Толькі ім, сваім мілым дзяўчаткам і малечы-хлапчукам бацька прысвяціў сябе, глыбей пагрузіў-ся ў работу. Разам святкавалі вяселлі і провады ў армію, не адчувалася недагледжанасці ці напругі ў адносінах. Калі ўсе разышліся з роднай хаты будаваць свае гнёзды, ён жыў іх праблемамі: дапамагаў будаваць дамы і гадаваць маленькіх унукаў.
Дачка Вольга стварыла сям’ю ў Пінску – найдалей ад астатніх. Мікалай і Іван асталяваліся ў Лунінцы, Каця – у Дварцы, Шура і Марыя – у Вічыне. Тут жа мінаюць ранкі ціхай старасці Мікалая Маркавіча. Спрабаваў свае здольнасці вясковец на самых розных участках. Спачатку прыняў магазін, бо ў пасляваенны час мала хто валодаў матэматыкай. Ды хутка вырашыў, што гандаль – не яго справа. У калгасе стаў правай рукой загадчыка на ферме, потым заняў пасаду кладаўшчыка, дзе і сустрэў пенсійны ўзрост.
У Мікалая Маркавіча ў мінулым го-дзе памёр брат Уладзімір, які таксама прайшоў па франтавых дарогах. Да дзяцей перабраўся другі брат – Іван, які быў вывезены ў Германію ў час вайны. Так паступова апусцелі іх дагледжаныя сядзібы на бацькоўскай зямлі. Але хочацца верыць, што нашчадкі не дадуць прыйсці ў запусценне маленькай кропачцы на карце раёна, дзе жылі мужныя абаронцы і адданыя справе рупліўцы. 9 унукаў і 13 праўнукаў – ім працягваць справу дзеда і пра-дзеда, ствараць мір і дабрабыт для сваіх родных. Ды, напэўна, не так важна, дзе прыкладуць яны свае сілы. Галоўнае, што, дзякуючы Мікалаю Маркавічу і яго продкам, маладым перадаюцца асноўныя чалавечыя каштоўнасці – сумленнасць, працавітасць, любоў да бліжняга і сваёй Радзімы. Тыя якасці, без якіх немагчыма ісці ў бой і перамагаць у мірных спаборніцтвах.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть