Алімпійскія ўзнагароды лунінецкіх механізатараў
Культура

Алімпійскія ўзнагароды лунінецкіх механізатараў

olimpiada-mexanizatorov

У стагоддзе інфармацыйных тэхналогій без глыбокіх і трывалых ведаў, высокіх прафесійных навыкаў і эрудыцыі працаваць няпроста. Нягледзячы на тое, што сучасная энерганасычаная тэхніка сёння здольна замяніць мінімум пяць “сваіх калег” класам ніжэй, прафесія механізатара была і застаецца адной з самых запатрабаваных на рынку працы.

Трэцяя абласная алімпіяда прафесійнага майстэрства па спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці” сярод навучэнцаў прафтэхустаноў Брэстчыны выявіла лепшых з лепшых.

Дзмітрый Шкілюк
Дзмітрый Шкілюк

Падчас урачыстага адкрыцця ўдзельнікаў віталі дырэктар Лунінецкага сельскагаспадарчага каледжа Іван Раковіч і старшыня журы, дырэктар абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі Дзмітрый Шкілюк (на здымку). Яны пажадалі ўсім выдатных вынікаў і, вядома ж, перамогі. Падбадзёрылі канкурсантаў музычныя нумары самадзейных артыстаў з ліку навучэнцаў ДПТК СВ.

10 “алімпійцаў” з Высокаўскага і Лунінецкага сельскагаспадарчых прафесійна-тэхнічных каледжаў, Пружанскага і Пінскага аграрна-тэхнічных, а таксама Пінскага індустрыяльна-педагагічнага каледжаў у нялёгкай барацьбе, якая працягвалася 2 дні, стараліся даказаць, што выбраная імі прафесія важная і прэстыжная.

Алімпіяда складалася з двух этапаў. Першы – тэарэтычны. Юнакам трэба было даць адказы на 100 пытанняў тэста, а таксама рашыць складаныя задачы. Лепш за ўсіх з гэтым справіў-ся наш зямляк Яўген Курак з Вулькі 1. Ён таксама прадэманстраваў выдатныя навыкі і ў практычнай частцы, набраў найбольшую суму балаў – 381,7 і стаў пераможцам.

– Самым складаным было ўстанавіць помпу на трактар “Беларус 1221”, – дзеліцца ўражаннямі пераможца. – Ды і з задачкамі давялося павазіцца. У цэлым задаволены сваім выступленнем. Падчас жараб’ёўкі дастаўся нумар “1”. Аказаўся шчаслівым. Пасля заканчэння каледжа мару працягнуць вучобу ў ВНУ.

Яшчэ адзін прадстаўнік каманды гаспадароў Дзмітрый Бурак – ураджэнец Баранавіч. Ён роўна прайшоў усе выпрабаванні і заняў другое месца:

– Аб тым, што ў Лунінецкім каледжы падрыхтоўка механізатараў вядзецца на высокім узроўні, шмат чуў, таму навучанне на другой ступені працягваю менавіта тут. Цяпер і сам магу пацвердзіць, што база – выдатная, педагогі і майстры вытворчага навучання – вопытныя. Вялікі дзякуй нашаму куратару Дзмітрыю Паўлавічу Шчаткову, які не толькі рыхтаваў да алімпіяды, але і падтрымліваў на працягу двух дзён спаборніцтваў.

Дзмітрый Бурак і Яўген Курак
Дзмітрый Бурак і Яўген Курак

Трэцім прызёрам стаў Іван Вырвіч з Пінскага ДАТК імя Кляшчова:

– У Лунінец прыехаў упершыню. Добразычлівая абстаноўка дапамагла справіцца з хваляваннем. Дзякуй арганізатарам за цікавую праграму і незабыўную экскурсію па горадзе.

Пераможцаў і прызёраў павіншаваў старшыня журы Дзмітрый Шкілюк. Да яго слоў далучыўся загадчык аддзела сацыяльна-эканамічнай работы абкама прафсаюза АПК Аляксандр Бараноўскі, які ўручыў грашовыя прэміі за 1-3 месцы.

– Людзі старэйшага пакалення памятаюць, што некалькі дзесяцігоддзяў таму прэстыж рабочых прафесій быў вялікі, – заўважыў Аляксандр Аляксандравіч. – Сёння назіраецца дэфіцыт у адносінах да спецыяльнасцей сельскагаспадарчага профілю, якія патрабуюць высокай кваліфікацыі. Павышэнне іх прэстыжу дазволіць моладзі рэалізаваць сябе ў грамадска-карыснай сферы, стаць лепшымі ў сваёй справе. Для гэтага неабходна павышаць узровень падрыхтоўкі, выкарыстоўваючы новыя перадавыя тэхналогіі і сучасныя спосабы навучання з прымяненнем дасягненняў навукі і тэхнікі. Упэўнены, што такія алімпіяды таксама ў поўнай меры спрыяюць гэтаму.

Алена Даніловіч

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть