Культура

Апельсін ад бабулі Алены

Па вясковай вуліцы яна ішла зусім памаленьку, абапіраючыся на два кіёчкі. Сіл хапала ледзь-ледзь пераступаць, але накірунак ведала добра і ніяк не блытала дарогу. Адмовілася ад дапамогі і, дайшоўшы да маленькай драўлянай хаты, стомлена апусцілася на лаўку. Сакавіцкае сонца ласкава пасылала цёплыя промні, ад якіх святлела ў вачах гэтай слабенькай жанчыны.

Алена Пянёк нарадзілася і вырасла на хутары каля в. Міжлессе. Як і ва ўсіх вясковых дзяцей, маленства згадваецца з пасільнай працай і пасьбой жывёлы. Вялікі статак з кароў і авечак даручалі дзяўчынцы ўжо з сямі год. Памятае, як маленькія ягняткі грузлі ў балоце і яна па пояс заходзіла ў халодную ваду, дапамагаючы тым выбрацца. Потым распальвала касцёр і сушыла сваё адзенне, адначасова спрабуючы сагрэць закачанелы маладняк.
Але як бы цяжка ні даводзілася, горшае прыйшло, калі пачалася вайна. У 1941-ым Алене было дзесяць, і ўсе жахі, голад і боль запомніліся, бы стужка жах-лівага кінафільма. Чым маглі, дапамагалі сваім. Схавалі ў клуні – вялікай будыніне для сена, снапоў і малацьбы – трох чырвонаармейцаў. Ды ўжо раніцай знайшліся “дабрадзецелі” і данеслі паліцаям. Байцоў схапілі, а над сям’ёй навісла пагроза смерці. Далей былі асцярожнейшымі, але змірыцца з акупацыяй не маглі.
Пасля вызвалення браты пайшлі на фронт. Грыша застаўся навечна ў далёкай Германіі, загінуўшы за сем дзён да Перамогі. Ён і зараз часта сніцца родным, нібыта сумуючы па Радзіме…
Алена вырасла прыгажуняй. Як шкадаваў бацька аддаваць замуж зусім юную дачушку, ды яна не хацела нікога слухаць. Першае сур’ёзнае пачуццё перакрэсліла разважлівасць і асцярожнасць. На вяселлі двойчы распрэгліся коні, што здаўна лічылася вельмі дрэннай прыкметай. Спачатку ў гэта не хацелася верыць, але паступова горшае стала збывацца…
Свякроў недалюблівала Алену, часта адмаўляла ў самым неабходным і жыць пад адным дахам было цяжка. Стала марай свая хата, хай сабе невялічкая, але ў якой можна смела гаспадарыць без папрокаў і сварак. Пабудавалі. Пераехалі. А шчасця не знайшлося і там…
Маленькімі паміралі дзеці. Курганкі на мясцовых могілках не давалі жаночаму сэрцу спакою. Неўзабаве захварэў муж, які працаваў у калгасе будаўніком. Не дапамагалі бальніцы Пінска і Лунінца, згасаў на вачах. Меншаму хлапчуку было 2 месяцы, старэйшым – ненамнога больш. Яна – удава ў 29 год. Дзяцей давялося паднімаць адной…
Зайшла аднойчы цыганка, раскінула карты і спалохалася: “Твае беды, маладзіца, яшчэ наперадзе”. Страшныя прагнозы не давялося чакаць доўга. Амаль дарослай пайшла з жыцця дачка Маня. Сама звяла рахункі з жыццём. Што тады не змагло вытрымаць ранімае дзявочае сэрца, засталося загадкай. У арміі загінуў сын Грыша, названы так у памяць дзядзькі, які не вярнуўся з вайны. Прычыну смерці родным ніхто не расказаў. Прыехалі людзі ў ваеннай форме і на пытанні сплаканай маці адказвалі строга і коратка: “Не положено разглашать”.
Некалькі пазней трагедыя паўтарылася з малодшай дачкой Анжэлай. Дзевяці-класніца загінула ад перадазіроўкі таблетак, не сказаўшы на развітанне нічога.
У вёсцы гаварылі ўсякае, шкадавалі, былі такія, што і насміхаліся над чужым горам, але дзяцей ужо не вярнуць.
З вялікай сям’і засталіся ў жывых дзве дачушкі. Ганна жыве ў Пружанах. Таццяна – побач, апора і падтрымка старэнькай матулі. У яе 4 дзяцей і 7 унукаў, амаль усе жывуць у роднай вёсцы, таму без догляду бабулю не пакідаюць ніколі.
Алена Данілаўна ў свае 83 гады добра чуе і бачыць, мае выдатную памяць. Але няўдалае па-дзенне на слізкім ганку прывяло да парушэнняў пазваночніка, зрабіўшы жанчыну бездапаможнай. Зімавала ў цёплай кватэры дачкі, але як толькі прыгрэла сонейка, не сядзіцца ў мураваным будынку. Сэрцам старая вяртаецца на родны хутар, дзе засталіся адзінокая паўразбураная хатка з хлеўчуком і яблыні. А яшчэ – грыбы ля самага двара, якія так любіла збіраць гаспадыня…
Ёсць непадалёк у дачкі Таццяны невялікая драўляная хата, якая пустуе зімой. А летам бабулі тут лягчэй дыхаць, чым у прасторнай кватэры. Тут кудахтаюць курачкі, пакарміць якіх устае, нягледзячы на боль у сэрцы і паясніцы.
Яна даўно просіць у Бога смерці. Столькі родных знайшлі прытулак на могілках, што спакутаваная душа не можа жыць спакойна. Жанчына часам вінаваціць сябе: не даглядзела, магчыма не падтрымала ў цяжкую хвіліну. Вінаваціць бясконцую сялянскую працу – на ферме даяркай, цялятніцай ці вартаўніком, бо зусім мала часу заставалася для сябе і блізкіх. Калі б можна было ўсё вярнуць, магчыма і склалася б усё іначай…
Мы доўга сядзелі на лавачцы каля прызбы. Найбольш бабуля Алена расказвала пра вайну. Такія цяжкія ўспаміны вастрэй адчуваюцца, калі ў свеце неспакойна, ёсць трывога за ўнукаў і праўнукаў. Жанчына ўсім сэрцам жадае шчасця маладым, клопат і дабрыня адчуваюцца ў кожным слове.
Папрасіла крышачку пачакаць і памаленьку патупала ў хату. Прынесла яркі прыгожы апельсін і працягнула мне. Адмову не хацела слухаць, у голасе адчувалася крыўда.
Вось яна, наша сапраўдная беларуская гасціннасць! На вочы наварочваліся слёзы, а аранжавы гасцінец здаўся самым смачным у свеце.
Не ведала, чым ад-дзячыць бабулі Алене. Калі давядзецца зноў быць у Міжлессі, абавязкова зайду паслухаць яе сумны аповяд пра нялёгкі лёс і пажадаць ёй моцнага здароўя і цярпення.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть