Культура

Апошні сведка…

яцукевич15 жніўня 1943 года былі забіты і спалены больш як 30 хутаран Сасновіцы.

Так названы населены пункт у даваенных дакументах. Часцей ведаем яго як Сасноўскія хутары. Зямля, якую “пры Польшчы” распрацоўвалі старанныя гаспадары, цяпер пакрыта шчыльным лесам. Але не падлягае забыццю памяць аб трагедыі 70-гадовай даўніны.

На сумную дату ўвагу звярнула 80-гадовая лунінчанка Людміла Янкевіч. Ахвяры фашызму ўвекавечаны ў кнізе “Памяць. Лунінецкі раён” як жыхары вёскі Сасноўка Дварэцкага сельсавета. Улічваючы, што ў 1990-ыя гг. звесткі ад загінуўшым мірным насельніцтве збіралі школьнікі, дапушчальны скажэнні ў напісанні прозвішчаў. На жаль, дакументы для ўдакладнення адсутнічаюць.

На мемарыяльнай дошцы ў касцёле стараннем пляменніцы загінуўшых, якая прыязджала з Польшчы, занатавана памяць адной сям’і. Надпіс “Камароўскія Ян, Антаніна, Юзэф 15 жніўня 1943 года закатаваны гітлераўцамі” змешчаны і на шыльдачках, умацаваных на крыжах – драўляным і металічным. У гушчары лесу дапамог знайсці след былой гаспадаркі заможных хутаран ляснік Уладзімір Яцукевіч. Ён параіў звярнуцца да бацькі.

Са старшынёй Дварэцкага сельвыканкама Аляксандрам Віднікевічам накіраваліся ў вёску Сасноўка, дзе сустрэліся з сям’ёй старых Яцукевічаў (на здымку). 84-гадовы Іосіф Емяльянавіч расказаў аб знішчэнні хутароў, куды хлапчуком бегаў да сяброў-падлеткаў. Успаміны мужа дапоўніла Ульяна Ільінічна, якой днямі дзеці “падшыхавалі” святочнае 80-годдзе.

Але старажылы ведалі прозвішчы толькі трох сямей. Адна – указана вышэй. Другая – Стэфана Камароўскага і яго жонкі. Іх сын Эдуард застаўся жывым, пасля вайны жыў у Польшчы, у 1960-ыя гг. наведваў Лунінец. Праўда, у адрозненне ад суайчынніцы не заняўся ўвекавечаннем памяці бацькоў…

У лесе бачылі абгароджаны куток з крыжом пад трыма ліпамі. Гэта – магіла на “бацькаўшчыне” Зышчыкаў. У дзень трагедыі немцы схапілі сына, ратаваць якога прыбегла маці. Фашысты расстралялі абодвух… Ці дакладныя іх імёны – Усцін Цімафеевіч і Яўгенія Макараўна? Спадзяемся, родныя дададуць звестак.

Давялося наведаць старажылку Лунінца Л.В. Янкевіч, якая і падштурхнула да пошуку. Яе бацькі жылі ў горадзе, а хутар купілі для вядзення сельскай гаспадаркі. Дзякуючы Людміле Васільеўне, аднавілі адну з трагічных старонак вайны:

– Паблізу хутароў на чыгунцы забілі немца. Гэта было ў 5 гадзін раніцы. Фашысты па расе выследзілі людзей, якія на світанку пайшлі ў лес за грыбамі. Забілі многіх выпадковых сустрэчных, а затым расстралялі і спалілі амаль усіх хутаран.

Памятаю Копаца. Яго з жонкай расстралялі каля дома. Іх сына Міхаіла забілі ў лесе. Дачка Вера загінула і была пахавана з іншай сям’ёй. Гаспадара звалі Фэлька. Ён жыў з дачкой, зяцем па прозвішчы Юзікевіч, унучкай. Над гэтай магілай быў устаноўлены крыж. Калі праз хутары прайшла “бетонка”, пахаванне аказалася па левы бок дарогі. Натуральным помнікам загінуўшым сталі бяроза і сасна, якія выраслі каля магілы. Заўсёды паказвала дрэвы пляменнікам, калі расказвала аб трагедыі.

Паміж гэтымі двума хутарамі жыў “Калістран” – так мы называлі гаспадара вялікай сям’і Клімовічаў. І ў кнізе “Памяць” занатаваны 50-гадовыя Калістрат Пракопавіч з жонкай Марыяй Сямёнаўнай, іх дзеці – Надзея, Барыс і Вольга. Старэйшая дачка, Любоў, была жонкай Віктара Антонавіча Качаноўскага. Толькі 6 месяцаў споўнілася іх нованароджанай Веры…

Загінулі старыя Ахрэмчыкі – Міхаіл Міхайлавіч і яго жонка Магдалена… Побач жылі суседзі па прозвішчу Нагорныя. З іх дачкой вучыліся ў “паўшэхнай” школе. Марцін Пракопавіч, яго жонка, іх дзеці Аляксандр і Вера пахаваны ў адной магіле… Самымі блізкімі нам была сям’я Шэвялюк. Мама хрысціла іх малодшую дачку, а мая сястра Марыя – сына, які нарадзіўся перад самай вайной. Дзядзьку з гаспадыняй, іх старога бацьку і трох дзяцей загналі ў клуню і спалілі з іншымі хутаранамі. Мама расказвала, што ўсе так абгарэлі, што немагчыма было высветліць, хто ёсць хто. А вось суседзяў яшчэ апазнала – па адзенню. Захоўваю іх фотаздымак. Калі пасвіла кароў, заўсёды рвала кветкі і клала на магілу…

(Мяркуючы па імёнах, гэта сям’я таксама ўвекавечана ў “Памяці…”, толькі скажоны прозвішча і ўзрост. Удакладняем: Шэвелюк, Якаў Марцінавіч, яго жонка Настасся Барысаўна, трое дзяцей: Надзея, Алена, Васіль. – Т.К.).

У спісе загінуўшых занатаваны яшчэ тры ахвяры фашызму: Барабан Барыс, 70 год, Барысюкі, Барыс Міхайлавіч, 63 гады, і яго сын Антон, 31 год.

Людміла Васільеўна зазначае, што за ўчасткам Юнкевічаў жыло многа хутаран, шкадуе, што гэтыя прозвішчы ёй не знаёмыя. Але ведае ж значна больш! Кіраўнік мясцовай улады выказаў шчырую ўдзячнасць жанчыне за неабыякавасць і святую памяць аб загінуўшых.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть