Культура

Арцёмка

Унукі дзеда Колі штогод з’язджаюць з горада і ўсё лета прападаюць у вёсцы. Раздолле тут – куды ні кінеш вокам. Хочаш – у цяньку сядзі, ганяй надакучлівых гусянят, якія так і намерваюцца скубануць за босыя ногі. За матылькамі можна паганяцца. А хочаш – з вясковымі хлапчукамі на рэчку схадзі, дзе з вільготнага пяску, тут жа ля вады, можна ладзіць дзівосныя замкі.
Старэйшага Арцёмку больш цягне да коней – можа падоўгу любавацца, як пасуцца яны на багатым разнатраўі шырокіх лугоў. Ну, а калі дзядуля збіраецца запрэгчы гнядога ў воз, так і круціцца побач. Малы яшчэ, а так не церпіцца за Пчолкай пахадзіць з плужком – бульбачку акучыць.
Неяк прытаміўся ад дзённай спёкі стары, а малы тут як тут. 
– Ты крышачку адпачні, – раіць малы. – А я, глядзіш, некалькі радкоў бульбачкі абганю.
Дзіўна стала дзеду: 
– Рассмяшыў ты мяне, унучак. Ну калі так хочаш, трымай лейцы. 
Накіраваўшы гнядога між высокага бульбоўніку, падаў плуг хлопчыку. Той гучна крыкнуў: 
– Но, міленькая! 
І вось маленькі араты басанож пакрочыў за конікам. Смела, упэўнена, быццам не ўпершыню робячы звыклую сялянскую работу. Праўда, пера-кінуць плуг у другі радок сіл не хапіла, давялося дзядулю прасіць.
А вечарам, управіўшыся па гаспадарцы, Арцёмка з дзядулем ласаваліся печанай бульбачкай. Хлопчык з затоеным дыханнем пазіраў, як з  прыску дзед дастае кіёчкам патыхаючыя гарачынёй клубні, струшвае попел і тут жа бярэцца ачышчаць ад лушпіння.
– Эх, шашлычку б да гэтага ўсяго дабавіць, – апетытна вымавіў Арцёмка. – Ды дзе яго ўзяць? І крама зачынена…
– Дык такую бяду я ўраз развяду, – варочаючы дагараючыя галавешкі ў кастры, сказаў дзядуля. – Скажы бабулі, каб сала з перасцёлачкаю прынесла. А я тым часам лазовых пруцікаў нарэжу.
Узяўшы сцізорык, падаўся стары да сажалкі, якую з усіх бакоў акружаў купчасты вербалознік. Вострае лязо лёгка ўпілося ў галінку, і тая, падкошаная, апусцілася долу. Гэтак жа паступіў і з другой. Вярнуўся, калі ўжо малы трымаў ладны акраец хлеба ды лустачкі сала.
– Вось табе і “шампуры”, – працягваючы завостраны і раздвоены на канцы пруцік, сказаў дзед. – Нанізвай сала і да галавешак бліжэй трымай.
Неяк неўпрыкмет вечар перарос у раннюю ноч – пахла печанай бульбай, паціху сквірчэлі шкваркі. Дзядуля з унучкам не надта спяшаліся ў хату. Яшчэ доўга стары і малы сядзелі ля вогнішча, пакуль на небе не высыпалі першыя зорачкі.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть