Ажываюць і птушкі, і коні ад умелай жаночай далоні
Культура

Ажываюць і птушкі, і коні ад умелай жаночай далоні

птушки кониЗвычайная вясковая хата нагадвае музей. Вышытыя крыжыкам карціны акуратна развешаны на сценах. Аздобленыя прыгожымі рамкамі, створаныя вобразы выклікаюць захапленнне і здзіўляюць сваёй прастатой і складанасцю адначасова. Тут птушкі апусціліся на галінку ў зялёнай лістоце, дорачы імгненне летняга цяпла. Кветкі выглядаюць жывымі, здаецца, вось-вось ахутае іх дзіўны ап’яняючы водар, і пялёсткі руж асыплюцца долу ад рэзкага павеву ветру. Па зялёным лузе імчаць некуды ўдалячынь хуткія коні, нібыта клічуць за сабой…
На другой сцяне размясціліся іконы. Аўтар цудоўных твораў – Іна МАКСІМОВІЧ, прыгожая жанчына з вёскі Міжлессе. Не здзіўляйцеся, калі жывучы побач, вы не ведалі пра захапленне сваёй знаёмай.
Сціпласць не дазваляе ёй несці самабытную творчасць да шырокага кола гледачоў. На пытанне, чаму не ўдзельнічае ў святочных выставах ці кірмашах, адказала, паціснуўшы плячамі:
– Стварала для душы, упрыгожвала свой дом.
Іне сапраўды ёсць каго парадаваць сваім незвычайным талентам. Галоўны натхняльнік – муж Міхаіл, з якім яны разам ужо больш як 20 год. Ажаніліся зусім юнымі, але пранеслі светлыя пачуцці кахання, павагі і ўзаемаразумення праз усе выпрабаванні.
Дачушка Ганна – сяброўка і памочніца – сама паспела стварыць невялікія вырабы з выкарыстаннем бісеру. Яны цудоўна дапаўняюць разнастайныя маміны творы. Сын Мікалай нясе вайсковую службу. Ужо другі год юнак пад грукат магутнага танка згадвае маленькую радзіму, іх утульны дом, дзе чакаюць блізкія людзі.
У ліку самых родных Іны – свякроў Ганна Аляксандраўна. Такіх шчырых адносін з нявесткай не даводзілася бачыць ніколі. Мілагучнае “мама” – выклікае замілаванне, кранае да глыбіні душы. А інакш і немагчыма адносіцца да жанчыны, якая перажыла жахлівыя страты. На працягу 14 месяцаў пахавала маці, 50-гадовага мужа і 20-гадовага сына. І хоць здарылася ўсё страшнае больш як два дзесяцігоддзі таму, горкі боль у вачах няшчаснай жанчыны застаўся такім жа пакутлівым і невыносным…
Свайго сыночка Мікалая яна правяла на службу, чакала, што хутка вернецца дадому. Але трагічнае здарэнне на палігоне ў Германіі… Юнак атрымаў цяжкія апёкі… Страх… Непрытомнасць… Адчай…
Тое безнадзейнае змаганне за яго жыццё ў бальніцы Ленінграда назаўсёды застанецца жахлівым успамінам. Яшчэ балюча ад думкі, што загінуў салдат з-за памылкі і безадказнасці камандзіра. Перад судом вінаваты даслаў пісьмо, у якім прасіў не саджаць яго ў турму…
Вера ў Бога, малітвы і клопат пра ўнукаў, якіх якраз тады падарыла дачка Маша, дапамаглі жанчыне справіцца з бядой. Праз некаторы час прыйшла ў сям’ю 16-гадовая Іна. Яна ўсім сэрцам пацягнулася да новай матулі. Не было сумненняў, якія імёны даць дзецям. Тым больш, што нябожчык, брат мужа, якога бачыла толькі на фота-здымку, прысніўся жанчыне перад цяжарнасцю. У сне ён ператварыўся ў маленькага хлапчука на руках.
Прыняўшы Іну за дачку, Ганна Аляксандраўна дзялілася з нявесткай і сваімі ведамі па рукадзеллю. Вязанне і стварэнне шыкоўнага дывана ручной работы далося вучаніцы лёгка, а потым часопісы дапамаглі асвоіць новыя віды творчасці. Хвароба прымусіла маладую жанчыну перайсці на больш лёгкую працу і часта лячыцца ў бальніцы. Не мае адпаведнай адукацыі, таму не можа весці гурток рукадзелля для школьнікаў. Вельмі шкада, бо таленавітая майстрыха можа многаму навучыць зацікаўленую дзетвару.
Яшчэ Іна вельмі любіць чытаць. Цікавая кніга прымушае перажываць за яе герояў, ахунаючы ў свет раскошы ці беднасці, дабрыні ці несправядлівасці. Хаця сама жанчына больш верыць у светлае, бо з дзівосамі давялося сутыкнуцца ў жыцці. Аднойчы здарылася аўтама-більная аварыя. Перакулілася машына, у якой Іна з маленькай дачушкай ехала ў горад. Заціснутая пакурожанымі дзверцамі, моцна спалохалася за дзяўчынку. Калі зразумела, што ўсе жывыя і здаровыя, адчула абарону вышэйшых сіл. Некалькі дзён знаходзілася ў шокавым стане, а пасля гэтага выявы святых вышывала асабліва прыгожа і тэхнічна правільна. Лепшае падарыла мясцовай царкве.
Цяпер дачка ўжо дарослая, нядаўна адшумела вяселле, зараз чакаецца прыбаўленне ў яе маладой сям’і. Новыя клопаты даюць Іне вялікі стымул для творчасці. Упэўнена, натхнёнасць ажыве яшчэ не адным цудоўным творам.
Але як запэўніць жанчыну, што недаравальна хаваць талент ад людзей, бо ён, як даўно вядома, належыць народу. З якім бы задавальненнем паглядзелі на цудоўныя вырабы госці раённых святаў ці наведвальнікі музея!
Не хацелася пакідаць утульны дом, дзе гаспадарыць ветлівасць, адчуваецца цяпло не толькі ад напаленай грубкі, але і чалавечай дабрыні. Сілілася знайсці патрэбныя словы для Ганны Аляксандраўны, захаплялася творчасцю Іны, бо вышыванкі на сценах зіхацелі рознакаляровымі фарбамі, дорачы незабыўныя хвіліны сустрэчы з прыгожым. Доўга ў сэрцы жыло пачуццё гонару за сваіх землякоў – простых, сціплых і бязмежна таленавітых!



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть