Культура

БАБА ОЛЯ

Так проста, шчыра і ласкава звяртаюцца аднавяскоўцы да Вольгі Усцінаўны ЯРАХОВІЧ – звычайнай пенсіянеркі з непасільным цяжарам перажытых нягод за плячамі.

Напэўна, менавіта яе бацькаўшчына павінна па праву лічыцца цэнтрам Вулькі 2. Драўляная хата, агораная некалі стараннямі маладой сям’і, размешчана якраз насупраць адзінага ў вёсцы магазіна. Побач – такая ж, толькі яшчэ больш заімшэлая з часам будоўля сястры Таццяны і даўно апусцелы родны дом бацькоў. Гэта куточак вясковай гісторыі, бо адсюль пайшлі ў вялікае жыццё 9 дзяцей, якія раз’ехаліся ў розныя бакі свету.

Вольга Усцінаўна была ў ліку сярэдніх сярод пяці братоў і траіх сясцёр. Маладзенькай 18-гадовай прыгажуняй сустрэла аднавяскоўца Андрэя, з якім, адзіным, і прайшла па сваёй сцежцы жыцця. Нарадзіла пяцёра дзяцей. Працавала паляводам, а ён – лесніком. Незаўважана ляцелі гады. Калі – з радасцю, калі – з нягодамі і трывогамі. У свой час адзначаліся ў хаце провады ў армію, вяселлі, радзіны… Цеплілася матуліна сэрца ціхай радасцю за дзяцей.

З 1993 года такое клапатлівае шчасце жанчыны павярнулася да яе чорным бокам. Нечакана не стала мужа… Аўдавеўшы, баба Оля ціха перажывала сваю страту ў адзіноце, змірыўшыся з горкай праўдай жыцця. Яна нават не падазравала, што гэта быў толькі пачатак горычу і болю…

Цяжка захварэў старэйшы сын Віктар. Доўгія гады змагання за жыццё цягнуліся чорнай стужкай. На жаль, ні слёзы, ні малітвы не дапамаглі. У 2001-ым спынілася сэрца маладога чалавека, пакінуўшы сіротамі траіх дзяцей.

Пакутлівымі складкамі ля вачэй ляглі на матуліным твары сляды перажытага гора. Ад страты свайго дзіцяці няма паратунку і супакою. Толькі гады крыху прытупляюць вастрыё пякучага болю.

Толькі з яшчэ большай сілай гэты невыносны цяжар скаваў сэрца жанчыны ў 2007-ым, калі раптоўна памёр унук Андрэй – сын старэйшай дачкі. Юнак нядаўна ажаніўся, атрымаў кватэру, гадаваў маленькую дачушку Віку… Так, па волі лёсу тры пакаленні жанчын у сям’і В.У. Яраховіч засталіся ўдовамі.

Зараз баба Оля ахутана увагай дзяцей і ўнукаў. Тры дачкі і сын жывуць непадалёку, адведваюць старую, дапамагаюць. Кожны заняты любімай справай. Малодшая – Вера Андрэеўна Насеня – загадчыца МТФ №1 СВК “Вулькаўскі світанак”. За працоўныя дасягненні яна неаднаразова была гераіняй замалёвак у “ЛН”.

Многія з 11-ці ўнукаў атрымалі вышэйшую адукацыю. Падрастаюць васьмёра праўнукаў. Бабулінай увагі хапае на ўсіх. Наогул, Вольга Усцінаўна – добразычлівая і гасцінная жанчына. У яе хаце заўсёды можна сагрэцца і пачаставацца гарачым чаем. Сюды заходзяць пачакаць аўтобуса або прывозу хлеба ў магазін, ці проста адвесці душу ў прыемнай размове. У свой час цёплымі летнімі вечарамі мы, падлеткі, таксама хадзілі з клубнай дыскатэкі асвяжыцца халоднай вадой з бабулінага калодзежа.

Вольга Усцінаўна зразумее кожнага, дасць добрую параду, падтрымае, бо сама прайшла праз непасільныя выпрабаванні – страты самых родных людзей. Вышываныя ручнікі і навалачкі нагадваюць пра руплівасць цудоўнай майстрыхі, а чысціня і парадак – пра гаспадарлівасць.

Але ў вачах бабы Олі – глыбокі смутак і боль, якія яна хавае ў сваім сэрцы, застаючыся заўсёды прыветлівай і гасціннай з накавольнымі. І няма ёй паратунку ад таго болю, бо ніколі не вернуцца страчаныя муж, сын, унук…

Отцветают сады, и глоточком воды
Быстротечно проносятся годы…
Седина – на виски, горечь-боль – от тоски,
От житейской лихой непогоды.
Нету в сердце весны, и тревожные сны
Беспокоят в холодные ночи.
И морщин череда – их не смоет вода,
Неприветную старость пророчат.
Темнота по углам, воля – горьким слезам,
Вдовьей доли хлебнула немало:
И беда – за бедой, сын, внук – в мир иной…
Не жила, а лишь горько страдала.
Только люди вокруг: от протянутых рук –
Состраданье, тепло исходило.
Поднималась с колен, у обветренных стен,
Не сдавалась – терпела, любила!
Расплескалась вода, пролетели года,
Жизнь все клонится ближе к закату.
Много добрых вестей и хороших гостей
Пусть заходят почаще к ней в хату!
Она встретит теплом, хлебом-солью, вином,
Доброты в ее сердце так много!
Пусть от горьких обид вновь душа не болит,
Будет ровная в жизни дорога.

Марыя ЯРАХОВІЧ. в. Вулька 2.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть