Культура

Бачыць сэрцам

Дзённае святло яна бачыць толькі невялікімі плямамі ад вокнаў, якія выдзяляюцца з агульнай цёмнай прасторы, што паглынула ў сябе ўсе яе простыя жыццёвыя памкненні. Яны аднолькавыя для кожнай пажылой вясковай жанчыны: прапаліць у печы, прыгатаваўшы там ежу, бо бульба з абсмажанымі верхнімі бакавінкамі і абцягнутая водарам дыму атрымліваецца намнога смачнейшая, чым звараная на пліце. Падмесці падлогу і невялікі падворак, нядоўга пакорпацца ў агародзе, каб час не цягнуўся так марудна, нагадваючы пра хваробы ва ўсім целе. Усё гэта адначасова стала недасягальным, калі рэзка пагоршыўся зрок. Цяпер страшная цемра ахутала наваколле чорным цяжкім покрывам, праз якое нельга прабіцца яснаму сонцу, дадаючы стомленаму сэрцу больш перажыванняў.
Пелагеі Ходзінай споўнілася 85 год. У Вульцы 2 яна нарадзілася і пражыла ўсё сваё жыццё. І хаця яно не было лёгкім, дакараць на цяжкасці жанчына не стане, бо ўсе перажыванні засталіся ў мінулым, а галоўнае яе шчасце – дзеці – дзякуй Богу, жывыя і здаровыя. Маючы 8 унукаў і 6 праўнукаў, яна не перастае трывожыцца і клапаціцца пра кожнага з іх. Няхай цяпер толькі парадай ці просьбай, але падкажа быць асцярожнымі, стрыманымі і адказнымі. Усіх дзяцей – сямёра.
Старэйшы Васіль жыве побач з маці, дапамагаючы ёй у паўсядзённых абавязках. Яшчэ ўзялі на сябе клопат аб Пелагеі Сцяпанаўне меншыя – Наталля і Іван, якія асталяваліся ў Міжлессі. Людміла – лунінчанка, працоўныя будні прайшлі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, Вольга – у Мікашэвічах, усе гады работы аддала “Граніту”. Таццяна – медсястра ў НДІ траўматалогіі і артапедыі г. Мінска. Далей за ўсіх апынулася старэйшая дачка Ганна, якая стварыла сям’ю ва Украіне, дзе да выхаду на пенсію працавала загадчыкам фермы.
Зблізку і здалёку дзеці любяць вяртацца ў родную вёску. Асабліва прыцягвае цяпло роднай хаты, якое сыходзіць ад коміна над дахам, з невялічкага ганку, які стаў адлікам гадоў у кожным лёсе. Але самымі дарагімі і любімымі для іх, пасталелых, застаюцца матуліны вочы, якія сустракаюць з трывогай і клопатам. Як балюча вяртацца цяпер, калі позірк ужо нябачна блукае па прасторы і ўсё перажытае яшчэ вастрэй адчуваецца і баліць недзе глыбока ў душы…
Пелагея Сцяпанаўна нарадзілася вясной. Цвілі яблыні, яснае сонца давала надзею на шчаслівае жыццё. У сям’і гадавалася 7 дзяцей. Яна была зусім малой, як памёр тата. Паскардзіўся на боль у грудзях, а пакуль маці вярнулася з вуліцы, яго ўжо не стала. Жанчыне давялося самой паднімаць малых. Тады Пелагея не ведала, што ёй таксама, як і маці, наканаваны лёс удавы…
Дзяўчынка скончыла два класы польскай школы, нядоўга пахадзіла ў савецкую. Адначасова вучылася сялянскім жаночым мудрасцям – шыць, прасці, ткаць, вышываць. Вайна ўварвалася ў іх жыццё страшным голадам і зарывам пажараў. Спалілі ўсе хаты. А наперадзе – зіма. Туліліся ў родзічаў. У невялічкім пакоі – тры сям’і па сем душ у кожнай. Як умяшчаліся, зараз не верыцца самой. А тады дзякавалі Богу, што засталіся ў жывых. Часам не было хлеба, перабіваліся на нішчымніцы – агародніна, грыбы, садавіна…
Пасля вызвалення радасныя вярталіся да нармальнага жыцця. У 18 год дзяўчына пасябравала з аднавяскоўцам Васілём. Юнак вярнуўся з Нямеччыны, куды быў вывезены разам з бацькам. Нацярпеўшыся ад ваеннага ліхалецця, маладыя марылі пра сямейнае шчасце. Ажаніліся. Ад беднасці і разрухі многія імкнуліся шукаць лепшую долю. І малады муж паехаў у шахты ў Данбас. Думалі ненадоўга, а атрымалася вярнуцца толькі праз 6 год, бо адтуль забралі на вайсковую службу.
Яна чакала. Доўга жыла каля свекрыві. Хацелася свой куточак, таму купіла маленечкую хатку і пасялілася асобна. Працавала ў калгасе, дапамагала родным. З вяртаннем мужа жыццё наладзілася. Пабудавалі драўляную хату, адно за адным нарадзіліся дзеці. Уладкавалася нянечкай у прышкольны інтэрнат, дзе жылі вучні з аддаленых вёсак, дапамагала вартаваць калгасныя майстэрні.
Гады ішлі незаўважана, дзеці раслі. На родным падворку пабудавалі вялікі цагляны дом, але пажыць дружна і шчасліва ў ім паспелі толькі адзін год. Малодшая Наташка была ў пятым, калі трагічна загінуў бацька семярых дзяцей, каханы муж Пелагеі Сцяпанаўны. Разам з яго пахаваннем адышлі ў небыццё радасць і адчуванне абароненасці. Назаўсёды яна для сябе зачыніла дзверы да жаночага шчасця…
Давялося ўзваліць на кволыя плечы ўсе турботы. Дзеці раз’язджаліся на вучобу, далёка ад дому ўладкоўваліся на работу. Потым знаходзілі свае палавінкі, стваралі сем’і. Іх радасцямі і перажываннямі жыла і маці. Кожны мог вярнуцца да роднага парога са сваімі праблемамі і атрымаць тут галоўнае – падтрымку і разуменне. Нават у думках яна больш не марыла пра нешта асабістае. Страту мужа перажывала вельмі балюча. Не спявала, не танцавала, хаця была вельмі да гэтага здольная. Супакаенне знаходзіла ў рабоце. За любую бралася ахвотна, з душой. Магла сама касіць сена, клапацілася пра “соткі” бульбы і нарыхтоўку дроў. Дзялянкі калгасных буракоў пад спякотным сонцам апрацоўвалі разам з дзецьмі.
Зараз жанчыне так балюча сядзець без справы, калі на вуліцы вясна і пара саджаць агароды. У яе заўсёды было чыста на градках. Цяпер пра руплівасць нагадвае толькі рама ад старога парніка, дзе заўсёды так любілі расці памідоры. Непрымятая трава пад хлявом сведчыць пра адсутнасць у ім жывёлы. І хаця хапае грошай купіць малако, агуркі ці цыбулю, але для вяскоўцаў агарод і падворак значаць нешта большае, чым проста задавальненне матэрыяльных патрэб. Гэта гісторыя самой вёскі, яе побыту за ўсе гады існавання. І пустата на сядзібе аддаецца болем у сэрцы.
Хваробы трывожаць днём і ноччу. Звон у вушах нагадвае гудзенне магутнай тэхнікі. Каля ложка – тэлефон. Сюды не стамляюцца званіць родныя, якім неспакойна за стан старэнькай матулі. Пастаянна клічуць жыць да сябе. Але яна не хоча пакідаць родную хату. Хоць і едзе да дзяцей, то ненадоўга. Хай там лепшыя выгоды, але свае сцены лечаць і супакойваюць Пелагею Сцяпанаўну лепш за ўсё на свеце. Нават маючы абагрэў прыродным газам, яна часта просіць запаліць грубку. Так прыемна прытуліцца да гарачай бакавінкі, каб цяпло пранікла ў слабое кволае цела…
Старадаўняя шафа з люстэркам пасярэдзіне стаіць у пярэднім пакоі. Вазоны на вокнах, чысціня і ўтульнасць. Сюды з радасцю прыязджаюць дзеці. Калі не клічуць свае паўсядзённыя клопаты, яны надоўга застаюцца ў вёсцы. Ходзяць у грыбы. І гэта не толькі жаданне назбіраць баравікоў ці зялёнак, а кароткае вяртанне ў дзяцінства. Бо немагчыма адарвацца ад каранёў, забыцца пра лепшыя гады свайго юнацтва. А пакуль цепліцца жыццё самага роднага чалавека на свеце, знаёмыя мясціны прыцягваюць яшчэ мацней.
Побач з хатай заўсёды раслі бярозы. Моладзь любіла збірацца на лавачцы каля плоту пад ценем з густой лістоты. Гукі радыёпрыёмнікаў і магнітафонаў сведчылі пра мірнае жыццё і спакойнае сталенне юнакоў і дзяўчат. Менавіта пра гэта і марыла Пелагея Сцяпанаўна, якая аддае нашчадкам усю сваю любоў. Маленькія праўнучкі, якія толькі вучацца хадзіць, выклікаюць бязмежнае замілаванне ў душы слабенькай жанчыны. Хай нельга ўбачыць малых, але можна пачуць іх голас, патрымаць на руках. І гэта для яе – галоўнае шчасце і супакаенне: адчуваць сэрцам працяг жыцця сваіх дзяцей і ўнукаў, дзеля якіх яна і жыве на свеце.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть