Культура

“Бастынь дала пуцёўку ў жыццё…”

ФайгерГэта прозвішча памятаюць многія гараджане, каму пашчасціла быць вучнямі Арнольда Сямёнавіча Файгера. Ветэран Вялікай Айчыннай, выкладчык нямецкай мовы СШ №2 г. Лунінца, педагог з рознабаковымі інтарэсамі, ён быў узорам сапраўднага інтэлігента.

–Па прыкладу бацькі я не марыў аб іншай прафесіі – з дзяцінства рыхтаваўся быць толькі настаўнікам, – расказвае Барыс Арнольдавіч. Закончыўшы БДУ ў 1966-ым, па размеркаванню быў накіраваны ў Бастынскую СШ. Першае месца работы лічу вызначальным…

Колькі займеў новых сяброў – адна камсамольская арганізацыя школы налічвала 17 настаўнікаў! Расказвае, як віравала грамадскае жыццё ў тагачаснай вёсцы. Да ўзвядзення школы ў суседніх Дзятлавічах у Бастынскай СШ навучаліся паўтары тысячы вучняў. Цяпер і жыхароў у вёсцы крыху менш, а вучняў – пятая частка гэтай лічбы…

–У 1973-ім развітаўся з малой радзімай, працягвае Барыс Арнольдавіч. – Яшчэ 18 год выкладаў матэматыку ў навучальных установах Масквы. Адзначаны ганаровым званнем “Заслужаны настаўнік школ РСФСР”. З разбурэннем вялікай краіны выехаў на гістарычную радзіму. Спачатку было  складана,  але матэматычныя тэрміны на іўрыт вывучыць значна прасцей, чым літаратурную мову. Так што вось ужо 22 гады выкладаю любімы прадмет у каледжы горада Ашдод.

Праз 40 год педагог з Ізраіля наведаў вёску, якая “дала пуцёўку ў жыццё” (так адзначыў у Кнізе запісаў ганаровых гасцей Бастынскай СШ). Больш як 20 год ураджэнец Лунінца не бачыўся і з калегамі, з якімі разам пачыналі педагагічную дзейнасць у вясковай школе, але ўвесь гэты час падтрымліваў сувязь з мужам і жонкай Бензерукамі з Жабінкі. Сёлета Вольга Рыгораўна і Расціслаў Мацвеевіч не толькі прынялі госця са Святой зямлі, але і разам наведалі Бастынь.

За паўдня было шмат сардэчных сустрэч, сюрпрызаў, успамінаў. Нагадваць аб іх будуць фотаздымкі, зробленыя ў сельвыканкаме, мясцовым храме, дамах сяброў маладосці. На відэакамеру занатаваны кранаючыя імгненні пазнавання былых вучняў ці калег.

–Перапоўнены невыказваемымі эмоцыямі,Барыс Арнольдавіч захоплены прыязнасцю вяскоўцаў. – Вярнуўшыся дамоў, адчуваю, што гэтыя 6 гадзін вяртання ў маладосць буду асэнсоўваць не адзін год…

Госць з Ізраіля быў асабліва ўражаны не толькі тым, што яго прозвішча вядома лунінчанам. Службовая занятасць перашкодзіла Валянціне Сцяпанаўне Швед на працяглую сустрэчу з былым класным кіраўніком. Але, паявіўшыся на пероне літаральна перад адыходам цягніка, дырэктар філіяла “Грамадскае харчаванне” ўручыла палескі пачастунак старому настаўніку. Пазней патэлефанаваўшы ў Лунінец, расчулены Барыс Арнольдавіч адзначыў, што такія шчырыя праявы вучнёўскай удзячнасці магчымы толькі ў “народжаных у СССР”…

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть