Букет з адуванчыкаў
Культура

Букет з адуванчыкаў

адуванчикиМы заўсёды абараняем дзяцей. Іх – самых родных, жаданых і дарагіх імкнемся засцерагчы ад няшчаснага выпадку. На вуліцы моцна трымаем маленькую далоньку ў сваёй, калі побач едзе цягнік ці машына. Нават каля пясочніцы пільнае вока дарослага абавязкова сочыць за парадкам. Але як абараніць маленькае цельца з цікаўнымі вачанятамі ад жорсткасці роднай матулі? Гэта не памылка ў тэксце, такая праблема сапраўды існуе ў нашым цывілізаваным грамадстве.
Пазнаёмілася з жанчынай, якая ў пенсійным узросце з хворым сэрцам узваліла на свае плечы клопаты па выхаванню дваіх унукаў. Яна не стра-ціла дачку, родную маці малых, у тым сэнсе, пра які падумалася адразу. Маладзіца жывая, і адчувае сябе бесклапотна. Вось толькі пра родных крывіначак у яе ніколечкі не баліць душа.
Бабуля прасіла не называць адрас і прозвішча, нават замяніць імёны.
– Я нікога не баюся, але мне сорамна за дачку… – выціраючы слёзы, Валянціна Іванаўна пачынае свой горкі расповяд. – Не ведаю, калі я страціла Светку. Здаецца, расла як усе…
У іх сям’і гадавалася дзве дзяўчынкі. Амаль равесніцы, яны сябравалі паміж сабой, дапамагалі маме. Тата радаваўся, якімі прыгожымі падрастаюць дзяўчынкі. Наогул, лепшага бацькі напэўна не бывае на свеце. Мікалай прыносіў малым падарункі, браў дзяўчынак з сабой на рыбалку, разам хадзілі ў грыбы. Ніколі не злоўжываў гарэлкай, цікавіўся іх вучобай у школе, не брыдкасловіў і не павышаў голас. Маці больш часу аддавала рабоце, будучы спакойнай за дамашні «тыл», дзе стараннямі мужа ўсё было ў парадку.
Зруйнавала іх сямейную ідылію аварыя на дарозе непадалёку ад хаты. П’яны вадзіцель выехаў на тратуар. Імгненне, і Валянціна Іванаўна засталася ўдавой, а дзеці назаўсёды развіталіся з бацькам. Наталля была старэйшай, для яе трагедыя прайшла менш балюча. Праз пару месяцаў яна супакоілася. А Свеце было 14 год. Ёй давялося першай убачыць на дарозе акрываўленае цела роднага чалавека, і моцнае ўзрушэнне не прайшло без наступстваў.
Дзяўчынка замкнулася ў сабе. Ніхто не мог выцягнуць з яе і слова. У школе спачатку не хваляваліся, маўляў, перажыве, час вылечыць. Мала ўвагі малой надавала і маці, якая сама ледзь змагла аправіцца ад бяды. Напэўна з жаласці тады нехта з дарослых прапанаваў падлетку шклянку з віном: “Выпі, стане лягчэй.”
Хутка Светка павесялела, пачала некаму тэлефанаваць, затрымлівацца па вечарах. Сястра вучылася ў іншым горадзе, маці дужа не кантралявала, і непаўналетняя школьніца ўдосталь часу праводзіла ў кампаніі сумніўных асоб.
Калі споўнілася 16 год, трывогу забілі настаўнікі. “Света часта прапускае заняткі, адзнакі нездавальняючыя” – на школьным сходзе Валянціну Іванаўну аглушылі расказам пра паводзіны дачкі. Дома адкрытай размовы не атрымалася, дзяўчына груба накрычала на маці і ляснула дзвярыма. Не прыйшла нанач, потым заявілася на добрым падпітку. Былі званкі з міліцыі і расказы суседзяў, што непаўналетнюю бачылі ў падвале з п’янымі асобамі. Маці кідалася шукаць рады, але выйсця не было.
Пасля пагроз аб прымусовым лячэнні Света крыху супакоілася. Здаецца, усё наладжвалася, але тут выявілася, што яна цяжарная…
Нараджэння ўнучкі бабуля чакала з трывогай. Каб толькі бязладнае жыццё новаспечанай матулі не паўплывала на здароўе малышкі. На шчасце, Ірынка нарадзілася моцнай і прыгожай. У думках жанчына спа-дзявалася, што клопат пра дачушку выправіць Свету, яна зменіцца да лепшага.
Але праз месяц дачка не з’явілася дадому. Прыйшла праз некалькі дзён забраць рэчы, і заявіла, што сустрэла спадарожніка жыцця, будзе жыць у яго.
– А Ірынка? – спалохана выдыхнула Валянціна Іванаўна, яшчэ толкам не разумеючы, што адбываецца.
– Аддай у прытулак, – адрэзала дачка, павярнулася на высокіх абцасах і прывычна грукнула дзвярыма. Заплакала малая, і жанчыне не было часу на горкія слёзы.
Тады бабуля пакінула работу і прысвяціла сябе выхаванню ўнучкі. Маці-зязюля больш не з’яўлялася, яна з’ехала з сужыцелем у іншы горад.
Прайшло 4 гады. Трывожны званок застаў Валянціну Іванаўну дома. З міліцыі прасілі дазволу сустрэцца. Яшчэ не ведаючы, аб чым пойдзе размова, жанчына адчувала трывогу. Прадстаўнікі закона з месца, куды пераехала Света, расказалі, што тая нарадзіла хлопчыка два гады таму. Малога дома білі і пакідалі галодным. Калі суседзі выклікалі міліцыю, дзіця ледзь паспелі выратаваць. Бацькоў пазбавілі правоў на выхаванне, яны стаяць на ўліку ў нарколага. Малога афармлялі ў дзіцячы дом, на ўсякі выпадак шукалі блізкіх родзічаў.
– Які дзетдом? – спалохалася бабуля і прыклала ўсе кволыя сілы, каб забраць хлопчыка дадому. Малы носіць дзедава імя. Гэта адзіны прыемны ўчынак, якога жанчына дачакалася ад дачкі, калі ўспамін пра нябожчыка-мужа гучыць у новым пакаленні.
– Коля, Колечка… – сэрца трымціць пры вымаўленні роднага імя. Цяжка было вярнуць маленькага чалавечка да нармальнага жыцця. Ён быў так запалоханы, што баяўся ўзяць любую рэч. Нават машынку вадзіў не па падлозе, а толькі па сваёй далоньцы, і бурчэў ціха-ціха, амаль шэптам. Есці ўмеў толькі хлеб. Што можна трымаць лыжку, ласавацца марожаным, ён нават не ведаў. А з цукерак будаваў домік, думаючы што гэта цацкі. Ноччу прачынаўся і заходзіў-ся ад плачу, нацягваючы коўдрачку на галоўку. У дзіцяці жыў страх, што яго зноў будуць біць.
У Валянціны Іванаўны хворае сэрца. Ёй з цяжкасцю далі дазвол на ўсынаўленне, бо ёсць рызыка інфаркту. Гэта адзінае, аб чым вельмі хвалюецца бабуля з абавязкамі маці. Каб толькі ў яе хапіла сілы падняць малых.
Старэйшая дачка жыве далёка. Яна выйшла замуж, нарадзіла дзіця. На вяселле не запрашала нікога з радні, акрамя маці. І яе папрасіла нічога не расказваць сям’і мужа пра сястру. Валянціна Іванаўна не крыўдзіцца, абы тая знайшла сваё шчасце. А ці сапраўды зразумелі б чужыя людзі іх бяду – невядома. Магчыма былі б папрокі на саму Наталлю. Маўляў, яблыка ад яблыні далёка не падае. Таму жанчына свацці сказала, што гадуе сваіх малодшых дзяцей, якіх нарадзіла пад старасць. На яе паглядзелі здзіўлена, паціснулі плячамі і страцілі цікавасць да размовы.
Бабуля вярнулася дадому, дзе яе з нецярпеннем чакаюць Ірынка і Коля. Хутка дзяўчынка пойдзе ў школу, хлапчук асвойваецца ў дзіцячым садку.
Кожную нядзелю яна ходзіць у царкву. Моліцца аб заўчасна страчаным каханым, просіць у Бога літасці да ўсіх людзей на свеце. І ціхенька паўтарае імя Святланы, шукаючы ў вышэйшых сіл дапамогі вярнуць дачку да нармальнага жыцця. Яшчэ просіць прабачэння за свае магчымыя пралікі ў выхаванні.
На сцяне – фотаздымак са шчаслівага мінулага. Мужчына прыціскае да гру-дзей маленькіх дзяўчынак, трымаючы іх на каленях, другой рукой быццам закрывае ад бяды прыгожую жанчыну з вясёлым бляскам у вачах. Цяпер у позірку той шчаслівай жонкі і маці застыў горкі боль. Яго не можа растапіць і дзіцячы смех, якім поўніцца яе дом. Як бы хацелася быць проста бабуляй, сустракаць на выхадныя дачок з сем’ямі, гатуючы прысмакі і падарункі. Потым праводзіць іх, шчаслівых, дадому, сумуючы да новай сустрэчы…
А ў яе сэрцы цяпер толькі горыч ад страт і найвялікшае імкненне замяніць малым маці, тату, дзядулю. Дзеці пакуль не разумеюць усёй праблемы, якой напоўнена іх дзяцінства. Мама паехала далёка-далёка, яна там, дзе заходзіць сонца. Так Валянціна Іванаўна сказала ім пра маці. Вечарам усе гля-дзяць на захад і чакаюць таго шчаслівага імгнення, калі самая родная прыедзе з далёкага падарожжа. Яны яшчэ не ведаюць, што таго жаданага моманту не будзе ніколі…
На развітанне Коля падарыў мне і сваёй бабулі прыгожыя букеты з адуванчыкаў. Ніхто не прасіў яго, недзе бачыў ці сам здагадаўся зрабіць прыемнае. Нарваў і прынёс, як сапраўдны джэнтльмен. Ён ужо акрыяў ад жахаў мінулага, зараз гэта вясёлы, шустры хлапчук, які не спалохаўся незнаёмкі. Яны з сястрычкай дружныя, дапамагаюць бабулі вазіцца з цестам, калі тая гатуе смачныя пірагі. Імі так прыемна пахла ў хаце, што казытала ў носе. Для іх незвычайнай сям’і гэты пах значыў намнога больш, чым проста смачную ежу. Гэта сямейнае цяпло, радасць ад зносін блізкіх, якія па волі лёсу застаюцца разам.
Вельмі крануў за душу Колін букет. Мне часта дарылі кветкі. Ружы, гваздзікі, цюльпаны. Але чамусьці гэтыя сціплыя адуванчыкі, пакрытыя прыдарожным пылам з маленькай дзіцячай далоні здаліся самымі жаданымі і дарагімі. Прытуліла хлопчыка да грудзей, каб ён не заўважыў слёзы ў вачах. Я не ведала, як змагу растлумачыць дзіцяці, чаму заплакала ад такога прыемнага падарунка.
Як хочацца верыць, што малышы, ахутаныя клопатам і любоўю адзінай роднай жанчыны, вырастуць добрымі, сумленнымі, працавітымі. Што пасталеўшы, яны не пакрыўдзяцца на ўвесь свет ад страшнага ўчынку сваёй маці. Што мы ўсе разам здолеем абараніць іх ад болю і пакуты, якія прынеслі малым самыя родныя людзі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть