Бусел просіцца ў неба
Культура

Бусел просіцца ў неба

бускаСярод шматлікіх буслянак на вясковай вуліцы ў Дзятлавічах звяртае на сябе ўвагу самаробная птушка на калодзежным жураўлі. Па задумцы майстра, бусел нібыта рыхтуецца да доўгага пералёту ў вырай, і сум ад развітання з радзімай адбіўся на яго апушчаных крылах. Каб лепш разгледзець тварэнне чалавечых рук, заходжу ў двор. Побач падказваюць, што металічныя пруткі і ўзоры на варотах таксама самастойна зроблены гаспадаром. Не церпіцца пазнаёміцца з сям’ёй Харытановічаў.
Міхаіл Кірылавіч займаецца нейкімі сваімі справамі на падворку, побач з ім жонка – Кацярына Яфрэмаўна. Ветліва сустракаюць, ахвотна адказваюць на пытанні. Выдатнае пачуццё гумару, цікавыя разважанні на хвалюючыя праблемы. Адукаванасць немаладога гаспадара вельмі здзіўляе, пытаюся, адкуль такія цудоўныя веды.
– Ды вучыцца даводзілася ўсё жыццё. Дзе па кнігах, дзе – ад лю-дзей.
Ён нарадзіўся ў 1935-ым. Маленькі хлапчук толькі пачынаў пазнаваць сусвет як пачалася вайна. Жылі на хутары. Вельмі баяліся, каб не спалілі немцы і паліцаі, якія знішчалі аддаленыя сядзібы, імкнучыся зменшыць сувязь вяскоўцаў з партызанамі. Пачуўшы свежыя весткі пра прыезд ворагаў, уся сям’я тэрмінова пакідала хату і хавалася ў кустах. Цяжэй было ў мароз, калі пальцы качанелі ад холаду, рукі міжволі калаціліся ад страху. Паратунак знаходзілі ў стагах сена на бліжэйшых балотах. Зашываліся глыбока ў духмяныя травы і заставаліся там да самай ночы.
Многа клопатаў дастаўляла гаспадарка. Хлапчук з сямі год самастойна пасвіў каровы, вучыўся запрагаць каня. Бацькі побач не было. Да вайны ён служыў у польскім войску, пасля акупацыі трапіў у палон. Дамоў вярнуўся толькі ў 1947-ым.
Нельга перадаць словамі радасць ад вызвалення. Мірнае неба, спакойнае жыццё. Міхась скончыў пачатковую школу. Калі захацеў працягваць навучанне, давялося хадзіць за шэсць кіламетраў. Сплятаў лапці, ішоў на заняткі. Да вечара самаробны абутак стоптваўся. На наступны дзень рыхтаваў новыя.
Пасля сямігодкі – работа ў леспрамгасе, потым армія. Мараком чарнамор-скага флота адслужыў 4 гады і 2 месяцы. Былі прапановы застацца ў радах ваенных, але за такі доўгі час юнак засумаваў па родных. Вярнуўся ў вёску. Для радыётэхнічнай спецыяльнасці, атрыманай у войску, не знайшлося прымянення ў цывільным жыцці. Пайшоў вучыцца ў Гомельскае вучылішча мадэрнізацыі працоўных рэзерваў, потым скончыў політэхнічны тэхнікум. Працаваў у меліярацыйнай сферы – экскаватаршчыкам, майстрам, прарабам, механікам. Калі спатрэбілася павышэнне адукацыйнага ўзроўню, скончыў партыйную школу.
Ідэалогія савецкага часу значна адрознівалася ад сённяшняй. Ён ішоў у нагу з сучаснікамі, а ў час перабудовы імкнуўся зразумець новыя погляды і незнаёмы лад жыцця. Любіў працу – яе хапала на працягу ўсяго жыцця. Цаніў дружбу – заўсёды шанцавала на адданых і верных сяброў. Верыў у каханне – сустрэў жанчыну, побач з якой паўстагоддзя прайшлі разам.
У красавіку Харытановічы адзначылі залаты юбілей сямейнага разумення і цяпла. Іх павіншавалі 2 сыны, нявесткі і ўнукі. Яны жывуць непадалёку, што вельмі радуе старых. Пры неабходнасці заўсёды прыйдуць на дапамогу.
Кацярына Яфрэмаўна таксама мясцовая. Яе нараджэнне супала з пачаткам вайны. Потым у віхуры змагання за Перамогу загінуў бацька, давялося зведаць вялікія цяжкасці за гады сталення. Расла сярод знаёмых краявідаў роднага краю. Былі цяжкасці працы даяркі і палявода ў калгасе, усю любоў і пяшчоту шчыра аддавала дзецям. Цяпер жанчына ўдзячна лёсу, што яны з мужам разам ідуць па жыццёвай дарозе, паважаюць і падтрымліваюць адзін аднаго.
Міхаіл Кірылавіч даўно на пенсіі. Адразу пакінуць работу, дасягнуўшы паважанага ўзросту, было цяжка, ды ён разумеў, што пара даваць дарогу маладым. Але і сядзець днямі каля тэлевізара – не ў яго планах. Заняўся кузняй. Гэта вельмі рэдкае майстэрства, таму ад заказаў не было адбою. Аднаму быў патрэбен плуг для каня, другім – ручныя прылады працы. Дзверцы для грубак, веснічкі і многія іншыя вырабы выдатна атрымліваліся ў руках вясковага ўмельца. Заробак быў нязначны, але задавальненне ад стасункаў з людзьмі, паўсядзённая занятасць дадавалі мужчыне радасці. Яшчэ асвоіў ганчарныя, цыркулярныя і рымарскія работы. Усё атрымлівалася выдатна. Не адзін хамут акуратна лёг на шыю каня, ды і пах свежараспіленага дрэва не аднойчы казытаў у носе духмянай смалой.
У душы жыла рамантыка. Дзякуючы ёй з’явіліся вырабы не для карысці, а больш адпавядаючыя настрою. Юнацтва, аддадзенае марскім прасторам, вылілася ў выяву цудоўнага карабля, якому адведзена цэнтральнае месца на падворку.
Талент перадаўся і нашчадкам. Адзін з сыноў выдатна малюе, ды і наогул хлопцы сталі майстрамі на ўсе рукі, чым вельмі радуюць бацькоў. Іх паважаюць у вёсцы, яны старанныя і працавітыя.
Сям’я любіць збірацца разам. Прадстаўнікі розных пакаленняў Харытановічаў за адным сталом знаходзяць агульныя тэмы для размовы, паважаюць старэйшых і разумеюць малодшых. Шчырасць – важная рыса ў адносінах блізкіх людзей.
Узрост паступова бярэ сваё, усё цяжэй Міхаілу Кірылавічу займацца любімай справай. Але больш простыя заняткі пакуль па плячы. Кошык з пакавальнай стужкі атрымаўся такі зграбны і прыгожы, што не хацелася выпускаць яго з рук. Ды і гутарка ў нас была цікавая, шкада, што хутка давялося развітвацца.
Азірнуўшыся на вуліцы, позірк зноў спыніўся на выяве самаробнага бусла. Хутка яго сапраўдныя суродзічы ад-правяцца ў зімовае падарожжа, а птушка, створаная чалавечай працай, будзе радаваць прахожых усе доўгія месяцы да наступнага летняга цяпла. З ёй, чамусьці, больш верыцца ў лепшае. А яшчэ жыве надзея, што здольнасці вясковых умельцаў не знікнуць з веяннем новага часу, і сярод сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчынак прарасце парастак выдатных талентаў, якімі так славіцца старэйшае пакаленне беларусаў.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть