Культура

Бярозавы сок

Сакавіцкае цяпло за вокнамі здзівіла нават старажылаў. Праўда іх больш рэальны погляд на жыццё яшчэ папярэджвае аб халадах і замаразках у красавіку ці маі. Маўляў, зблытаўшы час, халоднае надвор’е адумаецца і вернецца, каб спаўна адбыць сваё. Магчыма і так, бо доўгія прыклады назіранняў прымушаюць верыць прагнозам старэйшых.

А зараз можна проста радавацца незвычайна цёпламу сонцу, першай зеляніне і бярозаваму соку, які найярчэй сімвалізуе вясну.
Трымаючы ў руках шклянку гаючага напою, згадваецца даўняя легенда пра чалавека, які адначасова хацеў паспытаць хлеб і бярозавы сок. Калі намалоцяць жыта – няма соку, калі вясной шчодрыя бярозкі адораць смачным напоем – ужо скончыліся хлебныя запасы, а да новага ўраджаю яшчэ так доўга…
У дзяцінстве гэту сумнаватую легенду расказвала бабуля. Як шкада было беднага чалавека, які не мог ажыццявіць такую простую мару. І якой смачнай здавалася нам, дзецям, лустачка чорнага хлеба з кубачкам свежага бярозавага соку!
Ужо пасталеўшы, зразумела ў даўняй гісторыі больш глыбокі сэнс – пра залежнасць і адзінства ўсяго жывога на Зямлі. Але празрыстыя кроплі соку назаўсёды засталіся тым смакам дзяцінства, калі халодны не дазваляла піць бабуля, а хвіліны, пакуль ён сагрэецца ў хаце, цягнуліся недаравальна доўга.
Вяртаючыся з дарогі, заўсёды хочацца хутчэй прысесці на знаёмую лаўку ля хаты і ўдосталь напіцца соку. Як студзіць рэзкі смак, ружовага ад буракоў ці сіваватага ад сухафруктаў, кіслага напою з халоднага склепа ў спякотны майскі поўдзень!
З вясной вас, з новым бярозавым сокам!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть