Бясцэнная спадчына
Культура

Бясцэнная спадчына

летопись обагренная кровьюРэспубліканская акцыя «70 старонак Вялікай Перамогі» на працягу года ажыццяўлялася ў абласных і раённых арганізацыйных структурах ДТСААФ.

Вынікам яе стала прыгожа аформленая, надрукаваная на мелаванай паперы кніга “Летопись, обагренная кровью” (Мінск, 2015). Яна прысвечана выхаванцам абароннага таварыства — удзельнікам Вялікай Айчыннай — і ўручана ветэранам вайны ці іх нашчадкам у час правядзення юбілейных урачыстасцей. Героі кнігі — вядомыя военачальнікі, паветраныя “асы”, славутыя спартсмены і трэнеры, якіх аб’ядноўвае прыналежнасць да ОСОАВИАХИМА — папярэдніка ДТСААФ. У прадмове да чытачоў звяртаецца Старшыня Цэнтральнага Савета генерал-маёр запасу Іван Дырман — ураджэнец вёскі Бастынь. На думку нашага земляка, усе прадстаўленыя ў выданы асобы — сапраўдныя патрыёты Айчыны, на прыкладах якіх можна выхоўваць годнае маладое пакаленне грамадзян Беларусі.

Кніга знаёміць і з лунінчанінам — гэта Мікалай Феафанавіч Фролкін-Чапурноў (1921-2010).

Былы лётчык-штурмавік у Вялікую Айчынную быў адзначаны пяццю ордэнамі і трыма медалямі. Біяграфія авіятара адлюстроўвае геаграфію былой вялікай краіны. Ён нарадзіўся ў Мардовіі і закончыў авіяшколу ў Чкалаўску (Расія), а першапачаткова “ключы ад неба” атрымаў у аэраклубе ў Ашхабадзе (Туркменія). Ваяваў на 3-ім Беларускім фронце, а потым і застаўся на нашай зямлі. Вызначыўся і ў мірнай працы — дваццаць год узначальваў у Лунінцы дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне №101.

Старшыня Лунінецка-Ганцавіцкай міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Барыс Гнедзька паведаміў:

— Кніга з нарысам пра выхаванца абароннага таварыства, удзельніка Парада Перамогі 24 чэрвеня 1945 года ў Маскве, першага ў ХХІ стагоддзі жыхара нашага горада, якому прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Лунінца”, уручана сыну М. Ф. Фролкіна-Чапурнова. Адзін экзэмпляр выдання захоўваецца ў нас, яшчэ адзін — перададзены ў цэнтральную бібліятэку.

Гартаючы старонкі кнігі, знайшла яшчэ аднаго героя, чый баявы шлях пралягаў і па тэрыторыі нашага раёна.

У 1990-ыя мелі гонар неаднаразова прымаць як ганаровага госця Дзмітрыя Карпавіча Удовікава (1917-2000). Лётчык, падбіты ў першы дзень вай ны, трапіў у варожы палон, але хутка збег з канцлагера. Далучыўся да партызан. Стаў начальнікам штаба спачатку атрада імя Мікалая Шыша, а потым і арганізаванай на базе яго ў 1943-ім брыгады імя Молатава. За ўдзел у партызанскім руху быў узнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга. У мірны час кіраваў Драгічынскім і Столінскім райпрамкамбінатамі, узначальваў Брэсцкі завод жалезабетонных вырабаў.

Нарыс, прысвечаны Дзмітрыю Карпавічу, завяршаецца вершам паэта Мікалая Федзюковіча. Ён таксама мае дачыненне да нашага краю — у свой час працаваў у раённай газеце (“Ленінскі шлях” — так тады называліся цяперашнія “Лунінецкія навіны”). Будзем лічыць, што гэта прысвячэнне адрасавана ўсім ветэранам вайны, якія ў нашай рэспубліцы-партызанцы змагаліся з ворагам і перамаглі.
Таццяна ВАСІЛЬЕВА



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть