Культура

Быць гаспадынямі свайго лёсу і сваёй зямлі

Сустрэча ў камернай зале дзіцячай школы мастацтваў была прысвечана імянінніцам лютага. Святая Валянціна пацярпела за Хрыста ў пачатку IV стагоддзя. А ў V стагоддзі жыла дзяўчына, якая багацце роду змяніла на служэнне Богу. З гэтай мэтай яна пераехала ў іншую краіну і ўзяла сваё імя: Ксенія якраз і азначае “іншаземка, госця”. Сярод сучасніц часцей сустракаецца ўкраінізаваная форма імя – Аксана.
Папрасіла імянінніц па-дзяліцца пачуццямі “о себе, о судьбе, о стране”.
Выкладчыца дзіцячай школы мастацтваў Аксана Куліковіч:
– Нарадзілася ў Расіі. Імя даў бацька, магчыма, у памяць пра беларускія карані, дзе і Украіна – побач. Хрышчэнне прыняла ў 19 год. Тады даведалася, што святую ахоўніцу завуць Ксенія. Для мяне адкрыццё, што перад Пецярбургскай была Рымлянка… Мне падабаецца мая работа. Творчасць – гэта заўсёднае свята… У 565-годдзе Лунінца хацелася б адметнасцей у адзначэнні. Можна прыдумаць цікавую экскурсію. Назначыўшы пачатак, напрыклад, каля самага значнага помніка, далей даваць загадкі і пазначаць стрэлкамі арыенціры. Маршруты могуць быць рознымі, а месца канчатковай сустрэчы – самае старажытнае…
Настаўніца гісторыіліцэя Аксана Арашкевіч:
– Маё імя гучыць па-рознаму. Афіцыйна – Аксана, а дома мяне называюць Ксюша. Было б цудоўна, калі б 565-годдзе Лунінца адзначалі з большай увагай менавіта да гістарычнасці даты. З якога рамяства пачыналася паселішча? Якімі майстрамі цяпер адметны наш край? Запрасіць сюды пажадана і гараджан, і вяскоўцаў – лунінчане ж маюць рознае паходжанне. І яшчэ хацелася б убачыць славутых артыстаў родам з Лунінеччыны, якія, думаю, з задавальненнем выступілі б перад землякамі.
Дырэктар філіяла “Грамадскае харчаванне” райспажыўтаварыства Валянціна Швед:
– У аднаго з нашых сваякоў жонкай была сербка з імем Валянціна. Такая прыгожая, разумная, тактоўная. Мама і мяне назвала так, каб добрыя вартасці перадаліся. Калі падрасла, заўважыла яшчэ з дзясятак цёзак на нашай вуліцы! Што да юбілею Лунінца… Галоўнае, каб панавала прыгажосць, – у афармленні грамадскіх месцаў, паводзінах людзей, усмешках на іх тварах…
Вядучы спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валянціна Ляшук:
– Гэта імя падабалася маёй бабулі. Можа, у гонар касманаўта Валянціны Церашковай? На гэты конт сямейная легенда адсутнічае. Параўнаўча нядаўна працую ў сферы культуры, таму так захапляюся музычнымі вечарамі. Як і ўсе лунінчане, чакаю ўрачыстасцей з нагоды 565-годдзя горада. Вядома, асноўны клопат бяруць на сябе мае калегі. Але сёлета юбілей Лунінца адзначаецца ў абвешчаны на Беларусі Год гасціннасці. Значыць, ад кожнага нас залежыць, ці зробім гэта свята адметным. Хацелася б, каб лунінчане заўсёды былі добразычлівымі, ветлі-вымі, культурнымі.
Падарункам для імянінніц стаў канцэрт музыкантаў ДШМ.
Таццяна ВАСІЛЬЕВА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть