Культура

Бывай, школа!

Май – асаблівы месяц у календары. Ён такі насычаны святамі і падзеямі. З трапяткім пачуццём чакаюць яго ўсе школьнікі і настаўнікі. Калі для малодшых класаў гэта толькі пачатак жаданага летняга адпачынку, то выпускнікі прачынаюцца з трымценнем у сэрцы…
Апошні званок – хвіліны, непаўторныя наогул. Кожны з нас памятае тую радасць ад пройдзенага доўгага шляху па школьных прыступках. Тую хвалюючую невядомасць, якая чакае за парогам у дарослае жыццё…
Вось яны, героі сённяшняга дня – прыгожыя, сціплыя, крыху збянтэжаныя – выхо-дзяць на лінейку роўным строем. Малеча-першакласніца трымае ў руках званок з сімвалічнай стужкай. Яшчэ імгненне – і развітальны гук пальецца звонкай песняй, слёзы міжволі падступяць да вачэй, а рука мацней сцісне далонь суседа па парце…
Словы пажаданняў, вершы і песні ад малодшых сяброў. Яны з зайздрасцю гля-дзяць на 11-класнікаў. Чамусьці ў такім узросце не думаецца пра цяжкасці дарослага жыцця, а толькі жыве жаданне хутчэй закончыць навучанне і зведаць штосьці новае.
Падыдзе да мікрафона першая настаўніца, і стужкай кінафільма прамільгнуць у памяці дзяцінства ўрокі, школьныя прыгоды, якімі поўніліся доўгія гады сталення. Педагогі пажадаюць поспехаў на экзаменах, правільнага выбару прафесіі, высокіх балаў на тэсціраванні. Сярод розных слоў прагучаць галоўныя – здароўя, шчасця, сумленнасці, працавітасці, мірнага неба над намі…
Запамінальным застаецца апошні званок і для педагогаў. Яны ведаюць усе асаблівасці характараў, прывычкі і жаданні сваіх выхаванцаў. Так шкада развітвацца з імі – крыху непаслухмянымі, гарэзлівымі, але такімі роднымі сэрцу юнакамі і дзяўчатамі. На вачах яны раслі, памыляліся, вучыліся пазнаваць навакольны свет. З кожным новым выпускам вастрэй адчуваецца свой узрост і той прамежак часу, які ўсё далей ад юнацтва…
Заблішчаць вочы і ў бацькоў, якія захацелі ў гэты дзень быць разам з пасталелымі нашчадкамі, раздзяліць з імі радасць і лёгкі смутак. Здаецца толькі нядаўна трымаліся за іх руку спалоханыя першакласнікі, баючыся сесці за школьную парту. Як імкліва пранесліся вёсны!
І загучыць хвалюючае, шчымлівае: “Когда уйдем со школьного двора, под звуки нестареющего вальса…” – песня, непадуладная часу, якая кранае самыя чуллівыя стрункі душы ва ўсіх пакаленняў.
Будуць экзамены, першыя выпрабаванні і перамогі. Але той світанак, калі промні ўзыходзячага сонца выпускнікі сустрэнуць у поўным саставе, доўга будзе асвятляць іх жыццёвую дарогу.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть