Чакаем гастроляў “ТЭАДАНСА”
Культура

Чакаем гастроляў “ТЭАДАНСА”

ТеодансУ назве тэатральнага гуртка, які дзейнічае у СШ №3 г. Лунінца, злучыліся два запазычаныя з англійскай мовы словы: theatre — тэатр і dance — танец. Сваё існаванне пачау з верасня мінулага года, а ідэйным натхняльнікам стала педагог-арганізатар Алена БЕХ.

У актавай зале будынка было прахалодна, але дзяўчынкі, што стаялі на сцэне і асвойвалі танцавальныя “па”, здавалася, гэтага не адчувалі. Дружна павітаўшыся, папярэдзілі: “Многа нашых аднакласнікаў зараз хварэюць, вось і не прыйшлі сёння. А так нас бывае значна больш!”.

— У ролі юных артыстаў сябе спрабуюць каля 15 школьнікаў, — расказала Алена Міхайлаўна. — Спачатку хлопчыкі і дзяўчынкі выказалі жаданне займацца ў гуртку, а пазней разам выбралі накірунак сваіх тэатралізаваных пастановак — мюзіклы. Спынілі ўвагу на казцы ў сучасным фармаце “Воўк і сямёра казлянят”. Музыку і словы лёгка знайшлі ў сусветным павуцінні. З дапамогай лабаранта школы Людмілы Калянковіч стваралі касцюмы і іншую атрыбутыку.

Дэбют “Тэаданса” адбыўся ў снежні, калі казку прадставілі вучням 1-4 класаў. А ўжо ў студзені юным артыстам давялося “гастраляваць” у дзіцячым садку №6, што знаходзіцца ў Сельгастэхніцы.

Цяпер Алена Міхайлаўна разам з выхаванцамі развучваюць новы мюзікл “Муха-Цакатуха”. У планах — выступіць з прэм’ерай у сацыяльным прытулку і падарыць яго выхаванцам мяккія цацкі. Упэўнены, што дзяўчынкі і іх адзіны хлопчык Ягор Рока справяцца з пастаўленай задачай, і мы яшчэ не раз пачуем пра “Тэаданс” і яго кіраўніка Алену Бех.

На здымку: педагог-арганізатар разам з Крысцінай УДОВІНАЙ, Алінай ШЫЛЬКІНАЙ, сёстрамі Кацярынай і Людмілай НАСЕНЯ, Вікторыяй ГРЫЦКЕВІЧ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть