Культура

Чалавечнасць творыць вечнасць

Як выхаваць гуманныя, добразычлівыя адносіны моладзі да навакольных людзей? Як садзейнічаць беражліваму стаўленню да роднай прыроды? Як развіваць пачуццё цікавасці да гістарычнага мінулага? Гэтымі пытаннямі не толькі задаюцца настаўнікі Сінкевіцкай СШ, але і прыкладаюць шмат намаганняў, каб знаходзіць адказы сумесна 

з вучнямі. Чарговая тэма – “Без чалавечнасці не будзе вечнасці” – абмяркоўвалася сярод 9-11-класнікаў. Вечарыну-роздум падрыхтавалі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Надзея Рудзько і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ларыса ПЯТРОВІЧ (на здымку з вучнямі), якая была вядучай праграмы. Пасля сустрэчы адбылася наша гутарка.
– Вы паспрабавалі “разбудзіць” душы “камп’ютарнага пакалення” вельмі кранаючымі вершамі. Іх прачула чыталі юнак і дзяўчаты. Спадзяюся, што дружныя апладысменты аднакласнікаў гучалі не столькі артыстычнаму, мастацкаму выкананню, колькі тым радкам, якія выклікалі шчыры водгук.
– Такія ставім мэты, а пра іх дасягненне, пэўна, лепш меркаваць гасцям… Лейтматывам праграмы былі вершы Пімена Панчанкі. Яны напісаны даўно, а паглядзіце, якім былі папярэджаннем, прароцтвам, таму і цяпер так сучасна гучаць! Мы гаварылі пра вечнасць і чалавечнасць, а гэта тое, што не старэе з часам, а наадварот, становіцца ўсё больш надзённым. Павялічваецца колькасць сем’яў, дзе “Малыя тут з калыскі чуюць плёткі // І бачаць, як бацькі гарэлку п’юць…”. Школа чуе плач дзяцей: “Ратуйце нашы душы” – так называецца верш, але ж вельмі складана супрацьстаяць уплыву негатыўных тэлепраграм і нядобранадзейных бацькоў, панаванню ў грамадстве немаральных каштоўнасцей.
– Вы дакладна акрэсліваеце праблему, што многія людзі становяцца абыякавымі да пакут і няшчасцяў іншых. Але ж нават выкладаннем свайго прадмету заклікаеце да гуманізму і міласэрнасці.
–За гэта, перш-наперш, удзячнасць Яе Вялікасці Літаратуры. Робаты і аўтаматы, безумоўна, аблягчаюць працу людзей. Аднак нішто на свеце не заменіць ласкавы пацалунак мамы, пяшчотны позірк настаўніцы, добрае слова ўрача, цёплую далонь сябра. Зноў і зноў нагадваем вечны запавет: “Будзь удзячны за дабро, якое табе зрабілі. Не жадай людзям таго, чаго не жадаеш сабе. Будзь роўны з роўнымі, смелы з дужымі, паблажлівы да слабых, літасцівы да братоў нашых меншых. Інакш кажучы, будзь Чалавекам”. Якое шчасце, што ў Беларусі ёсць пісьменнікі накшталт Ула-дзіміра Караткевіча!
– Камп’ютар – увасабленні і зла, і дабра. Ваша праграма красамоўна даказала, што выбар – у руках чалавека. Дзеці і дарослыя пазнаёміліся са славутасцямі нашай Айчыны. Гучалі песні, якія, дзякуючы высокаму мастацкаму ўзроўню як вершаў, так і музыкі, сталі ўжо класікай. І на вачах прысутных дрэва чалавечнасці расквітнела самымі важнымі пачуццямі вечнасці.
– Раней гэта рабілі самі вучні: на выразаных з паперы лісточках пісалі словы і прымацоўвалі іх да голых галінак. Цяпер вось (настаўніца ўсміхаецца) прыцягнулі да ўдзелу сучасныя тэхналогіі навучання. Без чаго не можа жыць чалавек? Пра гэта таксама ў свой час сказаў Пімен Панчанка: “Лечыцца трава ад спёкі ліўнем,// Людзі ласкай лечацца людской”. Нельга дадаць нічога новага: наш свет выратуюць дабрыня, павага, спагада, клопат, чуласць. Таму і завяршылася праграма шчырым зваротам да вучняў. Кожны раз, кладучыся спаць, ацаніце пражыты дзень і спытайцеся ў сябе: “А што добрага я зрабіў сёння?”.
– Упэўнена: на гэта пытанне трэба даваць адказ і дарослым. Дзякуй вам за гэты напамін, за прадмет, што выкладаеце, выхоўваючы душы.
Гутарыла Таццяна
КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть