Культура

Час для ўспамінаў

ЕрмаковичиЖыццёвы шлях кожнага з нас мае адпаведныя этапы. Дзяцінства, юнацтва, сталасць… У іх свае радасці і расчараванні, якія найбольш зразумелыя равеснікам і блізкім па духу людзям. Мы маем розныя прафесіі, часта наракаем на занятасць. Але потым прыходзіць узрост, які ставіць на адну прыступку начальнікаў і падначаленых, энтузіястаў і рамантыкаў…

Склаўшы паўнамоцтвы, развітаўшыся з калектывам і атрымаўшы пенсію, чалавек таксама жыве. Праўда, цяпер яго побыт мае крыху іншы, больш спакойны расклад. Для Васіля Барысавіча і Праскоўі Міхайлаўны ЯРМАКОВІЧАЎ з Азярніцы — у мінулым клапатлівыя дні, калі не хапала часу на самыя неабходныя справы. Пяцёра дзяцей патрабавалі пастаяннай увагі, на падворку неабходна было дагледзець шматлікую жыўнасць і паспець на калгасную работу.

Але тады не думалася, што можна жыць іначай. Бо ніхто з равеснікаў не бачыў палёгкі, з маленства ўсе прывучаліся да работы. Тым больш, што нарадзіліся пасля вайны і паспелі зведаць беднасць і нястачу. Праскоўя родам з простай сям’і, але ёй было лягчэй сталець пад апекай родных. Горш давялося Васілю, які ў 5 год застаўся сіратой пасля смерці мамы. Бацька ажаніўся зноў, а пра хлопчыка клапаціліся старэйшы брат з жонкай.

Усяк даводзілася, бывалі цяжкасці, але з вышыні ўзросту памятаецца лепшае. Яно напаткала юнака ў выглядзе прыгожай суседкі Праскоўі, якую ведаў з маленства. Разам яны гулялі ў простыя цікавыя гульні і пасвілі кароў на выгане за вёскай. Дзіцячае захапленне з гадамі перарасло ў нешта большае. Шчырым пачуццям хлопец і дзяўчына далі волю на шумным вяселлі, якое адзвінела гармонікамі ў 1958-ым. Сем конных павозак імкліва несліся ў царкву, госці жадалі маладым шчасця. Вянчанне праходзіла на Тройцу, калі вясна ішла да завяршэння, і наваколле патанала ў зеляніне і кветках. Людзі гулялі і смяяліся ад душы.

Сям’і Ярмаковічаў Бог паслаў 2 дачушкі і 3 сыны. Матуля не ведала, што такое дэкрэтны водпуск. Варта было крыху адпачыць пасля родаў, як зноў знаёмая сцежка вяла на ферму. Ручное даенне патрабавала сіл, ноччу рукі нылі ад стомы. Перашкаджалі спаць малыя, але ніхто не звяртаў увагу на дробязі і нязручнасці. Такім было жыццё, і Праскоўя ішла па ім па прыкладу равеснікаў, не скардзячыся і не шукаючы лепшага. Працавітасць уласціва ўсім яе родным. На лета статак пераганялі да Лані за 35 кіламетраў ад дому. Дойка была двухразавай. Пераадолеўшы доўгі шлях па няроўнасцях і ўхабах, ужо туды заязджалі стомленымі. Трэба было справіцца з даеннем, узняць бітоны на высокую эстакаду, заехаць назад. А вечарам паўтарыць усё яшчэ раз. Цяпер Ярмаковічы жартуюць: “У адной фірме працавалі…” заўсёды быў адданым рабоце і Васіль. Пастухом ці жывёлаводам на той жа ферме. Акрамя сваіх абавязкаў муж імкнуўся дапамагчы жонцы з больш цяжкай работай. Яна доіць, ён пераносіць вёдры з малаком. Раздаваць кармы — разам, прыбраць за статкам — таксама з яго падтрымкай. Сямейны падрад даваў добры плён — надоі не змяншаліся, цяляты раслі, заробкі давалі магчымасць уладкаваць сямейны быт.

Пачыналася ўсё з родна-га кутка, дзе яны пабудавалі свой дом на малой радзіме. Непадалёку рэчка, з другога боку — шумлівыя сосны. Прасторна, прыгожа, утульна. Не было нейкай раскошы, пра якую ў савецкі час нават мала паказвалі ў кінафільмах. Жылося весела, было ўзаемаразуменне з калегамі, сяброўства з суседзямі. Сабраліся разам — ці то ў рабоце, ці ў адпачынку — як да нябёсаў узнімаліся звонкія песні, гучалі жарты. Усе былі роўныя — нікому не зайздросцілі, не імкнуліся да матэрыяльных пераваг.

Цяпер усё гэта засталося ва ўспамінах, якія часта наведваюцца ў прыгожую драўляную хату на ўскрайку вёскі. Аднойчы цяжкая хвароба надоўга выбіла сям’ю з адладжанага рытму жыцця. На шчасце, усё дрэннае мінула. Васіль Барысавіч не пакінуў абавязкі з атрыманнем пенсіі па ўзросту, яшчэ 8 год быў конюхам. Аддала ўсю сябе калгаснай рабоце і Праскоўя Міхайлаўна. Паспрабавала палёгку з пераходам на машыннае даенне ў канцы працоўнага стажу.

Цішыня супакойвае і дадае сілы. А былыя калгаснікі чакаюць вестак ад дзяцей і ўнукаў. Калі дочкі падраслі, то паехалі ў Калінінград у госці да цёткі. Ім спадабалася, таму засталіся ў далёкім горадзе ў якасці студэнтаў. А потым юнацтва ўзяло сваё — сустрэлі каханне і асталяваліся назаўсёды. Сумна старым, што з-за вялікай адлегласці рэдка даводзіцца бачыцца, але галоўнае, каб маладым добра было.

Два сыны жывуць у Лунінцы, трэці нядаўна вярнуўся да бацькоў з Расіі. У якасці самых жаданых гасцей наведваюцца ў Азярніцу 12 унукаў і 8 праўнукаў. Дзед і бабуля ўпэўнены, што менавіта ў нашчадках галоўнае шчасце і багацце кожнага чалавека. Хаця часам і пахвалявацца даводзіцца, калі ў маладых нешта не атрымліваецца, але як кранаюць іх шчаслівыя позіркі і ўсмешкі.

Над сталом спісаны лісток з назвамі таблетак і раскладам іх прыёму. Гэта для Праскоўі Міхайлаўны, каб своечасовыя лекі дапамаглі не справакаваць большыя парушэнні ў яе самаадчуванні. Васіль Барысавіч пакуль трымаецца без медыкаментаў, таму і абавязкаў па гаспадарцы ў яго больш. Праўда, яны не ідуць ні ў якое параўнанне з тым ладам жыцця, што ў маладосці. Цяпер ёсць час прысесці, задумацца, успомніць. Проста адпачыць ад мітусні і неўладкаванасці, якія некалі вельмі стамлялі.

А часам так хочацца вярнуцца ў той імклівы вір, дзе маладосць мільгацела ў неймавернай хуткасці падзей, клопатаў і перамен. Тады нават глядзелася на ўсё неяк іначай. І не верылася, што прыйдзе ўзрост, калі ўсе справы будуць зроблены, дзеці стануць самастойнымі, на падворку паменшае жыўнасці, а на вуліцы не будзе чуваць звонкіх народных песень. Але жыццё ад гэтага не страціла сваёй прыцягальнасці. Бо яно працягваецца ва ўнуках і праўнуках, якім наканавана такімі ж рознымі ўзроставымі этапамі ісці да сваіх перамог.

Марыя ЯРАХОВІЧ

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть