«Чем же, право, не красавицы, хоть и в возрасте уже!»
Культура

«Чем же, право, не красавицы, хоть и в возрасте уже!»

красоткиЦі задумваемся мы пра тое, як жывецца людзям у старасці? Пакуль нам 20 ці 40 і жыццё, як у вядомых кінагерояў, толькі пачынаецца, здаецца мы ніколі не будзем такімі бездапаможнымі. Але няўмольныя гады набліжаюць шаноўны ўзрост з неймавернай хуткасцю.
Чалавек з залішняй за-
нятасцю пазайздросціць вольнаму часу пажылых людзей. Іншыя пашкадуюць, што мала ўвагі ўдзяляюць сваім дзядулям і бабулям. Трэція паспачуваюць пенсіянерам: іх адзіноце, замкнутасці і суму.
Сярод апошніх былі і мае асабістыя меркаванні. Але ўпэўніцца, што ўзрост – не прысуд і жыць весела можна без абмежаванняў, дапамагла адна цікавая сустрэча. У Лунінецкім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва перад жаночым святам прайшло незвычайнае мерапрыемства.
У рамках праекта “Актыўнае сёння пажылых лю-дзей” свае здольнасці паказалі яго ўдзельнікі. Пяць гераінь змагаліся ў праграме пад шматабяцальнай назвай “А ну, дамы!”
Перад гледачамі паўсталі былы сувязіст Надзея Давыдчык, медработнік Марыя Максіменка, настаўніца па прызванню і прафесіі Вольга Пілевіч, жонка былога ваеннага Алена Курыловіч і Марыя Меснікава, якая прыехала з Астраўца і аддала Лунінеччыне 50 год жыцця.
Жанчыны коратка расказалі пра сябе. Цёплыя позіркі пры ўспаміне аб родных, радасць за дасягненні дзяцей і першыя перамогі ўнукаў. Але адразу здзівіў іх аптымізм і запал, які выліўся ў радках дэвізу: “Наперад і з песняй!”, “Слязам волі не даваць!”, “Любіць, не журыцца і ўсміхацца!” А жыццё кожнай з іх пачыналася з паркалёвых сукенак і кірзавых ботаў.
Такою была іх візітная картка, а наступны выхад – “Гаспадыня” здзівіў гледачоў цудоўным печывам. Кожная ўдзельніца прадставіла свае пірагі, рагалікі, кексы і пірожныя, якія выглядалі так апетытна і прыгожа, што не цярпелася імі паласавацца. Але самае смачнае пакінулі на потым, а пакуль дамы дэманстравалі свае таленты.
Песні, байкі, вершы паказалі, што да сапраўднай старасці жанчынам яшчэ далёка, бо яна наступае, калі больш хочацца глядзець тэлевізар, чым у люстэрка. А ўмела падагнаныя ўборы і акуратныя прычоскі паказалі, як многа вольнага часу ў іх забірае галоўны атрыбут жаночай прыгажосці.
Потым былі танцы. Думаеце, толькі кракавяк і падэспань? Як бы не так! Вальс, цыганачка, рок-н-рол, твіст і ламбада не здаліся ўдзельніцам цяжкімі, і яны не пасавалі перад прыгожымі “па”.
Яшчэ больш зал здзівілі нумары ў конкурсе “А вам слабо?” З захапленнем разглядвалі прысутныя падставачкі для посуду, зробленыя з гузікаў, звязаныя мудрагелістым узорам шкарпэткі і арыгінальныя сурвэткі, плеценыя самаробныя карзіны. Так танцавалі гапак, што ўсім хацелася кінуцца ў скокі. А смелыя прыпеўкі пра паўся-дзённасць, прыпраўленыя тонкім гумарам рассмяшылі кожнага.
Ну, какая я старуха,
Я любому фору дам!
Это вы, друзья, загнули,
Не судите по годам.
Ну і вядома ж, не абышлося без дэманстрацыі святочнага ўбрання. Дамы выйшлі ў шыкоўных сукенках – прыгожыя, шчаслівыя, памаладзелыя!
Вот, уже и улыбаются,
Потеплело на душе –
Чем же, право,
не красавицы,
Хоть и в возрасте уже!
Па заслугах раздзяліліся і ўзнагароды. “Абаяльнасць”, “Пяшчотнасць”, “Грацыя”, “Непаўторнасць”, “Шарм” – здавалася, арганізатары разгледзелі не толькі знешнасць, а і ўнутраны свет кожнай жанчыны.
На працягу ўсяго вечара свае прыгожыя нумары дарыў гасцям ансамбль народнай песні “Крынічанька” з гарадскога Дома культуры.
Узнёслыя словы падзякі за незабываемыя хвіліны чуліся пасля заканчэння праграмы. Гледачы ўставалі з крэслаў з усмешкай на вуснах і радасцю ў сэрцы. Удзельніцай на сцэне магла стаць кожная з жанчын. І не хацелася заўважаць, што многім цяжка ўзнімацца з кіёчкам па лесвіцы, некаторыя прынеслі з сабой бутэлечку з вадой – так, на ўсякі выпадак. Але цяпер хваробы мусяць адступіць, бо на вуліцы – свята, і нашым удзельніцам абавязкова трэба быць маладымі і задаволенымі сваім жыццём.
А нам варта прыкласці ўсе намаганні, каб людзі, якія аддалі сваю сілу і ўменне роднай краіне, не адчувалі сябе пакінутымі. Падобныя мерапрыемствы добра было б ладзіць часцей і не толькі ў райцэнтры. Колькі немаладых людзей самотна дажываюць старасць у вёсках, мужна церпячы хваробы і адзіноту. Толькі крышачку агульных намаганняў – і іх вочы засвецяцца радасцю і бязмежнай удзячнасцю. Давайце разам тварыць дабро!



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть