Чысты голас і добрае сэрца
Культура

Чысты голас і добрае сэрца

яроховичСвята ў вёсцы. Упрыгожаная імправізаваная сцэна, звонкая гамонка дарослых, вясёлы дзіцячы смех. Гледачы дружнымі апладысментамі сустракаюць выступленні артыстаў, пануе цудоўны настрой.

– Спявае Яніна Яраховіч, – аб’яўляе вядучая, і прысутныя змаўкаюць, скіроў-ваючы позіркі на высокую дзяўчыну, якая трымае ў руках мікрафон. Яшчэ імгненне – і голас самадзейнай артысткі разносіцца над наваколлем. Яго чысціня кранае так моцна, што ад сумных слоў слёзы наварочваюцца на вочы, а ад вясёлых – міжволі хочацца кінуцца ў пляс.
– Хто гэта? Адкуль такі талент? – гучаць здзіўленыя водгукі прысутных, якія ўпершыню чуюць творчасць незнаёмкі.
– Мясцовая дзяўчына, медык па адукацыі, – тлумачаць дасведчаныя.
– Яе ж месца на вялікай сцэне! Недаравальна хаваць такія здольнасці ад слухачоў… – шуміць публіка.
Выступленне заканчваецца, дзяўчына схіляе галаву, сціпла ўсміхаецца. Прыгажосцю і шармам захоплівае не менш, чым голасам…
Яніне пашанцавала нара-дзіцца 8 сакавіка. Калі ўсім знаёмым дзяўчатам сябры прыносілі па аднаму букету кветак, дык для яе ў гэты дзень заўсёды прызначалася два. Напэўна, паявіўшыся на свет сярод такой святочнасці, проста немагчыма было заставацца звычайнай дзяўчынкай, не атрымаўшы ў падарунак ад прыроды асаблівыя здольнасці. І яны сапраўды паявіліся…
Маленства прайшло ў Вульцы 2, разам з аднагодкамі хадзіла ў мясцовую школу, спасцігаючы першыя ўрокі не толькі ведаў, але і жыццёвай мудрасці. Яшчэ з дзіцячых год дзяўчынка захаплялася спевамі. Калі прыходзілі госці, апраналася ў цюль ці захутвалася ў іншую тканіну, ствараючы незвычайны вобраз артысткі. У ход ішлі біжутэрыя і старыя маміны ўборы, з якіх можна было смела мудрыць запланаваны імідж. На двары яна аздобіла пад сцэну невялікае ўзвышша з дошак і суседзі часта захапляліся цудоўным юным талентам.
Здольнасці заўважылі ў школе, і Яніна стала душой ранішнікаў і музычных конкурсаў. Святочнасць, якая суправаджала выступленне дзяўчынкі, перадавалася навакольным, і ва ўсіх быў добры настрой.
Дзяцінства заўсёды мінае хутка, незалежна ад таго, імкнемся мы хутчэй вырасці ці гатовы былі б затрымаць цудоўныя моманты сталення як найдаўжэй. Неўзабаве і для Яніны празвінеў апошні званок. На гэты час сама-дзейная артыстка мела многія ўзнагароды за сваю творчасць, значная з якіх – “Гран-Пры” ў конкурсе эстраднай песні “Надзея–2007”. З выбарам прафесіі паўстала сур’ёзнае пытанне. Хацелася прысвяціць сябе музычнай кар’еры, але яшчэ больш – быць карыснай людзям. А дзе можна лепш праявіць чалавечнасць, як не ў медыцыне? Змаганне ўнутры сябе працягвалася доўга і гуманнасць перамагла – паступіла ў Брэсцкі медкаледж.
Згадваецца момант першых заняткаў, калі многія аднакурснікі спалохаліся цяжкасцей будучай работы і адразу забралі дакументы. Яніне вучоба далася лёгка, і цяпер у дзяўчыны ў руках – запаветны дыплом. Размеркаванне атрымала ў Бярозу, у раённую паліклініку.
Здавалася б, усё атрымалася. Ёй толькі 20 год, ёсць работа і любячыя бацькі. Але жаданне спяваць, стаяць на сцэне пад воплескі публікі, часам не дае спакою. Тым больш, што ў гады студэнцтва яна не аднойчы радавала цудоўным голасам увесь калектыў установы.
– Спачатку не верылі, што гэта не фанаграма, – смяецца дзяўчына. У вачах – лёгкі адбітак суму ад няспраўджаных мар. Дзіўна, але маючы здольнасці ад прыроды ёй цяжка давалася музычная адукацыя па класу фартэпіяна.
– Ніколі не знікае хваляванне перад выступленнем, хоць сябры кажуць, што гэтага не бачна з боку, – згадвае Яніна. У размове яна больш хвалюецца пра работу, бо ўчарашняя студэнтка толькі-толькі прыступіла да абавязкаў. Спадабаўся новы калектыў, дзе цёпла прынялі і дапамаглі з уладкаваннем. Прыезд дадому на выхадныя, кароткае спатканне з сябрамі, якія са школьнай парты захавалі павагу і ўзаемаразуменне паміж сабой.
– А што далей? – спыталася, бо вельмі цікавілі яе планы, не хацелася, каб талент згубіўся ў паўсядзённасці.
– Пакуль медыцына, але не хачу забывацца і пра сцэну, – быў цвёрды адказ.
Ад душы пажадала Яніне дасягнуць усіх вышынь, якія ставіць перад сабой. Вось толькі песні ў яе выкананні вельмі хацелася б паслухаць яшчэ не раз. І пажадана ў сталічнай мнагалюднай зале, каб гонар за зямлячку перапаўняў нашы сэрцы. А словы з той песні, якую дзяўчына выконвала на вясковай урачыстасці, часта прыходзяць на памяць дзякуючы яе непаўторнаму голасу.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть