Ці будзе памятны знак на прывакзальнай плошчы?
Культура

Ці будзе памятны знак на прывакзальнай плошчы?

зоя18 красавіка – Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін

На тэрыторыі раёна знаходзіцца 107 помнікаў і воінскіх пахаванняў.

Помнікі ахвярам Вялікай Айчыннай вайны ўстаноўлены практычна ва ўсіх населеных пунктах раёна. На працягу апошніх год былі адрэстаўрыраваны ці ўстаноўлены занава памятныя знакі на месцах знішчэння вязняў гета ў Лунінцы, Мікашэвічах, Лахве і Кажан-Гарадку.
20 аб’ектаў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Сярод іх праваслаўныя храмы ў вёсках Язвінкі, Кажан-Гарадок, Лахва, Сінкевічы, Вялікія Чучавічы, Лунін, помнікі археалогіі і гісторыі.
Штогод за сродкі бюджэту, шэфскіх арганізацый, ахвяраванні грамадзян названыя аб’екты падтрымліваюцца ў годным стане і выгля-дзе. Летась на гэтыя мэты было зрасходавана амаль 30 мільёнаў рублёў. Сёлета работа працягнецца. У прыватнасці, будзе выкананы капітальны рамонт помнікаў воінскай славы ў аграгарадках Вулька 2 і Дзятлавічы, на што плануецца выдаткаваць 40 мільёнаў рублёў.
На працягу апошніх год прыкметна ўзбагаціўся спіс помнікаў, устаноўленых у райцэнтры. Да вядомых раней “Пакарыцелям космасу” на Прывакзальнай плошчы, Уладзіміру Леніну – на аднайменнай у цэнтры, Карлу Марксу ў скверы каля вакзала і памятніку-самалёту МіГ-17 на ўездзе ў райцэнтр дадаліся помнікі авіяканструктару Паўлу Сухому, народнаму песняру Якубу Коласу, пісьменніку Міколе Калінкові-чу. Да юбілею горада каля Дома Саветаў паявіўся памятны знак у гонар першага ўпамінання Лунінца, а каля станцыі Лунінец – стылізаваны паравоз ЦЭ-2099.
Пабываць тут імкнуцца госці нашага ўтульнага гарадка. Амаль паўсюдна сустракае іх дагледжаная вакол помнікаў і не толькі тэрыторыя. Работы па добраўпарадкаванню вядуцца штогод. Вось і сёлета раённыя ўлады вырашылі ўшчыльную падступіцца да навядзення парадку на Прывакзальнай плошчы. Яно і так. Сімвалічная візітоўка горада даўно перастала адпавядаць свайму высокаму прызначэнню.
Але ж не паспелі па-
чацца рамонтныя работы, як у рэдакцыі пачалі раздавацца трывожныя званкі: што будзе з помнікам “Пакарыцелям космасу”, які з 1964 года ўпрыгожвае плошчу? Як высветлілася, меркаванні падзяліліся: адны настойваюць на зносе помніка, іншыя патрабуюць захаваць яго. Паспрабавалі і мы высветліць думкі гараджан, звярнуўшыся да некаторых жыхароў Лунінца.
Міхаіл ДЗЕНІСОВІЧ, старшыня суда:
– Прыехаў у Лунінец у 1988 годзе. Мяне, як многіх іншых, помнік “Пакарыцелям космасу” не сустракаў, бо дабіраўся сюды аўтобусам. Помнік збіраюцца зносіць? Нічога экстраардынарнага ў гэтым не бачу. Ён наўрад ці мае якую б то ні было гістарычную каштоўнасць. Думаю, горад нічога не страціць ад гэтага акту.
Галіна МАР’ІНА, ветэран культуры:
– У 2015-ым споў-ніцца 60 год, як жыву ў Лунінцы. Памятаю яго зусім іншым – не такім сучасным, утульным, чыстым, добраўпарадкаваным. Яно і зразумела: столькі прайшло часу. Дарэчы, Прывакзальная плошча і плошча імя Леніна пачалі набываць свой гожы выгляд прыкладна ў той час. Людзі пастаянна працавалі на суботніках. Райвыканкам тады ўзначальвала жанчына, прозвішча яе было Зыбіна. Яна заўсёды была на суботніках на перадавым працоўным фронце. Актыўна ўдзельнічалі ў іх камсамольцы. Калі ў 1959-ым з запуску першага спадарожніка пачалося асваенне космасу, у многіх гарадах паявіліся памятныя знакі. Гэта была велізарная падзея. Неўзабаве на Прывакзальнай плошчы ў Лунінцы таксама быў узведзены помнік “Пакарыцелям космасу”. Ці трэба яго зносіць? Думаю, што ўсё-такі няварта. Няхай ён і не мае каштоўнасці, але гэта – наша гісторыя.
Віктар АЛЯШКЕВІЧ, вадзіцель:
– Тое, што будуць рэканструяваць Прывакзальную плошчу – цудоўна! Нарэшце! Думаю, пачаць неабходна са сквера, які даўно ператварыўся ў месца прытулку для аматараў “выпіўкі на хаду”. Прыбіраць яго зусім не трэба, але паменшыць у памерах – варта. Гэта дасць магчымасць пашырыць вулі-цы, што ідуць па перыметру, зрабіўшы іх больш прыгожымі і зручнымі для лю-дзей і транспарту. Што да помніка (яго, дарэчы, у народзе чамусьці клічуць “Зояй”), то прыбраць яго з цэнтра плошчы падказвае жыццё. А вось наконт таго, ці варта знішчаць… Не думаю, што гэта правільнае рашэнне. Магчыма, яму можна знайсці больш прыдатнае месца ў тым жа скверы?
Сваё меркаванне па гэтай праблеме можаце выказаць і вы, патэлефанаваўшы ў рэдакцыю 2-26-65, ці даслаўшы свой водгук на адрас: г. Лунінец, плошча Леніна,12, рэдакцыя газеты “Лунінецкія навіны”.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть