Культура

Цяпла чароўныя акорды

У гэтую лютаўскую суботу ў актавай зале СШ №4 г. Лунінца было па-дамашняму цёпла і ўтульна. Добразычлівую атмасферу стварылі педагог-арганізатар Юлія Богуш разам з вучнямі.
Шчырыя ўсмешкі, гучныя вітанні “Колькі летаў, колькі зім!”, “О, каго я бачу”, “Ба… Знаёмыя ўсе твары”, яркія букеты кветак, абдымкі – так сустракаліся былыя аднакласнікі ў фае, дзе ішла рэгістрацыя. Неўзабаве фанфары паклікалі ўсіх на святочны канцэрт. Прыгожыя вершаваныя радкі для слухачоў падрыхтавалі вядучыя – Вольга Кавалевіч і Ілья Ханаў, Аліна Гарунова і Антон Осіпаў, Вольга Караваевіч і Максім Сокал, Ганна Гурбановіч і Аляксандр Ларчанка. Са сваёй роляй канферансье яны справіліся на “выдатна”, правёўшы жартоўнае апытанне выпускнікоў-“юбіляраў”. Тыя, хто закончыў школу 20, 15, 10, 5 і год таму, прыгадвалі надвор’е першага верасня 1989-га, любімы прадмет і настаўніка, колькасць кабінетаў і вучняў у 11-ым класе, дзень нараджэння класнага кіраўніка і іншыя цікавыя загадкі.
Удзячнасць і запрашэнне ў любы час прыходзіць у “альма-матэр” выказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Людміла Паліцік. Трайным святам падзялілася настаўніца Таццяна Паграбенная (на верхнім здымку). Закончыўшы школу 40 год таму, была рада сустрэцца з вучнямі адразу двух сваіх выпускаў – 1989 і 2013. Не меншай радасцю свяціліся вочы і ў Наталлі Казанковай (у зале прысутнічаў яе першы выпуск-1999). Не сакрэт, што многія вучні называюць свайго класнага кіраўніка “другой мамай”. Як прызналася Наталля Іванаўна, дзетак усіх выпускнікоў школы лічыць сваімі ўнукамі, і з гонарам паведаміла: “У нас ужо ёсць першы праўнук!”. Навіну гледачы ўспрынялі дружнымі апладысментамі. Не шкадавалі далоняў і для юных артыстаў мастацкай самадзейнасці – Анжалікі Пахолак, Марыі Якаўлевай, Алесі Лукашэвіч і Аляксандры Мшар, удзельнікаў малодшай групы і калектыву “Абіссаль” Валянціны Бадак, а таксама танцораў з 8 “А” і 8 “В” класаў на чале з аднакласнікам Дзмітрыем Кавалевічам. Пазнаёміцца з “Полькай лунінецкай” прапанаваў разам з вучнямі Віктар Барысевіч. Поўным напружання і экстрыму было выступленне каратыстаў, якімі кіруе Дзмітрый Карасёў. Паэтычнымі здольнасцямі ўразіў усіх былы выпускнік Сяргей Баўкуновіч.
Завяршыў сустрэчу гімн СШ №4, які прысутныя спявалі разам. Апусцела зала… Ужо дарослыя людзі разышліся па кабінетах, каб за сваёй партай яшчэ раз успомніць бесклапотнае дзяцінства, хітрыкі аднакласні-каў і незабыўныя ўрокі. Урокі дабрыні, спагады і чуласці, умення выручаць у складаных сітуацыях, таленту дараваць памылкі – усяго таго, што ў жыцці цэніцца куды больш, чым матэрыяльныя каштоўнасці. Крыху было крыўдна, што на свяце адсутнічаў сённяшні дырэктар школы. Бо нам цікава, чым жыве калектыў, кім ганарыцца. Не сталі мы зайздросціць хлопчыкам і дзяўчынкам, якім даводзіцца вучыцца ў даволі прахалодных кабінетах. Спадзяемся, рамонт з заменай старых вокнаў абавязкова бу-дзе. Тым больш, што сёлета школу чакае сярэбраная дата – 25-годдзе з дня адкрыцця.
Наталля ГРУДЗЬКО, выпускніца-1999.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть