Культура

Дамоў – да каміноў, любоў – да каранёў…

кириеня– Як там мая маленькая Радзіма? – у першую чаргу спытала Марыя КІРЫЕНЯ пры нашай сустрэчы. Да яе я завітала ў Велуту, а цікавілася жанчына пра Вульку 2 – вёску, дзе вырасла, дзе засталося многа родных і знаёмых людзей. На жаль, самыя блізкія знайшлі вечны спакой на мясцовых могілках…
Бацька – Пётр Сарока быў
добра вядомы аднавяскоўцам як майстар па печах і грубках. Не адно тварэнне яго ўмелых рук сагравала дамы, дадаючы ўтульнасці і камфорту. І драўляную хату, у якой прайшло дзяцінства Марыі, Пётр Герасімавіч таксама пабудаваў сваімі рукамі. Без бензапіл і дрэваапрацоўчых станкоў уменне вяскоўца і цяжкая фізічная праца дапамаглі стварыць прыгожы і дабротны будынак. На жаль, былы ветэран Вялікай Айчыннай вайны памёр у 1984-ым. Маці Вольга Васільеўна пражыла на дзясятак год больш. Яе ў апошні шлях праводзілі шасцёра дзяцей, яшчэ чатырох некалі страцілі маленькімі.
А пасля пахавання чорнай хмарай навісла бяда і над сынамі. Чацвёра з іх адзін за адным пайшлі ў нябыт у самым росквіце сіл. З усёй вялікай сям’і ў жывых засталіся толькі Марыя і брат Канстанцін.
Апусцелы бацькоўскі дом стаў чужым, але сэрца жанчыны зноў вяртаецца ў дзяцінства. Пачыналася ўсё з казачных мар, якія наведвалі маленькую дзяўчынку. Яна нарадзілася ў 1952-ім. Спачатку жылі на лясным хутары з бясконцымі спевамі птушак і кукаваннем зязюлі. Навакольныя заліўныя лугі патаналі ў жоўтай квецені лотаці і духмяных зарасніках бэзу. Пасвілі каровы, нарыхтоўвалі сена.
Неўзабаве пераехалі ў вёску. Са школьнай праграмай Марыя спраўлялася добра, па характару была спакойная і паслухмяная. За дабрату і спагадлівасць малую любіла ўся вёска.
Пасля заканчэння школы нядоўга папрацавала бібліятэкарам у Засценку. Не пакідала ў спакоі мара атрымаць спецыяльнасць, таму з сяброўкай павезлі дакументы ў Ляхавіцкі сельгастэхнікум. Планавалі паступаць на агранома, але засталіся месцы толькі на ветфельчара. Вагаліся нядоўга, і студэнцтва захапіла ў свой хуткаплынны вір.
Па размеркаванню Марыя
трапіла ў Вялікія Чучавічы, тагачасны саўгас імя Леніна. На 12 год новыя мясціны сталі для маладога спецыяліста месцам выпрабаванняў і першых працоўных перамог. Былі і цяжкасці, але маладосць брала сваё. Аддаленасць ад райцэнтра ўспрымалася, як норма. Работа падабалася. Умелая, старанная дзяўчына хутка знайшла сяброў і памочнікаў.
Чорныя валасы, вялікія добрыя вочы, чароўная ўсмешка… Не маглі не заўважыць незнаёмую прыгажуню і мясцовыя хлопцы. Сяброўства з Іванам стала не толькі падставай для жартаў, песень і прыпевак пра “Івана ды Мар’ю”.
Светлае пачуццё пасялілася ў сэрцы. Хутка дзяўчына пазнаёміла свайго выбранніка з роднымі, а неўзабаве маладыя зарэгістравалі шлюб. Знаёмыя здзіўляліся рознасці іх характараў. Але маўклівая спакойная жонка і зусім не падобны на яе муж знайшлі разуменне паміж сабой, жылі дружна.
Нарадзіліся дзеці. Не было магчымасці надоўга заседжвацца ў дэкрэтным водпуску, работа клікала на ферму. Гумовыя боты, сумка з медыкаментамі – асноўныя атрыбуты вясковага ветэрынара. Ратаваць ад хвароб даво-дзілася не толькі калгасны статак. Пастаянна звярталіся землякі – у аднаго захварэла карова, другі прасіў падлячыць парасят. Не адмаўляла нікому, бо і сама трымала на падворку жывёлу, разумела, як шкада страчваць сваіх гадаванцаў.
Хутка стараннасць спецыяліста заўважыла і начальства. Прапанавалі пасаду галоўнага ветурача ў калгасе “Зара” і жыллё ў Велуце. Ад такой перспектывы адмовіцца было цяжка. Падумалі, параіліся на сямейным савеце і неўзабаве пачалі абжываць новы дом.
У Велуце асталяваліся назаў-
сёды. Прыступіўшы да новых абавязкаў, Марыя Пятроўна адпрацавала 26 год і пакінула рабочае месца толькі праз тры гады пасля выхаду на пенсію. Прасілі застацца і надалей, але з узростам цяжэй стала пераносіць фізічныя нагрузкі.
Адгулялі вяселлі траіх дзяцей. Цяпер Тамара жыве ў Мінску, працуе карэктарам у газеце “Звязда”. Жанна – у Століне, настаўніца фізікі і матэматыкі. Міхаіл пераехаў у Лунінец, працуе машыністам на чыгунцы. Размеранасць у роднай хаце часта парушаюць сваім прыездам 6 унукаў. Старэйшаму Алегу зараз 14 год, самай маленькай Вераніцы – толькі паўгодзіка. Малыя вельмі любяць слухаць бабуліны расказы пра вёску і казкі, якія гучаць так мілагучна і прыгожа. З дзедам Іванам таксама вельмі цікава і весела бавіць вольныя хвіліны.
А Марыя Пятроўна кожную вясну знаходзіць час вярнуцца ў мясціны свайго дзяцінства. Выканаць святы абавязак – прыбраць магілкі продкаў. Тут і навяваюцца ўспаміны, і адбаліць душа за так рана страчаных родных. Як бы хацелася сабрацца ўсёй вялікай сям’ёй за адным сталом, але… З каменных абеліскаў глядзяць маладыя ўсмешлівыя твары, нагадваючы пра незваротнасць жыцця.
Знаёмыя краявіды вяртаюць у далёкае юнацтва, адкуль пачыналася яе першая дарога. Яна не была лёгкай, але жанчына даражыць тым, як усё склалася ў яе лёсе. Здараліся сямейныя цяжкасці, часам былі праблемы на рабоце. Але, напэўна, у тым яго і асаблівасць – свае перажыванні, радасці, дасягненні.
Цяпер, з вышыні год, глыбей адчуваецца ўсё пройдзенае. Не пазнаць былыя сцежкі, па якіх маленькая дзяўчынка Марыя ішла да свайго сталення. Не знайсці той паляны, дзе быў сплецены першы вянок з цудоўных рамонкаў. І няма тых людзей, з якімі дзялілася сваімі галоўнымі сакрэтамі. Але будучае смела выглядае з цікаўных вачанятак унукаў, і боль аб мінулым саступае месца надзеі. Жыццё працягваецца ў новых пакаленнях нашчадкаў, якім наканавана ствараць сваю гісторыю.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть