Культура

Дараваць – значыць, памятаць без крыўды

Уменне жыць у згодзе з сабой, на жаль, не даецца нам з паяўленнем на свет. Гэта пазіцыя – асэнсаванне жыцця, сябе ў ім і наадварот – патрабуе пэўных навыкаў. Дараванне сабе, іншым за ўчынкі, словы, крыўдныя знявагі дапаможа захаваць здароўе.
Як гэтаму навучыцца?
Перш за ўсё, трэба “выпусціць пару” – пра крыўды, пакуты, перажыванні, пачуцці раскажыце блізкаму чалавеку, чыё меркаванне цэніце і каму давяраеце. Калі ў акружэнні такога няма, “выліце” эмоцыі на паперу. Гэта робіцца, каб не накапліваць негатыў, “зняць камень з сэрца”. Праз пэўны час, калі вы супакоіцеся, паявіцца магчымасць адэкватнага ўспрыняцця сітуацыі, разумення крыўдзіцеля, яго пачуццяў, эмацыянальнага стану ў час прычынення душэўнага болю. Паспрабуйце ўявіць, што магло б вас давесці да падобнага канфлікту. Зрабіце з яго вывады і не правакуйце новыя, пастарайцеся пазбягаць такіх сітуацый у будучым. Калі адносіны з гэтым чалавекам спыніць немагчыма (член сям’і, начальнік, калега), не нагадвайце аб тым, што было. На просьбы аб дапамозе адгукніцеся, але не забывайце дадзены ўрок.
Дараваць – гэта значыць, зрабіць пэўныя вывады. Не прапануйце дружбу чалавеку, які яе не апраўдаў. Насцярожанасць у стасунках прадухіліць далейшыя праблемы. Помста не прынясе ні ўнутранага спакою, ні знешняй упэўненасці ў сваіх учынках. Працэс даравання патрабуе шмат намаганняў і часу. Калі адчуеце, што сітуацыя з мінулага не трывожыць, не злуе, не выклікае абурэння, а чалавек словамі і ўчынкамі не выбівае вас з каляіны, працэс можна лічыць завершаным. Вы даравалі, вызвалілі душу ад пакут і крыўды.
Святлана ДЗМІТРЫЕВА, псіхолаг РЦГіЭ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть