“Дарослыя” пытанні кандыдату ў дэпутаты
Культура

“Дарослыя” пытанні кандыдату ў дэпутаты

неварррПраект «100 пытанняў даросламу» добра зарэкамендаваў сябе на Лунінеччыне. Чарговая сустрэча прайшла на базе політэхнічнага каледжа з галоўным урачом раённай бальніцы Ігарам Неварам. Запрасілі на яе і навучэнцаў сельскагаспадарчага каледжа.

Паколькі ў асноўнай масе ўдзельнікі мерапрыемства былі маладыя людзі, якія ўпершыню прыйдуць на ўчасткі для галасавання, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Рафаловіч скарыстаўся магчымасцю пагутарыць з імі, расказаць аб выбарчай сістэме краіны, адказаў на хвалюючыя пытанні і заклікаў выканаць свой грамадзянскі абавязак, бо будучае раёна і Беларусі ў цэлым залежыць менавіта ад моладзі.
А потым пачаўся дыялог. Ігар Невар расказаў пра свой жыццёвы і кар’ерны шлях і адказаў на пытанні, якія задавалі з залы. А яны, як на дзіва, былі не па-юнацку дарослымі. Хвалявалі юнакоў і дзяўчат лёс Залескай амбулаторыі і выдача там накіраванняў на прыём да вузкіх спецыялістаў, стан вуліц і дарог у горадзе і іх чысціня, адсутнасць маршрутных таксі і дрэнная транспартная сетка (асабліва – на Пнішчы), як трапіць у VIP-палату ў ра-дзільным аддзяленні бальніцы і ці не стане візіт да ўрачоў платным… Улічваючы тое, што Ігар Леанідавіч з’яўляецца кандыдатам у дэпутаты Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, спыталі, як ён будзе прадстаўляць інтарэсы моладзі ў выпадку выбрання.
Залескую амбулаторыю ў бліжэйшы час закране аптымізацыя. Па меншай меры ў другім паўгоддзі плануецца адмовіцца ад дублявання картак пацыента, будзе разгледжана магчымасць выдзялення спецыяльнага дня для наведвання вузкіх спецыялістаў жыхарамі гэтага мікрараёна. У апошні час сталі часта гаварыць пра платную медыцыну. Пакуль на ўзроўні дзяржавы гэта пытанне не разглядалася – медыцына ў краіне бясплатная. Праўда, на сённяшні дзень ёсць магчымасць, напрыклад, прайсці ўльтрагукавое абследаванне за ўласны кошт. Колькасць платных палат у радзільным аддзяленні павялічвацца не будзе, а трапіць у іх могуць усе жадаючыя будучыя мамы, галоўнае – загадзя пра гэта паклапаціцца.
Здавалася б, дарогі і смецце на іх, зусім не кампетэнцыя галоўнага ўрача раёна, але яго як жыхара Лунінца гэтае пытанне таксама хвалюе. Ігар Леанідавіч прывёў добры прыклад з кватэрай: калі мы чакаем гасцей, абавязкова наводзім парадак. Чаму б не задумацца аб тых, хто прыязджае ў наш горад і будучых нашчадках? Выхаваўшы ў сабе культуру, навучыўшыся выкідваць смецце толькі ў кантэйнеры і прыбіраючы яго з месцаў адпачынку на прыродзе, мы яшчэ больш упрыгожым нашы родныя мясціны. Што датычыць дарог, то на іх траціцца значная сума грошай з мясцовага бюджэту і работы гэтыя абавязкова будуць працягвацца, як і аптымізацыя маршрутнага руху аўтобусаў, чым займаецца аўтапарк.
Напрыканцы сустрэчы Ігар Невар пажадаў усім здароўя, стабільнасці і больш радасных момантаў у жыцці. А ў выпадку выбрання дэпутатам абавязкова знойдзе час, каб зноў сустрэцца з такімі цікаўнымі і неабыякавымі маладымі людзьмі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть