Культура

ДЛЯ КАМФОРТУ ДУШЫ І ЦЕЛА

– У сваім захапленні нічога асаблівага не бачу, – запратэставаў жыхар Палескага Аляксандр Аляксандравіч МАСЛА, калі даведаўся аб мэце нашага візіту. – Усе мы – звычайныя людзі, як гавораць у народзе, з “аднаго цеста”.

Але не аспрэчваць любімы занятак вяскоўца проста немагчыма…

Мы стаялі на беразе невялікага возера, размешчанага ў ваколіцах пасёлка, і не верылі сваім вачам. Парывы пранізлівага ветру прымушалі міжволі яшчэ больш хутацца ў каўнеры цёплых куртак і паліто. А наш герой, здаецца, нісколечкі не адчуваў мінусавой тэмпературы паветра і са шчырай усмешкай на твары… нырнуў у ледзяную палонку! Прызнацца, тут у нас нават дух захапіла… Неўзабаве Аляксандр Аляксандравіч выйшаў з вады, пачакаў хвіліну-другую і… упаў! Прама на снег! Нетаропка павярнуўся то на левы бок, то на правы: маўляў, цяпер ванны сонечныя прымаю… Маленькія кропелькі ледзяной вады так і зіхацелі на загарэлым (!) целе.

– Ну, вось. Быццам, зноў нарадзіўся – пачулася воддаль.

…Да “маржавання” Аляксандр Аляксандравіч прывык яшчэ каля 12 год таму, калі аблівацца “за кампанію” паклікаў сусед Сяргей Якоўчык. Лічыць, што вада стымулюе нервовую сістэму, аказвае спрыяльнае ўздзеянне на крывяносныя сасуды. У дамяшняй аптэчцы сям’і Масла ёсць мноства разнастайных аплікатараў і масажораў: ігольчатыя, жалезныя, пластмасавыя. Многія рэчы перадавала з Поўначы малодшая сястра. Некаторыя прывозілі самі са сталіцы. Дэманструючы “скарб”, гаспадар запэўніў: гэта на першы погляд яны здаюцца крыўднымі. На самай справе, чалавек адчувае боль толькі 2-3 хвіліны, а затым – незвычайны камфорт і расслабленне мышцаў. З задавальннем карыстаецца аплікатарамі і гаспадыня – Марыя Дзям’янаўна з дзяцінства пакутуе на суставы. Каб быць добра дасведчанымі, муж і жонка папаўняюць хатнюю бібліятэку шматлікай літаратурай па медыцыне: “Все о массаже”, “Водолечение” і інш.

Сёння Аляксандр Аляксандравіч настолькі “зжыўся” з купаннем у любую пару года, што нават не ўяўляе дня без абавязковых працэдур. “Сябруе” з кантрастным душам. Гэтае захапленне, можна сказаць, выратавала жыццё вяскоўцу. З-за высокага артэрыяльнага ціску давялося легчы ў бальніцу. І толькі дзякуючы натрэніраваным крывяносным сасудам хваробу ўдалося перамагчы!

Гэтак жа цікава і захоплена Аляксандр Аляксандравіч можа расказваць і пра былую работу. Працаваў назіральнікам: ставіў тэрмометры, сачыў за ўзроўнем грунтовых вод, вільготнасцю паветра, сонечнай актыўнасцю. І сёння не супраць заглянуць да калег і падзяліцца ўражаннямі.

Летась сям’я Масла адсвяткавала сярэбранае вяселле. Самыя шчырыя вітанні бацькам адрасавалі сын Дзмітрый, нявестка Ірына і ўнучак Ромка. Ганарацца яны талентам Марыі Дзям’янаўны, чыя “стыхія” – вышыўка, самаробныя дыванчыкі, падушкі і прыхваты, іншыя рэчы. А створанае ўласнымі рукамі аддзенне выглядае часам лепш за набытыя ў магазіне ці на рынку! Аднавяскоўцы называюць жанчыну “палачкай-выручалачкай”, бо яна ніколі не адмаўляе на просьбы дапамагчы адрамантаваць ці пашыць што-небудзь.

Развітаючыся, мы пачулі жыццёвы наказ Марыі Дзям’янаўны і Аляксандра Аляксандравіча: будзе шчасце, калі ўдасца спалучыць здаровы клімат ў сям’і з камфортам у душы і целе!


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть