Культура

Доўгі век пад цяністымі ліпамі

На падворку, згінаючыся пад павевамі ветру, разрасліся высокія магутныя ліпы. Яны перашэптваюцца аб нечым з гонкімі суседскімі бярозамі. Магчыма, расказваюць на сваёй, толькі ім зразумелай мове і пра доўгае нялёгкае жыццё сваёй гаспадыні, сведкамі якога былі на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Драўляная хатка ўсё ніжэй апускаецца да зямлі, быццам нагадваючы пра ўзрост – свой і сям’і.
Жыхарцы Бродніцы Саламоніі Сцяпанаўне Навіцкай – 94 гады. Яна – самая старэйшая не толькі ў сваёй вёсцы, але і ў навакольных. Невысокая, хударлявая жанчына са спрацаванымі жылістымі рукамі, жывым позіркам і прыязнай усмешкай. Апошнім часам пагоршыўся слых, ды і пытанні не заўсёды знаходзяць адказ сярод шматлікіх закутачкаў яе стомленай памяці. Але самае галоўнае, чым жыла, што не давала спакою і радавала, яна не забудзе ніколі.
У шэсць гадкоў дзяўчынка страціла матулю. Як страшна было тады ёй і дваім брацікам перажыць пахаванне самай ласкавай, самай мілай жанчыны на свеце. Тата з усіх сіл клапаціўся пра асірацелых малых, але без жаночых рук сялянская гаспадарка прыходзіла ў заняпад. Праз некаторы час у дом прыйшла новая гаспадыня, дзяўчына з суседняй вёскі. Мама Зіна не стала злоснай мачахай, як часта пішуць у казках. Яна змагла адагрэць маленькія спалоханыя дзіцячыя сэрцы. Самыя ўдзячныя словы ў памяць сваёй другой маме Саламонія Сцяпанаўна дасылае і цяпер. Тады сям’я яшчэ папоўнілася на малодшых браціка і сястрычку. Жыццё наладзілася, паціху ішлі гады. Але ўсё перакрэсліла вайна…
Саламоню вывезлі ў Германію. Выратоўвалі ў далёкай варожай краіне толькі цярпенне і працавітасць. Жыла ў нямецкай сям’і, якая трымала жывёлу. Дзяўчыне даручалі самую брудную і цяжкую работу па гаспадарцы: даіла, карміла, прыбірала. Спала ў прыбудове, дзе вісела конская збруя, побач з каровамі і свіннямі. Ад холаду ўкрывалася старымі лахманамі, харчавалася крупамі і бульбай. Хлеб не давалі, бо яго не хапала для фронту. Баялася без дазволу выпіць гладыш надоенага малака ці з’есці курынае яйка. Аднойчы за стараннасць гаспадар даў плітку шакаладу. Дзяўчына ніколі такога не бачыла і падумала, што гэта мыла для падлогі.
Пасля вызвалення яе прасілі застацца, але сэрца юнай беларускі рвалася на Радзіму. Дабіралася дзе пешшу, дзе на цягніку. Дарога цягнулася месяцамі. Дома ж чакала страшная галеча і боль ад страты на фронце брата Фёдара. Другі брат Андрэй застаўся з пакалечанымі нагамі.
Яе юнацтва забрала вайна.
Гэта ўжо ў старасці прыйдзе грашовая кампенсацыя, якая нічуць не аблегчыць боль за прыніжэнне і здзекі.
Але жыццё працягвалася. Большасць равеснікаў засталіся навечна ляжаць у брацкіх магілах, таму сваю палавінку светлавалосая прыгажуня з кучаравымі валасамі сустрэла не адразу. Потым неяк зблізілася і пасябравала з аднавяскоўцам Іванам, малодшым на шэсць год. Юнак быў на фронце, але пасля цяжкага ранення ў 44-ым вярнуўся дамоў. Страшныя шрамы на спіне доўга не давалі спакою. У 1949-ым яны пажаніліся без вяселля і шумнага застолля. Няпроста было жыць каля свекрыві, але пасля Нямеччыны гэтыя цяжкасці здаваліся мізэрнымі. Потым пабудавалі сваю хату і пасадзілі маленькія ліпы…
Дрэўцы падрасталі разам з малышамі, якія нараджаліся ў сям’і Навіцкіх. На жаль, траіх страцілі немаўлятамі. Нехта параіў назваць дзяўчынку Евай, маўляў, гэта засцеражэ малечу ад бяды. Цяпер Ева, Васіль, Марыя і Вольга – галоўная радасць для доўгажыхаркі. Бачылі б вы, з якім замілаваннем даглядаюць дочкі сваю старэнькую матулю! Якая цеплыня сыходзіць ад іх сэрцаў! Магчыма, у гэтай дабрыні і любові і ёсць сакрэт даўгалецця? Ды і як яе не любіць, сваю адзіную, калі яна даўно ўжо засталася ўдавой. У навагоднюю ноч 1991 года пайшоў з жыцця Іван Міхайлавіч Навіцкі. Уся сям’я і дагэтуль адчувае горыч ад цяжкіх успамінаў на зімовае свята. А тады жаночае сэрца назаўсёды сціснулася ад непапраўнай страты.
“Девчоночка “польска”, ты меня не бойся,
Я тебя не трону, ты не беспокойся…» – папулярныя радкі даўняй прыпеўкі, якую часта напяваў для яе нябожчык муж, бабка Саламоня і цяпер паўтарае з сумам у вачах. Тыя 40 год шлюбу з каханым чалавекам былі самымі шчаслівымі ў яе жыцці. Гадавалі дзяцей, працавалі, паважалі адно аднаго. Заўсёды і дзецям наказвае берагчы сваіх блізкіх, быць цярплівымі, уважлівымі і працавітымі. Усе чацвёра такімі і выраслі.
Простая сялянская праца ў агародзе і на падворку заўсёды давала жанчыне сілы і натхненне. Трымала карову, калі аслабела, завіхалася толькі са свіннямі. Цяпер з усёй вялікай гаспадаркі засталіся дзве курачкі і певень. Іх зводзіць дзеці не спяшаюцца, бо яны – адзінае, што нагадвае пра бурлівае жыццё пад цяністымі ліпамі, а звонкае кукарэканне абуджае вечную цішыню пустога двара.
Часам хто з дзяцей забірае матулю да сябе. Але надоўга развітвацца з роднай сядзібай бабка Саламоня не хоча і просіць звазіць яе дадому. Цёплая зямелька, старэнькая хата і самыя розныя ўспаміны няпростага чалавечага лёсу дадаюць ёй кропельку радасці і дапамагаюць захаваць апошнюю прагу да жыцця. А ліпы, даўнія сведкі жаночага гора і радасці, імкнуцца да неба, ахоўваючы зямны спакой сваёй гаспадыні.

У скарбонцы – гады, ў кожным нешта і добрае, й злое,
Бо жыццё, як заўжды, не дае нам да скону спакою.
З ліпы мёдам густым пояць сэрца руплівыя пчолы,
Не бывае прастым доўгі век і бясконца вясёлым.
Лёс сірочы спазнаць не дай Божа на свеце ніколі!
Дзетак родных хаваць, праклінаючы горкую долю…
Удавой дажываць… Цішыня гаспадарыць у хаце.
Толькі шчасця жадаць будзе родным бабуля і маці!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть